Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговыя акцыі пратэсту супраць інаўгурацыі Лукашэнкі


Радыё Свабода У Берасьці пасьля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі прайшло 5 пратэстных флэш-мобаў з удзелам каля 100 чалавек, пераважна моладзі,– паведаміла “Свабодзе” актывістка дэмакратычнага руху з гэтага гораду Ірына Лаўроўская.

Увечары ў нядзелю маладыя людзі сабралася на цэнтральнай плошчы горада і каля кінатэатра “Беларусь”. Яны скандавалі “Жыве Беларусь!”, а потым былі ўзьнятыя бела-чырвона-белыя сьцягі. Міліцыя не чакала такіх паводзін і не пасьпела спыніць акцыі апазыцыйнай моладзі. Яшчэ дзьве пратэстныя акцыі ў Берасьці прайшлі ў суботу.

А ў Менску ўвечары ў нядзелю некалькі сотняў людзей прыйшлі да Траецкага прадмесьця, запалілі сьвечкі і стаялі ланцугом каля 15 хвілін.

Магістранты-завочнікі Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсітэту закончылі сваю першую сэсію ў Вільні пікетам перад будынкам амбасады Беларусі. Пікетоўшчыкі пратэставалі супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі як незаконнага кіраўніка Беларусі і заклікалі літоўцаў не забывацца, што побач – краіна, дзе пануе дыктатура.
XS
SM
MD
LG