Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч, які хаваўся ад міліцыі два месяцы, затрыманы


Радыё Свабода Ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча сёньня раніцай два міліцыянты даставілі у Ваўкавыскую райбальніцу, каб яго агледзелі дактары. Пры затрыманьні яму націснулі каленам на рабро, таму быў зроблены рэнтгенаўскі здымак. Аўтуховіча затрымалі ўчора ўвечары ў Менску на вуліцы. З Ваўкавыску быў выкліканы канвой, і яго ўначы даставілі ў гэты райцэнтар, адкуль ён зьнік з 8 на 9 лютага сёлета з-пад хатняга арышту. На ўцекача складзены адміністрацыйны пратакол аб тым, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся і непадпарадкоўваўся міліцыянтам. У панядзелак а 9-й раніцы мае адбыцца суд.

9 лютага Мікалай Аўтуховіч не зьявіўся на судовы працэс у Горадні, які меў пачацца ў Кастрычніцкім раённым судзе горада. Міліцыянт, які павінен быў даставіць яго з Ваўкавыску, не знайшоў прадпрымальніка дома, дзе той знаходзіўся пад хатнім арыштам. Прадпрымальніка абвінавачваюць у тым, што ён ухіляўся ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры.

Летась на час сьледзтва яго пасадзілі за краты. Мікалай Аўтуховіч праводзіў галадоўку пратэсту супраць свайго арышту спачатку ў гарадзенскай турме, потым у рэспубліканскім турэмным шпіталі, адкуль яго 28 сьнежня 2005 году перавезьлі у Ваўкавыск і зьмясьцілі пад хатні арышт. За 74 дні галадоўкі ён страціў 38 кіляграмаў.
XS
SM
MD
LG