Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць рашэньне Рады Эўразьвязу


Валер Каліноўскі, Менск Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч перакананы, што сьпіс беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх уведзеныя візавыя абмежаваньні Эўразьвязу, будзе павялічвацца. Адпаведныя прапановы беларуская апазыцыя будзе накіроўваць кіраўніцтву Эўразьвязу.

(Мілінкевіч: ) “Некаторыя кажуць, што сапраўды яны і так нячаста езьдзяць, бо Лукашэнка ім не дазваляе, нядаўна былі апублікаваныя лічбы, што і Польшчы большасьць чыноўнікаў ня бачыла, не выяжджала туды… Але я ведаю са сваіх старых кантактаў, як балюча яны гэта ўспрымаюць, наколькі ў іх дэпрэсіўны настрой. Гэта паказвае беспэрспэктыўнасьць супрацоўніцтва з Эўропай, пакуль яны такія”.

Спадар Мілінкевіч зазначыў, што адначасова будуць прыкладацца намаганьні, каб спрасьціць паездкі ў Эўропу для звычайных грамадзянаў Беларусі.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка на падставе перамоваў, якія ён правёў разам з Аляксандрам Мілінкевічам у Страсбуры і Бэрліне, заявіў:

(Вячорка: ) “На гэтым, аднак, візавыя санкцыі, а, магчыма, і іншыя пэрсанальныя санкцыі, не закончацца. Пра гэта прынцыповае паразуменьне ў нас таксама дасягнутае, як на ўзроўні кіроўных структураў Эўразьвязу, гэтак і на ўзроўні нацыянальных урадаў”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол назваў візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў неканструктыўнымі:

(Хрол: ) “Гэтыя вось візавыя санкцыі не ўпрыгожваюць Эўрапейскі Зьвяз. Калі Эўразьвяз хоча наладжваць дыялёг зь Беларусьсю, то трэба праводзіць узважаную палітыку, палітыку ўзаемапавагі. Гэтыя вось крокі — маўляў, прыходзьце да нас у Эўропу, мы вам раскажам, як будаваць дэмакратычнае грамадзтва, але без трыццаці чалавек, гэта, на мой погляд, абсалютна аддаляе нашую краіну ад тых прынцыпаў, якія ёсьць у Эўразьвязе”.

Спадар Хрол перакананы, што афіцыйны Менск ня будзе рабіць ніякіх захадаў у адказ, як бы не заўважаючы апошняга рашэньня Рады Эўразьвязу.

Прадстаўнік БСДП “Грамада” Мечыслаў Грыб зазначыў, што ён прынцыпова супраць эканамічных санкцыяў, ад якіх у першую чаргу могуць пацярпець невінаватыя грамадзяне Беларусі.

(Грыб: ) “Што да візавых абмежаваньняў, то тут яны хоць і пашырылі гэты сьпіс, але падышлі не зусім неабгрунтавана: фактычна гэтай фальсыфікацыяй займалася ўся вэртыкаль, яны цалкам кіравалі гэтымі камісіямі. Калі ўжо абмяжоўваць, то трэба было б усіх, хто мае дачыненьне да гэтага, і паставіць у гэты сьпіс”.

Актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Палевікова, якая 8 красавіка вызвалілася з турмы пасьля 15 сутак арышту за ўдзел у акцыях пратэсту супраць несумленных выбараў, таксама перакананая, што сьпіс далёка няпоўны.

(Палевікова: ) “Але, напэўна, ня ў гэтым справа — трэба, каб у Беларусі быў людзкі суд, каб больш людзей разумела, што гэтыя людзі робяць ня тое, не паводле закону і сумленьня”.
XS
SM
MD
LG