Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску будуць судзіць актывістаў КХП-БНФ


Радыё Свабода Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску будуць судзіць пяцёх чальцоў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, якія выйшлі 7 красавіка на Кастрычніцкую плошчу пратэставаць супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. А ў судзе Першамайскага раёну будзе абвешчана рашэньне ў справе лідэра АГП Анатоля Лябедзькі супраць Белтэлерадыёкампаніі і яе старшыні Аляксандра Зімоўскага.

У суд Цэнтральнага раёну прывязуць пяцёх сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, якіх затрымалі ўвечары 7 красавіка пад час разгону акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Намесьніка старшыні партыі Юрася Беленькага, а таксама Ўладзіміра Мікалаева, Ільлю Шыманскага, Эдуарда Бокага і Уладзіміра Богача абвінавачваюць ў правядзеньні несанкцыянаванай вулічнай акцыі.

7 красавіка яны выйшлі на плошчу з расьцяжкамі: “Не – фашызму!” і нацыянальнымі сьцягамі. Паколькі Юрась Беленькі выступіў перад прысутнымі, яго абвінавацілі ў арганізацыі акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. За некалькі хвілінаў да свайго выступу, ён казаў “Свабодзе”:

(Беленькі:) “Ёсьць грамадзяне, якія не пабаяліся ўсіх гэтых акцыяў застрашэньня, брутальных, цынічных; грамадзяне, якія ўсё роўна адкрыта кажуць, што выбары былі сфальсыфікаваныя. Мы мусім пра гэта заявіць і будзем заяўляць у той форме, у якой будзе магчыма.”

Юрасю Беленькаму пагражае арышт ад 10 да 15 сутак, астатнім –ад 3 да 15.

У судзе Першамайскага арёну сёньня будзе абвешчана рашэньне ў справе Анатоля Лябедзькі супраць старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, які з’яўляецца аўтарам фільму “Тэорыя змовы: кіраваны хаос”. Апазыцыйны палітык патрабуе, каб суд абараніў ягоныя гонар і годнасьць і спагнаў з аўтараў фільму і кампаніі ў якасьці кампэнсацыі 1 мільярд рублёў.

Анатоль Лябедзька заявіў у судзе, што Аляксандр Зімоўскі карыстаецца мэтадамі гебельсаўскай прапаганды. Ён паведаміў, што зьвярнуўся ў міністэрства ўнутраных справаў, каб там далі ацэнку творчасьці старшыні Белтэлерадыёкампаніі.

У судзе Першамайскага раёну сёньня таксама пачнецца разгляд крымінальнай справы Антона Філімонава і трох непаўнагадовых хлопцаў. Іх абвінавачваюць у вырабе і распаўсюдзе падробленых грошай. Хлопцы тлумачылі сьледчым, што папросту паспрачаліся чый кампутар найлепшы. Антона трымалі пад вартай з 27 сьнежня да 13 сакавіка, пакуль не адпусьцілі пад заклад.

Сваякі хлопчыка непакояцца за ягонае здароўе. Пасьля жорсткага забойства маці, журналісткі Веранікі Чаркасавай, ён паўтары гады жыве ў стрэсе і прапусьціў амаль два гады паўнавартаснай вучобы ў школе. Яны спадзяюцца, што суд улічыць узрост Антона, абставіны справы і не вынясе жорсткага пакараньня.

Гаворыць Уладзімір Мялешка, дзед Антона Філімонава:

(Мялешка:) “Мы спадзяемся, што, улічваючы шчырае раскаяньне Антона, бо ён разумее, што глупства прывяло да крыміналу… Як ён сам казаў, што, калі пасядзіш у СІЗА, то ўсё бачыш па-іншаму… Жорсткі ўрок.”
XS
SM
MD
LG