Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бярозоўскім раёне плянуюць наладзіць вытворчасьць чорнай ікры


Радыё Свабода

Ці спыніць Эўропа бізнэс-кантакты зь Беларусьсю й такім чынам перастане ўскосна падтрымліваць рэжым Лукашэнкі? Артыкул на гэтую тэму публікуе сёньняшняя “Белгазета”. Як вядома, Эўрапарлямэнт на тыдні заявіў пра тое, што нізкая эфэктыўнасьць палітыкі Эўропы ў дачыненьні Беларусі зьвязаная з безадказным стаўленьнем Масквы. Між тым, як адзначае аглядальнік газэты Сяргей Жбанаў, Расея фактычна перастае падтрымліваць Лукашэнку: абвешчана пра падвышэньне коштаў на газ, летась доля Расеі ў структуры беларускага экспарту скарацілася амаль да 36 адсоткаў, а больш за 44 адсоткі экспарту прыпадае якраз на краіны Эўразьвязу.

Газэта піша й пра тое, што эўрапейскія посьпехі экс-кандыдата Аляксандра Мілінкевіча ня могуць не нэрваваць беларускія ўлады. Аднак ці будзе вялікі плён ад гэтага турнэ? Ці здолее апазыцыя пратрымацца ў новых умовах? Таксама ў сьвежай “Белгазете” можна знайсьці артыкул “Дазваніліся да пракурора” – у ім апавядаецца пра былых супрацоўнікаў падаткавых службаў і экс-міліцыянта, якіх вінавацяць у крадзяжы мабільных тэлефонаў.

З новага нумару газэты “Белорусы и рынок” можна даведацца пра тое, чаму ў Беларусі пацярпеў фіяска праект па зборцы легкавых грузавікоў. А ў артыкуле “Ідэя прыватная – карысьць агульная” можна прачытаць пра вядомага калекцыянэра й кіраўніка культерна-асьветніцкага клюбу “Спадчына” Анатоля Белага. Апошнім часам імя гэтага чалавека зьвязанае з адкрыцьцём у Старых Дарогах першага ў Беларусі прыватнага музэю выяўленчага мастацтва.

“Брестская газета” піша пра найбуйную рэгіянальную выставу-кірмаш у Беларусі “Берасьце. Садружнасьць-2006”. Выстава распачала сваю працу 4 красавіка. Таксама ў газэце можна прачытаць пра тое, што ў Бярозоўскім раёне плянуюць наладзіць вытворчасьць чорнай ікры. А яшчэ са сьвежага нумару “Брестской газеты” можна даведацца пра тое, што шлюб падоўжвае маладосьць. Так, жанатыя мужчына выглядаюць у сярэднім на год маладзэйшымі за свой біялягічны ўзрост, на карысьць ім ідзе й бацькоўства. А вось жанчынаў мацярынства маладзейшымі ня робіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG