Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эпідэміёлягі кажуць, што менскія вароны паміраюць не ад грыпу, а ад старасьці


Радыё Свабода Асабліва пільныя менчукі зьвяртаюцца ў санітарна-эпідэміялягічныя службы гораду з нагоды вялікай колькасьці мёртвых варонаў, галубоў ды качак, якіх можна ўбачыць у парках, ля вадаёмаў, дый проста на дзіцячых пляцоўках. Аднак у адпаведных структурах запэўніваюць, што да птушынага грыпу мёртвыя птушкі ніякага дачыненьня ня маюць.

Тацяна Галына жыве ў менскім мікрараёне Вясьнянка й штодня да ракі Сьвіслач, за крыты футбольны манэж, выходзіць гуляць з сабакам. Аднак апошнім часам, кажа Тацяна, такія шпацыры прыносяць шмат клопату — сабака з кустоў рэгулярна цягае здохлых варонаў.

(Галына: ) “Я кожны дзень гуляю з сабакам. На мінулым тыдні ўбачыла здохлую качку. Назаўтра іду — ляжыць гэтая ж качка і пара варонаў. На трэці дзень іду — ніхто іх не прыбірае. Я затэлефанавала ў цэнтар эпідэміялёгіі, там сказалі, што перададуць інфармацыю ў вэтэрынарны нагляд. Перадаць — добра, але як наконт таго, каб патлумачыць, што гэта ўвогуле такое? Мінуў дзень — праз дарогу зноў валяецца здохлая варона і некалькі варонаў наўпрост ля Сьвіслачы за футбольным манэжам. Я зноў затэлефанавала, і мне пачалі тлумачыць: маўляў, вароны дохнуць з голаду, а сытуацыя ўвогуле спакойная. Я кажу, што досыць дзіўна, калі ў Расеі, Польшчы, Украіне птушыны грып ёсьць, а ў нас няма... Думаю, у іх проста існуе такая ўстаноўка: у Беларусі птушынага грыпу быць ня можа, вось і ўсё”.

Спэцыялісты Менскай гарадзкой вэтэрынарнай станцыі на выклікі пільных грамадзянаў ад пачатку году выяжджалі паўтары сотні разоў. Часьцей за ўсё людзей хвалявалі мёртвыя вароны, галубы, сініцы, дзікія качкі і ў некалькіх выпадках — перапёлкі. Аднак, паводле вэтэрынараў, ніводнае ўскрыцьцё ня выявіла наяўнасьці ў птушак вірусу сьмяротнага захворваньня. Сярод названых прычынаў гібелі — пераахалоджваньне, дрэннае харчаваньне, атрыманыя траўмы ці сьмерць ад старасьці.

(Супрацоўнік станцыі: ) “Мы сытуацыю ў горадзе кантралюем. Проста тыя ж вароны, галубы, сініцы таксама хварэюць, і не абавязкова на грып. Гэта адзінкавыя выпадкі сьмерці, так і павінна быць. Проста ўсе занадта заклапочаныя праблемай, таму і ўвесь гоман. А мусяць тэлефанаваць ня нам, а ў жыльлёва-камунальныя службы, каб тыя іх прыбіралі. Гэта звычайныя трупы. Калі ўжо масавая нейкая гібель пайшла — тады, канечне, трэба трубіць. Перадусім, гэта тычыцца вадаплаўнай і хатняй птушкі, а не гарадзкой, якая нажрэцца абы-чаго ці памірае ад узросту ці чагосьці яшчэ”.

Эпідэміёлягі сьцьвярджаюць: хоць выключаць патрапленьня птушынага грыпу ў Беларусь нельга, аднак арніталягічныя станцыі ў Горадні, Берасьці, Тураве, Гомелі, Віцебску, Стоўпцах і на возеры Нарач пакуль свае функцыі выконваюць. Паводле спэцыялістаў, птушка, якая рэальна можа на сваіх крылах прынесьці хваробу, да Беларусі яшчэ не даляцела. А вось мясцовыя жыхары кшталту варонаў эпідэміёлягаў цікавяць не ў такой ступені. Аналізы ж у тых, якія ляжаць так даўно, што ўжо спарахнелі, не бяруцца.

У мінулыя выходныя на вачох жыхароў Менску некалькі дзясяткаў лебедзяў, занесеных у шэраг пераносчыкаў вірусу H5N1, пачалі абжываць невялікае вадасховішча ля спартовага комплексу ў раёне вуліцы Карбышава.

На мінулым тыдні Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня забараніла ўвоз у Беларусь прадукцыі птушкагадоўлі з Расеі пасьля таго, як былі выяўленыя выпадкі распаўсюду вірусу з расейскіх рэгіёнаў у памежныя вобласьці Казахстану. Больш жорсткі кантроль уведзены на птушкафабрыках: накладзеная забарона на іх наведваньне пабочнымі асобамі, узмоцнены кантроль за ўездам і выездам транспарту. Уладальнікам прыватных падворкаў ля вадаёмаў пагражаюць штрафамі і канфіскацыяй птушкі ў выпадку дапушчэньня кантактаў хатніх гусей ды качак зь дзікімі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG