Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"...8-га красавіка быў дзень нейкага пахаваньня, нешта добрае пахавалі..."


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 10 красавіка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня:) “Зараз паслухала “Званкі на Свабоду”. Калі лукашысты пачынаюць глупства нейкае казаць, то я адразу выключаю гук і нават ня слухаю. А вось тое, што адзін грамадзянін пазваніў і абураўся, што Мілінкевіч там па замежжу езьдзіць. Гэта ён дарэмна, бо Мілінкевіч езьдзіць па запрашэньню, ён езьдзіць туды, каб выратаваць тых студэнтаў, якіх выключылі з інстытутаў, ён спрабуе дамовіцца, каб іх там прынялі на вучобу. Гэта ён дзеля Беларусі і беларусаў стараецца. Так што дарэмна гэты спадар кажа, што ён недзе там блукае, а не знаходзіцца тут у Беларусі. А наконт Аляксандра Казуліна я проста дзіўлюся, як яго маглі аддаць у рукі гэтых катаў. Што яны там зь ім зрабілі, чаму не даюць яму слова, каб ён выступіў перад журналістамі? Хочацца пачуць яго голас. У якім стане ён там знаходзіцца? Трэба журналістам “Свабоды” дабрацца да гэтага каземата, дзе яны яго трымаюць, каб хаця б пачуць голас гэтага чалавека”.

(Спадар:) “Пачуў, як нейкі вайсковы пэнсіянэр прапанаваў студэнтам, якіх выключылі з вучобы, якія былі на майданчыку, каб яны плацілі за вучобу. Я ня ведаю, што гэта за вайсковы пэнсіянэр, ён, мусіць, быў камуністам, у якога замашкі яшчэ савецкага ўзору. Трэба гэтым маладым людзям дараваць, і каб яны працягнулі вучобу бясплатна. Гэта нашы дзеці, гэта наша дзяржава. Бо ў добрага гаспадара, сабака ня сыдзе са двара. Зь цябе атрымаўся б добры саветнік для “бацькі”. А калі б ты быў прэзыдэнтам, ты б, мусіць, усю гэту моладзь вывез бы ў Курапаты і пакараў бы. Ты, мусіць, і салдат так выхоўваў, таварыш камуніст”.

(Спадарыня:) “Хацелася б хутчэй пачуць Казуліна, каб зноў веру набыць.”

(Спадарыня:) “Хачу зьвярнуцца да 94-га году. Адкрываю газэта “Свабода”. Артыкул такі: “Народ выбраў новага “бацьку”. Цікава, чым усё гэта скончыцца?” І далей: “Мяркую, што Лукашэнка здолее пратрымацца ў прэзыдэнцкім крэсьле максымум год-паўтары”. Дык вось па вашаму радыё я чуў, як Мілінкевіч казаў, што Лукашэнка не пратрымаецца прэзыдэнтам пяць год. А калі Расея не дапаможа, то і аднаго месяца. Ну, і што цяпер? Што за плягіят? Чаму ён так кажа? Раскажыце, калі ласка, у чым тут справа? Вы хрэновыя, але ж набярыцеся мужнасьці, раскажыце, што было ў 94-м годзе і што у 2006-м. І чаму так упэўнены ў чымсьці Мілінкевіч?”

(Спадарыня, Магілёў:) “Хачу падзяліцца маім цяперашнім станам маёй душы. У мяне такое ўражаньне, што 8-га красавіка быў дзень нейкага пахаваньня, нешта добрае пахавалі. Вельмі дрэнны настрой, ня хочацца не жартаваць, няма надзеі на нешта сьветлае, ня спаць ня хочацца, ня есьці. Такое ўражаньне, што быў дзень пахаваньня. Як далей жыць? Мне ўжо 65. Хочацца ўнукам сьветлага добрага жыцьця. І як гэта ўсё перажыць? Вельмі балюча ўсё гэта я пераношу жыцьцё гэта наша цяжкае. Пэнсія 170 тысяч, за кватэру ў гэтым месяцы на 15 тысяч болей. Што далей? Калі б зьмянілася б у нас улада, шмат чаго можна было яшчэ перанесьці. Таму адзінае жаданьне дажыць да таго моманту, калі Лукашэнка ня будзе ў нас пры ўладзе”.

(Спадар:) “Прыхільнікаў перамен у нашай краіне болей, чым заяўляе афіцыйная прапаганда. Удзел у выбарах стварае ўнікальную магчымасьць, хто стаміўся ад дыктатуры, ня можа ёй супрацьстаяць адкрыта. У нас зьявіўся шанец выразіць сваю волю і паверыць у свае сілы, шанец сказаць “не” Лукашэнку. Удзел у выбарах дэмакратычна настроеных грамадзян – надзея і гарантыя супраць іх фальсыфікацыі. Скрасьці перамогу складаней, калі гэта адбываецца на вачах мільёнаў выбаршчыкаў. У выніку адмовы ўлады прызнаць сваё паражэньне, мы выйдзем на вуліцы і не насільна адстаім свой выбар. І гэта атрымаецца, таму што нас большасьць”. – Газэта “Рабочы” 9 верасьня 2001 году. Патлумачце людзям гэта, што было ў 2001-м, а што ў 2006-м, і хто гэта казаў”.

(Спадар:) “Лукашэнкаўская прапаганда кажа, што ён аб’яднае народ. Гэта ўсё хлусьня, таму што ён падзяліў народ на тых, хто “за” і тых, хто “супраць” яго. Я нават ведаю шмат выпадкаў, калі сваякі становяцца ворагамі менавіта па гэтых прычынах. Таму ён раскольнік, і трэба гнаць яго ў шыю”.

(Спадар:) “Хачу запытаць. Чаму гэты халуй Мілінкевіч езьдзіць па замежжу, грошы просіць на апазыцыю? Што ён зноў хоча страйкі тут рабіць, мітынгі на плошчы? Ён жа беспрацоўны, нам такі прэзыдэнт непатрэбны беспрацоўны. Хай едзе ў калгас, вось зараз сеяць трэба. А ён езьдзіць. Хай гаспадарку падымае!”

(Спадар:) “Хачу адказаць на пытаньне, што магло адбыцца на плошчы і г.д. Вы, як дзеці сьляпыя, зусім не разьбіраецеся. Вось чаму не прайшоў у Вярхоўны савет ніхто з БНФ? Задумайцеся, знайдзіце прычыны! Вось вам і будзе вялікі адказ, а то вы ўсё павярхоўна. Па-другое, магло б сур’ёзнае адбыцца, калі б у гэтым прымалі ўдзел людзі сталага і сярэдняга ўзросту, людзі, якія кармільцамі зьяўляюцца, якія зарабляюць, якія сем’і трымаюць, а ня тыя саплякі, якія карыстаюцца гэтымі пладамі бацькоў. Але гэтым людзям трэба паказаць, у чым жа незаможнасьць дзяржавы цяперашняй, улады цяперашняй, што можна зьмяніць і што можна, акрамя крыкаў “свабода” зрабіць”.

“Вось вы называеце гэтую моладзь, які пакрычалі там, якіх за парушэньне грамадзкага парадку прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасьці, вы называеце палітычнымі вязьнямі. Вось вы падумайце, нам, салідным людзям, з такімі палітычнымі вязьнямі ня тое, каб ісьці разам, мы разам сесьці саромеемся. А вы іх палітычнымі вязьнямі называеце! Няўжо вы настолькі неразумныя там, зусім не разумееце, у якім сьвеце вы жывяце”.

(Спадарыня:) “Слухала рэчы Лукашэнкі на інаўгурацыі. І ажно пацяклі сьлёзы зайздрасьці да таго народу, якога будзе берагчы наш прэзыдэнт. Але пра які народ гаворка? Мусіць, пра кітайскі, бо свой народ зьбіты амонаўцамі і дубінкамі, кінуты за краты, сагнаны як быдла на датэрміновыя выбары. І сэрыял працягваецца. Ужо загналі студэнтаў на інаўгурацыю. Ці тое яшчэ будзе! Цякуць сьлёзы болю за радзіму, сьлёзы сораму за такога прэзыдэнта, адзінага ў Эўропе, які ня хоча берагчы свой народ, не сваю родную мову, не культуру, не Канстытуцыю. І што ж гэта за такі народ, калі гэты прэзыдэнт народнаабраны?”

(Спадарыня:) “Хопіць малоць гэтую ваду ў ступе! Што вы нам абяцаеце? Свабода, свабода, ад чаго вы нас вызваліце? Што Мілінкевіч праедзе па Эўропе, зьбярэ для вас гэтую падаянку, нам жа ён нічога ня дасьць. Мы свабодны, мы жывем, як можам, канечне, небагата, але ж спакойна”.

(Спадарыня:) “Вялікі дзякуй Дубаўцу за перадачу “Канфлікт пакаленьняў”. Гэтыя бабулькі не адчуваюць прымусы, бо даўно пэнсіянэры. А той, хто працуе, адчувае іх па многіх напрамках жыцьця. Бабулькі, вам бы памаўчаць, а лепей падтрымаць сваіх дзяцей і ўнукаў, бо адзіная вашая адносіна з уладай – гэта пэнсія. Супакойцеся, вашую пэнсію вам будзе плаціць любая ўлада. Дарэчы, плацяць яе з заробку маладзейшых пакаленьняў”.

(Спадар:) “Вось дыктатар зьяўляецца ў форме маршала. Але ў нас такога званьня няма, самае высокае званьне ў нас генэрал-палкоўнік. Канстытуцыяй званьне маршала не прадугледжана. Гэта што форма дыктатара? Ён яе сам сабе прысвоіў? Ён ня мае права яе насіць. Яго павінен вайсковы камэндант гораду Менску арыштаваць і пасадзіць у каталажку за нашэньне формы, якая не ўстаноўлена законам. Мне ж нельга апранаць вайсковую ці міліцэйскую форму”.

(Пэнсіянэр Мікола, Віцебск:) “Лукашэнка адзіны прэзыдэнт у сьвеце, які не валодае роднай мовай. Ён стварыў вакол сябе атмасфэру хітрасьці, прыпісак, ашуканства. Калі ён шоў першы раз у прэзыдэнты, ён абяцаў вярнуць народу савецкія ўклады, калі яго выберуць. Вось ужо трэці ці чацьверты раз ён прэзыдэнт, а пра вяртаньне ўкладаў народ забыў. Яго трымае пры ўладзе мафія, якую ён добра падкормлівае, а народ жыве ў галечы”.

(Спадар:) “Сёньня наш Філарэт благаславіў і даў наказ Аляксандру Рыгоравічу, які пахвальна адгукаўся і даваў высокую пазытыўную адзнаку фюрэру. Сёньня Беларусь нагадвае Германію 29-33 году. Так што, людзі, будзьце пільнымі!”

(Спадар:) “У свой час глава парлямэнту Шушкевіч падпісаў дакумэнт аб вывадзе з тэрыторыі РБ ядзернай зброі. Безумоўна, статус нэўтральнай краіны быў вельмі неабходны для нашай Беларусі. Але ў мяне закрадаецца думка, каб гэтага не было зроблена, можа тады наш калгасны фюрэр пачаў бы размахваць ядзерную дубіну, а ЗША і Эўразьвяз знайшлі б тады спосаб уціхамірыць нашага дыктатара. А так, быццам нікому не пагражае, вярнуў у краіну савок, растаптаў пачаткі дэмакратыі, сьмешыць пэрламі пра вершы Быкава, пра працу Скарыны ў Санкт-Пецярбургу. Ну, стаў неафіцыйным алігархам, нясе з экранаў поўнае глупства, але як пранікліва – цёмныя бабулі ў поўным задавальненьні: “Ну, як ладна гаманіць!” Пакуль Эўропа і ЗША ня выдзяляць сродкі на пакрыцьцё ўсёй нашай краіны моцным тэлевізійным сыгналам, які немагчыма будзе заглушыць, каб супрацьстаяць тым брыдкім ідэалягічным памыям, якія льюцца на галовы беларусам амаль што з усіх каналаў, аранжавага ці джынсавага выніку ня будзе. Аднак заходнім спадарам ня хочацца раскашэльвацца, забылі, што было ў часы Гітлера. Гісторыя ніколі нічому ня вучыць – гэта вельмі сумна. Што думае наконт гэтага паважаны Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч?”

(Спадар:) “Быў у вёсцы. Зьдзіўляе дэзінфармацыя людзей. Яны атрымліваюць скажоную інфармацыю, глядзяць толькі БТ, ОНТ, слухаюць толькі афіцыйнае радыё. Адсюль выснова: патрэбны тэлеканал і радыёканал апазыцыі ці ўрада ў эміграцыі, якія будуць бесперашкодна прымацца на ўсёй тэрыторыі Беларусі”.

(Спадар:) “Паказвалі па тэлебачаньню, як дыктатар паехаў у палац на плошчу. Такога я ня бачыў ні ў воднай краіне. Калі ён ехаў, былі пустыя вуліцы, ніхто яго не сустракаў, ніхто не махаў зялёна-чырвонымі сьцягамі. Дзе былі людзі, дзе былі гэтыя 83% яго выбаршчыкаў, які шлі датэрмінова галасаваць за яго? Толькі гэтыя “чорныя пантэры” ды міліцыя стаяла праз кожныя 10 мэтраў. Значыць, яго людзі не паважаюць”.

“Вось была інаўгурацыя. Хачу сказаць, якія нахабныя, як кажуць у народзе, морды, фізіяноміі ў гэтай Ярмошынай, у дыктатара. Як толькі нахабнасьці хапіла сказаць, што 90% за яго прагаласавала і 83% ён набраў галасоў! Якое нахабства! Але ж яго прызналі нелегітымным. Значыць, ён ня мае права падпісваць дакумэнты. Эўразьвяз і ААН не павінны прымаць дакумэнты з ягоным подпісам. Значыць, трэба паўторныя выбары рабіць. Хай ён пераможа, але хай набярэ свае галасы”.
XS
SM
MD
LG