Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякам не дазваляюць сустрэцца з арыштаванымі апазыцыянэрамі


Радыё Свабода Сьледчыя адмаўляюць у спатканьні сваякам большасьці апазыцыянэраў, якіх арыштавалі падчас выбарчай кампаніі паводле крымінальных артыкулаў. У палітычнага вязьня Цімафея Дранчука нарадзіўся сын, а “хімік” Андрэй Клімаў знайшоў цікавую працу.

Працягваецца ціск на палітычных вязьняў, якія былі арыштаваныя падчас перадвыбарчай кампаніі. Нагадаем, гэты сумны сьпіс з болей як тысячы чалавек адкрыла справа чатырох актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. Мікалай Астрэйка, Эніра Браніцкая, Аляксандр Шалайка і Цімафей Дранчук, якія рыхтаваліся да назіраньня за выбарамі, былі арыштаваныя яшчэ 21 лютага і зьмешчаныя ў ізалятар КДБ. У афіцыйнай інфармацыі пра іх справу паведамлялася пра выбуховыя прыстасаваньні і зброю, нібыта знойдзеную ў назіральнікаў, між тым абвінавацілі іх у дзеяньнях ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Маладым людзям пагражае да 3 гадоў турмы. Іх справу цяпер вядзе гарадзкая пракуратура. Ход справы сьледчы Сяргей Іваноў камэнтаваць адмаўляецца. Бацька аднаго з арыштаваных, Валер Дранчук, кажа, што ўсім бацькам адмаўляюць ў спатканьні з іх дзецьмі.

(Дранчук: ) "Мне адмовілі двойчы ў спатканьні з сынам. Матывуюць гэта інтарэсамі сьледзтва. Пры гэтым акцэнтуюць увагу на тым, што сьледзтва знаходзіцца на першапачатковым этапе. Я пытаюся: 45 дзён – гэта яшчэ першапачатковы этап? Тады на якім этапе мяне дапусьцяць да сына? Вось чым мы ўсе не задаволеныя, бо ўсе бацькі атрымалі такія ж адмовы".

Паводле Валера Дранчука праблемаў з атрыманьнем перадач для яго сына няма, даходзіць да яго і карэспандэнцыя. Тое самае і адносна актывістаў “Партнэрства” Мікалая Астрэйкі, Эніры Браніцкай і Аляксандра Шалайкі. Дарэчы, днямі ў Цімафея Дранчука нарадзіўся сын, хлопчыка назвалі Платон. Маладому бацьку ў вязьніцу пра гэтую радасную навіну даслалі ліст.

У гарадзенскай турме паводле абвінавачваньня ў падрыхтоўцы да тэрарызму чацьверты тыдзень знаходзіцца Сяргей Ляшкевіч, кіраўнік шчучынскага перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча. Напярэдадні выбараў Сяргея Ляшкевіча арыштавалі на падставе паказаньняў пра тое, нібыта ён рыхтаваў набыцьцё зброі для апазыцыі. Актывіст не прызнае сябе вінаватым і называе гэтую справу “палітычнай правакацыяй”. Нядаўна Сяргея Ляшкевіча перавезьлі са Шчучынскага ізалятару ў Гарадзенскую турму. Як паведамілі “Свабодзе” сваякі актывіста, сьледчыя не дазваляюць спатканьня зь Сяргеем нікому, нават роднай маці.

Нагадаем, падобна справе актывістаў “Партнэрства” заведзеная справа і супроць чатырох актывістаў “Маладога фронту”. Зьмітра Дашкевіча, Сяргея Лісічонка, Барыса Гарэцкага і Алега Корбана таксама падазраюць у дзеяньнях ад імя незарэгістраваных арганізацый. Іх пакінулі на волі, але ўзялі з маладых людзей падпіскі аб неразгалошваньні тайны сьледзтва. Між тым, паводле зьвестак, ніякіх сьледчых дзеяньняў у гэтай справе не вядзецца.

Ужо асуджаныя апазыцыянэры, якія адбываюць пакараньні ў розных месцах Беларусі, паведамляюць пра зьмены ў сваім жыцьці. Валера Леванеўскага, якога трымаюць у Івацэвіцкай калёніі, зьмясьцілі ў шпіталь. За два гады зьняволеньня ў лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў значна пагоршала здароўе. Мікалая Статкевіча, аднаго зь лідэраў “Народнай Грамады”, зноў ізалявалі ў спэцкамэндатуры Баранавічаў. Раней цалкам закрыты рэжым на "хіміі" палітык зьведаў падчас выбараў.

А вось былы дэпутат Андрэй Клімаў, які адбывае “хімію” ў Рэчыцкім раёне, падзяліўся станоўчай навіной пра новую працу:

(Клімаў: ) “Зараз пачаў працаваць інжынэрам вытворчага забесьпячэньня ў такой спэцыфічнай галіне, як сьвідраваньне. Як аказалася, ім патрэбны мае веды і досьвед. Кантора глыбокага сьвідраваньня. Канешне, ім далёка да КДБ, там глыбей капаюць, а тут проста сьвідруюць”.
XS
SM
MD
LG