Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьняў Акрэсьціна сустракалі скандаваньнем “Жыве Беларусь!”


Радыё Свабода, Менск З турмы на вуліцы Акрэсьціна ў Менску выйшла вялікая група палітычных вязьняў, якія былі арыштаваныя падчас разгрому намётавага гарадка ноччу 24 сакавіка. За ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы 15 сутак арышту атрымалі 42 чалавекі. Усе яны былі вызваленыя ў тры гадзіны начы 8 красавіка.

Сустракаць палітычных вязьняў да турмы прыйшлі ня толькі менчукі, але таксама людзі з розных рэгіёнаў і гарадоў Беларусі – усяго каля 200 чалавек.

(Спадар: ) “Вядомы гомелькі фотамастак рабіў замалёўкі ў намётавым мястэчку й патрапіў сюды. Вось мы прыехалі яго сустрэць з Гомеля”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы каго сустракаеце?”

(Юнак: ) “Свайго сябра сустракаем”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму сьвечкі ў руках?”

(Юнак: ) “На знак салідарнасьці.”

(Карэспандэнтка: ) “А ў Вас што ў руках?”

(Спадарыня: ) “Праваслаўны абраз. Я хрысьціянка й лічу, што ўсе сумленныя людзі павінныя зараз маліцца за лёс нашай Бацькаўшчыны”.

(Карэспандэнтка: ) “Які Ваш настрой?”

(Юначка: ) “Бадзёры. Холадна крыху”.

(Юнак: ) “Аптымістычны. Я спадзяюся, што мы ўсё ж-такі пераможам”.

(Карэспандэнтка: ) “Сьвечкі для каго?”

(Юначка: ) “Для тых, хто зараз выйдзе”.

Неўзабаве зь дзьвярэй турмы групамі 3-5 чалавек пачалі выходзіць нядаўнія вязьні Акрэсьціна.

(Скандаваньне: ) “Жыве Беларусь!”

(Галасы: ) “Хто выйшаў, называйце імёны. Аддайце мужа. Сяржук”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі словаў на свабодзе для Свабоды: які настрой?”

(Сяржук: ) “Настрой вельмі добры, бо сядзелі за добрыя справы, і мы будзем працягваць барацьбу”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці чакалі, што Вас гэтак будуць сустракаць?”

(Юнак: ) “Я вельмі рады, што тут нас сустракае шмат народу, я рады, што я не паў духам, як і ўсе мае сябры ў камэры”.

(Спадар: ) “Будзем і надалей змагацца за свабоду. Нас не спыніць”.

(Юнак: ) “Усё вельмі добра, супэр”.

Вызваленых удзельнікаў намётавага лягеру сустракалі таксама вядомыя ў краіне людзі, такія, як лідэр рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько, рэжысэр Валеры Мазынскі, лідэр гурта NRM Лявон Вольскі й многія іншыя.

(Юнак: ) “Спадар Лявон Вольскі, прывітаньне”.

(Вольскі: ) “Дзякуй вам”.

(Юнак: ) “Вам дзякуй, вы былі разам з намі”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Вольскі, а Вы каго сустракаеце?”

(Вольскі: ) “Я сустракаю ўсіх, хто сёньня выходзіць. Была ў нас такая прыватная ініцыятыва прыехаць сюды. Мы таксама дорым падарункі гэтым людзям – касэту з маёй перадачай, якая называецца “Квадракола”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто раздае дыск “Песьні Свабоды?”

(Юначка: ) “Мы, дочкі Аляксандра Казуліна Вольга й Юля”.

(Карэспандэнтка: ) “Які ваш настрой?”

(Юначка: ) “Баявы. Як і ў нашага бацькі”.

(Іншая юначка: ) “Толькі наперад і ні кроку назад – гэта ён сказаў нам падчас спатканьня. І мы цалкам падтрымліваем і гэтыя словы й гэтыя дзеяньні”.

Многія людзі трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі. Вось як пракамэнтавала адбытыя падзеі праваабаронца Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Ёсьць такая ўжо прымаўка, што ўвесь бамонд – на Акрэсьціна ці каля яго. І гэтая хваля ўсё больш накрывае ўсіх, хто думае й хто не абыякавы. Мяркую, што ніякіх пяці гадоў для таго, каб ён сышоў, ня будзе. Усё будзе нашмат хутчэй, і пульс гэтых пераменаў нарастае на нашых вачах”.
XS
SM
MD
LG