Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бацькі і дзеці: эгаізм старасьці


Сяргей Дубавец, Вільня Этэр 9 красавіка 2006 году.

Беларускі канфлікт пакаленьняў гэтай вясной разгарэўся ня столькі паміж бацькамі і дзецьмі, колькі паміж апалягетамі саўка і абаронцамі свабоды ў рознакаляровых намётах на цэнтральнай плошчы ў Менску.

Мы хочам жыць інакш, чым жылі нашы бацькі і дзяды, дай Бог ім здароўя і даўгалецьця. Так прыблізна разважаюць студэнты. А мы хочам жыць так, як мы жылі ўсё сваё савецкае жыцьцё, бо мы да яго прывыклі. Так прыблізна разважаюць пэнсіянэры. А паколькі пэнсіянэраў у Беларусі колькасна болей, чым студэнтаў, улады выконваюць пажаданьне старэйшых, і маладзейшыя жывуць у тым сьвеце, да якога прывыклі пэнсіянэры. Вось сутнасьць таго канфлікту пакаленьняў, які апошнім часам прайшоў ці не праз кожную беларускую сям’ю і выплеснуўся ўрэшце рознакаляровымі намётамі на цэнтральнай плошчы ў Менску.

У тэксьце або ў падтэксьце многіх камэнтароў да падзеяў на Плошчы гучыць дакор да пакаленьня дарослых, якія пакінулі ў небясьпецы дзяцей, а самі адправіліся далей ад амону, ад марозу і голаду, ад пляцавага няўтулку ў свае цёплыя кватэры – адпачываць. Тыя дарослыя, што заставаліся зь дзецьмі на ноч, былі выключэньнем з правіла, бо сотні абаронцаў Плошчы, а пасьля – сядзельцы турмаў – гэта маладыя людзі студэнцкага веку. Дарослыя, якія зьбіраліся па вечарах у шматтысячны натоўп, ніколі не пагодзяцца, што хацелі перамен менш за дзяцей, але не падтрымалі іх начную акцыю. Іх нельга вінаваціць, бо ня кожны чалавек здатны на рамантычны подзьвіг. У нашым выпадку здатным на подзьвіг аказалася пакаленьне дзяцей, а ня іх бацькоў і дзядоў. Але тут якраз канфлікту пакаленьняў не было. Ён разгарэўся не на Плошчы, а ў шырэйшай плоскасьці – жаданьня або нежаданьня перамен. Праўдзівых вынікаў мінулых выбараў ня ведае ніхто, бо хутчэй за ўсё ніхто нічога не падлічваў. Таму рызыкну дапусьціць, што і галасавалі за перамены ў большасьці – маладыя.

Слухачы Свабоды ў сваіх званках па-рознаму тлумачаць той канфлікт пакаленьняў, які выявіўся ў падзеях сёлетняга сакавіка:

(Званок: ) "Добры дзень, Свабода. Тэлефануе пэнсіянэрка зь Менску. Хачу адказаць на пытаньне: чаму частка пэнсіянэраў агрэсіўна настроеныя да людзей, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу, каб выразіць свой пратэст? Я лічу гэтых людзей сапраўднымі героямі. Сярод іх шмат студэнтаў і наогул адукаваных людзей. Да іх голасу і нам трэба прыслухацца, бо яны хочуць жыць, а мы – выжываем. Сярод нас, пэнсіянэраў, ёсьць асаблівая катэгорыя, якая атрымлівае пэнсію ў тры-чатыры разы большую за нашу пэнсію. Яны проста бароняць сваю пэнсію, таму выступаюць за гэты ўрад".

(Званок: ) "Безумоўна, людзі, якім за 50, у асноўным – прыхільнікі цяперашняй улады з прычыны савецкага мысьленьня. Мінулае чэпка трымае сваёй лапай. Аднак нельга ня бачыць, што пры гэтым рэжыме вырасла шмат маладых людзей, якім абсалютна чужыя дэмакратычныя каштоўнасьці, якія купленыя ўладай альбо адурманеныя дзяржідэалёгіяй. Са свайго досьведу магу сказаць, што нават калі сваякі ці знаёмыя зьбіраюцца з нагоды нейкіх сямейных сьвятаў, тэма палітыкі, як правіла, узьнікае і, як правіла, сканчаецца канфліктам, слоўнай перапалкай антылукашыстаў і лукашыстаў. Ня можа быць лідэрам дзяржавы чалавек, які ўнёс раскол нават у сем''і. Калі муж за прэзыдэнта, а жонка супраць, ці наадварот".

(Званок: ) "Так, частка пажылых людзей ня хоча перамен. Але гэта ня іх бяда. Бяда ў тым, што бальшавіцка-лукашысты зрабілі тэлебачаньне і радыё суцэльнай хлусьнёй. А іншай інфармацыі ў іх няма".

(Званок: ) "Я таксама пэнсіянэр, але я не падтрымліваю Лукашэнку. Гэта людзі непісьменныя, жабракі. Пэнсія маленькая. І яны самі кажуць: няма за што пражыць. А прапаганда гаворыць: прыйдзе Мілінкевіч, пэнсіі плаціць ня будзе. Таму нельга казаць – адныя старыкі. І маладыя тое самае. Яны баяцца згубіць работу на разваленым заводзе. Там ён атрымае хоць 200 тысяч, а прыйдзе Мілінкевіч, ён усё прадасьць. Яны будуць рабамі. А тое, што яны рабы Лукашэнкі – гэта іх не хвалюе. Так што гэта ўсё непісьменнасьць людзей і прапаганда".

(Званок: ) "Я лічу, што жаданьне ці нежаданьне пераменаў ня мае ўзроставай мяжы. Больш за тое, жаданьне нацыянальна-дэмакратычных зьменаў для нашай краіны ня мае і адукацыйнай мяжы, і прафэсійнай, і элітарнай. Прасьцей, напрыклад, адносіць сябе да дэмакратычных пісьменьнікаў сьвету, пісаць на расейскай мове, чым быць сьвядомым беларускім паэтам ці пісьменьнікам. Прасьцей бачыць сябе ў шэрагах глябалістаў, забыўшыся на ўсё роднае".

(Званок: ) "Канфлікт пакаленьняў мае месца. У большасьці выпадкаў несправядлівасьці вашыя дзеці нават скардзіцца вам ня будуць. Дакладна так, як вы самі ня скардзіліся сваім бацькам. Калі мой бацька гаўно, прабачце за праўду жыцьця, дык які сэнс яму скардзіцца? – думае дзіця. У лепшым выпадку, ён нічога ня зробіць, а то яшчэ і дабавіць. А потым накруціць сябе, спрабуючы адмовіць сваё бясьсільле, бяспраўнасьць і жабрацкае існаваньне, і яшчэ раз дабавіць".

(Званок: ) "Я лічу, што канфлікт пакаленьняў маецца. Яго аснова – няправільнае выхаваньне людзей як старэйшага пакаленьня, так і малодшага. У нашым грамадзтве страчанае пачуцьцё адказнасьці за свае дзеяньні ці бязьдзеяньне. Гэтая ўсеагульная безадказнасьць культывавалася ў нас амаль сто гадоў. У выніку старэйшае пакаленьне цьвёрда ведае, што ўсё залежыць ад таго, як вырашыць начальства – так і будзе. Моладзь адчувае гэтую безадказнасьць і вінаватасьць старэйшага пакаленьня за пагаршэньне жыцьця. Аднак выхаваныя ў духу безадказнасьці, многія маладыя людзі паводзяць сябе гэтаксама безадказна. Ня ходзяць на выбары, а калі й ходзяць, дык выбіраюць па ўказцы збоку ці зьверху, г. зн. безадказна. Відавочная розьніца з канфліктам пакаленьняў 19 ст., калі канфліктавалі нігілісты і манархісты, а цяпер гэта канфлікт бесталковых канфармістаў – маладых і старых".

* * *

У літаратуры гэтую зьяву называюць “эгаізмам старасьці”. Калі сьвет, якому жыць, аказваецца ў палоне сьвету, якому дажываць. Калі заўтра ператвараецца ў вечнае ўчора. Калі пэнсіянэр дзед Вася зацята пляскае ў ладкі афіцыйнаму курсу на міжнародную ізаляцыю ўласнай краіны ня столькі ад таго, што нешта ва ўсім гэтым разумее, а таму што ў гэтым добра разьбіраецца ягоны ўнук Васіль, якому дзед Вася яўна прайграе і ў дасьведчанасьці, і ў гатоўнасьці да адкрытых кантактаў з замежжам. “Эгаізм старасьці” мае ў сваёй аснове трывіяльную і часта неўсьвядомленую зайздрасьць да маладосьці і жаданьне пакараць маладых ужо толькі за тое, што яны маладыя.

Тут важна ўдакладніць, што гаворка зусім не абавязкова ідзе пра біялягічны ўзрост. Сярод тых, хто стала тэлефануе на Свабоду і выказваецца за перамены, большасьць якраз пэнсіянэры. Таму гаворка ідзе пра жаданьне і нежаданьне перамен, пра эгаізм тых, хто жыве ў каардынатах мінулага і робіць усё, каб у гэтых каардынатах заставаліся ягоныя дзеці і ўнукі на ўсю пэрспэктыву іхнага існаваньня.

Ваша вясковая бабуля можа нічога ня ведаць пра інтэрнэт, не плянаваць паездак у Эўропу і не займацца арганізацыяй уласнага бізнэсу. Але яна можа падтрымліваць свайго ўнука, які ўсё гэта ведае, плянуе і арганізоўвае, толькі таму, што яна яго любіць. Яе ўнук за перамены. Што ж, разважае яна, я ня мушу замінаць яму жыць. Маё пакаленьне нагаравалася, дык няхай хоць унукі пажывуць па-людзку ў адкрытай і заможнай, свабоднай краіне.

Ёсьць у Беларусі такія дзіўныя бабулі. І шмат іх. Але абсалютная большасьць іхных раўналеткаў разважаюць па-іншаму. Сапраўды, мы за жыцьцё нагараваліся і ніколі яшчэ не жылі так спакойна і без прымусу, з такім рэгулярным забесьпячэньнем. Ну проста рай нейкі на зямлі! Чаго яшчэ хацець? Абы толькі здароўе. Розьніца паміж развагамі першай і другой бабуль у тым, што ў думках другой бабулі няма месца для ўнука. Тым часам для ўнука бабулін “рай на зямлі” – цесны, задушны, усё больш падобны да турмы, у якой няма ні адкрытага сьвету, ні шырокай інфармацыі, ні магчымасьці разгарнуць сваю справу.

У гэтым сьвеце павінна нешта зьмяняцца. Наколькі б правільна і добра ні быў уладкаваны сьвет вакол нас, мы хочам, каб ён зьмяняўся. Каб у нас не было адчуваньня, што мы ўжо дзесяць гадоў стаім на адным месцы. Па самым вялікім рахунку, палітыка тут ні пры чым. Мы працівімся адчуваньню спыненага жыцьця. Мы за рух, а гэта і значыць – за свабоду, бо няма большае несвабоды, чым застой, і няма больш стабільнае ўстановы, чым турма. Калі не лічыць, вядома, труны.

Свабода зусім не абавязкова робіць жыцьцё больш сытым. І калі вам скажуць, што найлепшая сытуацыя ў Нарвэгіі, дык вы наўрад ці знойдзеце такога нарвэжца, які б на сваё жыцьцё не наракаў зусім. Але ягоны скаргі ня будуць пачынацца са слова – несвабода. Шчырасьцю нарвэжца звычайна карыстаецца тэлевізійная прапаганда таталітарных краін – яна паказвае, як нарвэжац наракае на жыцьцё, чым знаходзіць спачуваньне ў сэрцах сваіх грамадзян, якія ні на што не наракаюць, бо пазбаўленыя такой магчымасьці ў сродках масавай інфармацыі.

Чым менш у цябе свабоды, тым менш крытычна ты глядзіш на свой быт. На вайне як на вайне, у турме як у турме.

Свабода – эфэмэрная мроя вольнага палёту – кранае сэрца незачарсьцьвелае і маладое. Не ва ўзросьце тут справа, а ў стане сэрца. Хоць найчасьцей так выходзіць, што сэрца чарсьцьвее разам з узростам. Перамен хочуць тыя, хто яшчэ ня страціў саму гэтую здольнасьць – чагосьці хацець. А паколькі ў нас гэта даецца не праз выхаваньне і адукацыю, а толькі само сабой – біялягічна – таму перамен звычайна хоча моладзь.

Недзе ў прагнозных дакладах ААН даводзілася чытаць пра тое, што да сярэдзіны 21-га стагодзьдзя “эгаізм старасьці” як зьява будзе прызнаны і адэкватна ацэнены чалавечай цывілізацыяй. Крый Бог бачыць у гэтым узаконеную абыякавасьць маладых да сваіх бацькоў і дзядоў. Наадварот. Толькі тады маладыя змогуць паўнавартасна клапаціцца пра старых, калі тыя ня будуць сваёй воляй паралюшаваць свабоду дзеяньняў маладых і тармазіць разьвіцьцё ўсяго грамадзтва.

Мы ня хочам жыць вашымі ўспамінамі і сэнтымэнтамі, – кажуць маладыя, – мы хочам глядзець наперад, бо прыйшоў наш час уладкоўваць гэты сьвет. А вы жывіце, – настойваюць старыя, – вы БУДЗЕЦЕ так жыць, таму што вас – меншасьць і з кожным годам робіцца ўсё меней, натуральна, за кошт таго, што ўсё болей робіцца нас. Таму МЫ вызначаем парадак і выбіраем прэзыдэнта нашае старасьці і нашага эгаізму. Не зьдзіўляйцеся, што гэта кожнага разу – той самы прэзыдэнт. На апошняй пераправе каня не мяняюць.

Затарможаная цывілізацыя – вось да чаго вядзе эгаізм старасьці і што афіцыйныя менскія ўлады называюць – сваім шляхам разьвіцьця.

Найбольш выразна, на маю думку, акрэсьліў гэтую зьяву нейкі беларускі бізнэсмэн, які зарабляе грошы ў Маскве. На пытаньне, за каго ён будзе галасаваць на выбарах, ён адказаў – за дзейнага прэзыдэнта. І патлумачыў: а што, мне падабаецца, што мая родная Беларусь застаецца савецкім запаведнікам. У Маскве, дзе ён мае свой бізнэс, шалёны рытм жыцьця, усё ажно віруе, і яму прыемна час ад часу прыяжджаць у Беларусь, нібы ў ціхую правінцыйную затоку, нібы ў дзяцінства.

(Званок: ) "Надаела слухаць! Усё Мілінкевіч, Казулін, студэнты падымаюць паўстаньне. Што яны хочуць? Вучацца, адзеўшыся, абуўшыся, мабільныя тэлефоны ў карманах у кожнага. І яны нейкую свабоду хочуць! Якая гэта свабода павінна быць! А Лукашэнка ў нас быў, ёсьць і будзе, яшчэ на чацьверты тэрмін мы яго выберам".

Яшчэ адзін прыклад, які вобразна тлумачыць гэты стан затарможанае цывілізацыі – голад у Афрыцы. Колькі жыву, усё чую паведамленьні пра гэты масавы афрыканскі галадамор, які не спыняюць ні час, ні санкцыі, ні гуманітарная дапамога. Ды што яны там, гэтыя афрыканцы, ня могуць сябе забясьпечыць хлебам? Хай працуюць! – сказаў бы наш сярэднестатыстычны пэнсіянэр дзед Вася. Дык вось жа – працуюць.

Вядома, ёсьць засуха, эпідэміі і грамадзянскія войны, але ёсьць і яшчэ адзін, ці ня самы галоўны фактар, што хаваецца за словам “свабода”, якое ледзь ня лаянкава гучыць для многіх нашых пэнсіянэраў: што там за свабода такая, нашто нам тая свабода?! Афрыканскія сяляне зьбіраюць ураджай і здаюць яго сваім правадырам – задарма. Гэта вякамі выпрацаваная племянная традыцыя. А харчаваньне для сваёй сям’і трэба купляць за грошы, якіх, натуральна, няма. У нечым гэта нагадвае масавыя савецкія галадаморы. Тым часам на чарговых выбарах афрыканцы выбіраюць сабе таго самага кіраўніка, бо папросту не ўяўляюць сабе ніякага іншага парадку жыцьця, як мы ня можам уявіць сабе жыцьця праз трыста гадоў ці ў сыстэме Альфа Цэнтаўра. Свабода распараджацца пладамі свае працы магла б пакласьці канец афрыканскаму галадамору. Але для гэтага самі сяляне павінны былі б найперш захацець свабоды. І каб іхныя правадыры тых, хто захацеў свабоды, ня кідалі ў турмы, як беларускіх студэнтаў сёлета ў сакавіку – пад ухвальнае ўлюлюканьне старэйшага пакаленьня.

Зрабіць выснову зь беларускага канфлікту пакаленьняў для гэтай перадачы я папрасіў філёзафа Валянціна Акудовіча:

(Акудовіч: ) “У першай палове 1990-х гадоў на плошчу выходзіла нацыянальная і дэмакратычная Беларусь, каб выступіць супраць Беларусі савецкай. Сёньня мы маем зусім іншую сытуацыю. Па сутнасьці, на нашых вачах разгортваецца клясычны канфлікт бацькоў і дзяцей. Паспрабую патлумачыць. Тыя маладыя людзі, што сёньня выходзяць на плошчу адстойваць унівэрсальныя каштоўнасьці свабоды, справядлівасьці, правоў чалавека і г.д., як быццам найперш выступаюць супраць Аляксандра Лукашэнкі. Але насамрэч, не ўсьведамляючы, перадусім яны стаяць на плошчы супраць сваіх бацькоў і дзядоў, лад і разуменьне жыцьця якіх абараняе Лукашэнка. Натуральна, у нашым выпадку канфлікт бацькоў і дзяцей – гэта ня ўзроставы канфлікт і нават не палітычны, гэта цывілізацыйны канфлікт. Калі бацькі выгадаваліся ў адной цывілізацыі, дзеці – у радыкальна іншай. І дзеці ня хочуць жыць паводле законаў Атлянтыды, якая даўно патанула. Дарэчы, канфлікт паміж бацькамі і дзецьмі ў асобных сюжэтах ня менш жорсткі, чым паміж уладай і апазыцыяй.

Я ведаю выпадкі, калі бацькі адмаўляліся насіць перадачы сваім дзецям на Акрэсьціна, бо дзеці выступалі супраць Лукашэнкі. А што да пытаньня пра шанцы тых, хто выходзіць на плошчу, дык адказ тут адназначны – дзеці заўсёды перамагаюць бацькоў, бо не за бацькамі, а за дзецьмі будучыня. Іншая справа, што гэтая перамога не абавязкова адбудзецца на плошчы”.

Дарэчы, наконт Плошчы. Гісторыя ня ведае ўмоўнага ладу, але і паўтараем мы гэтую максыму толькі для таго, каб апраўдаць і легалізаваць свае нязбытныя жаданьні і фантазіі. У наступнай перадачы я прапаную паставіць не паліталягічны, а літаратурны экспэрымэнт – з усёй характэрнай для гэтага жанру свабодай фантазіі. Многія наракаюць на тое, што 19 сакавіка, калі на Плошчы сабраліся тысячы людзей, нейкага адэкватнага працягу ў гэтага сходу не атрымалася. Маўляў, найвялікшае ўзрушэньне масы народу папросту было страчана. Магчыма, арганізатарам не хапіла творчасьці прыдумаць больш прадуктыўны і працяглы сцэнар. Дык вось пытаньне нашага экспэрымэнту: а што, на вашу думку, магло адбыцца тады, 19 сакавіка, на Кастрычніцкай плошчы? Калі ў вас ёсьць на гэты конт свае думкі і ідэі, тэлефануйце на нумар нашага радыё ў Менску 290-39-52 зь 9-й вечара да 9-й раніцы, альбо пішэце на мой e-mail: edit@vilnia.com. І мы паспрабуем разам напісаць карціну таго, што магло быць і чаго не адбылося.
XS
SM
MD
LG