Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 красавіка – Міжнародны дзень цыганоў


Аляксандар Уліцёнак, Менск Роўна 35 гадоў таму, 8 красавіка 1971 году ў Лёндане, быў утвораны Міжнародны саюз цыганоў. У Беларусі зараз некалькі грамадзкіх арганізацыяў дзейнічаюць у абарону правоў і разьвіцьця цыганскай культуры й адукацыі.

Сучасныя беларускія цыганы жывуць пераважна ў прыгарадах Менску, а таксама ў Віцебскай й Гомельскай абласьцях. Паводле розных крыніцаў уліку, цяпер у краіне ад дзесяці да дваццаці тысячаў цыганоў. У асноўным гэта нашчадкі прыбылых у краіну пасьля Другой усясьветнай вайны. Папярэдняя генэрацыя цыганоў сталася ахвярай нацызму. Гісторыкі, якія дасьледуюць генацыд, гавораць пра 30 тысячаў забітых савецкіх цыганоў.

У Гомельскім райвыканкаме зараз афіцыйна зарэгістраваная новая грамадзкая суполка “Рома”. У Дзяржкамітэце ў справах рэлігіі й нацыянальнасьцяў перадусім адзначаюць станоўчыя вынікі яе ўплыву на забарону гандлю наркотыкамі.

(Спадар: ) “Злачынствы практычна напалову зьменшыліся. Ну, і некаторыя іншыя паказчыкі палепшыліся. Тое, што можа мець значэньне, як статыстыка. Дзеці пачалі ў школу хадзіць. Раней гэта было вельмі-вельмі цяжкае пытаньне”.

Калі я запытаў у суразмоўцы, колькі цыганоў вучацца зараз у вышэйшых навучальных установах, ён прапанаваў перапыніць гутарку й не называць ягонае прозьвішча. Чаму? Магчыма, таму, што ў Беларусі дваццаць першага стагодзьдзя па-ранейшаму шмат неадукаванага цыганскага насельніцтва. Амаль шостая частка яго непісьменная.

Паводле перапісу насельніцтва 1999 году 77 працэнтаў цыганоў назвалі роднай мовай цыганскую, а ня рускую ці беларускую. Але, як нагадвае дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Алег Трусаў, да сёньняшняга дня не спраўджаныя тагачасныя прапановы пра адкрыцьцё цыганскай школы ці гімназіі.

(Трусаў: ) “Канечне, павінна быць як мінімум адна школа з выкладаньнем цыганскай мовы, а лепей – гімназія. Я за тое, каб у іх была менавіта гімназія ці ліцэй цыганскі. Яны на цыганскай мове ў школах ня вучацца, на ёй не чытаюць й не пішуць”.

Адным зь месцаў кампактнага пражываньня цыганоў на Беларусі зьяўляецца Ашмяншчына. Толькі ў райцэнтры іх больш як тры сотні. Яшчэ некалькі гадоў таму пачалі зьбіраць сярод насельніцтва сродкі на адкрыцьцё цыганскай нядзельнай школы. Плянавалася, што заняткі два разы на тыдні будуць наведваць школьнікі, а таксама дзеці, якія увогуле не вучацца. У Ашмянах ёсьць і такія. Чаму ж тады не спраўджваюцца добрыя намеры? На пытаньне адказвае кіраўнік тутэйшай цыганскай суполкі Артур Ягораў.

(Ягораў: ) “Таму, што няма фінансаў. Трэба ж падрыхтаваць настаўнікаў. Мы да гэтага сур''ёзна ставімся. І гэтая школа будзе ня толькі цыганская. Калі ласка, пры жаданьні яе могуць наведваць дзеці любой нацыянальнасьці, вывучаць цыганскую культуры й рамёствы. У Літве гэта ужо ёсьць. У Расеі зьвіліся нават падручнікі, які выдаваліся яшчэ ў 1939 годзе на цыганскай мове”.

Як даводзіць мясцовы жыхар Пятро Явідовіч, мясцовая улада патрабуе, каб таленавітыя й самабытныя абаранялі гонар раёну на конкурсах ды фэстах мастацкай самадзейнасьці.

(Явідовіч: ) “У Ашмянах ёсьць ансамбаль “Джана рома”, які добра вядомы ў Беларусі. Ён нібыта існуе пры Палацы культуры”.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч працяглы час працаваў у беларуска-балтыйскім памежжы. Ён лічыць, што ў Літве, напрыклад, сапраўды зьявіўся дзяржаўны клопат у аздараўленьні сацыяльнага становішча цыганоў.

(Мацкевіч: ) “У Прыбалтыцы напачатку 1990-х гадоў праблемы былі амаль такія, як сёньня ў Беларусі. Гэта непадпарадкаванасьць уладзе, таму што цыганы існуюць нібыта па-за дзяржаўным ладам. Але ж дзяржава шмат чаго можа зрабіць, калі яна прымае доўгатэрміновыя праграмы, якія дысцыплінавана й пасьлядоўна выконваюцца. На сёньняшні дзень, наколькі я ведаю, у Беларусі такіх грунтоўных праграмаў проста няма”.

Так мяркуе палітоляг Уладзімер Мацкевіч. А як грамадзкая думка? Запытваю ў людзей на вуліцы, што яны ведаюць пра жыцьцё цыганоў у Беларусі?

(Першы спадар: ) “У мяне склалася такое уражаньне, што яны як былі вандруючым народам, такім і засталіся. Бачыў, як ехалі усім табарам. Барон на “мэрсэдэсе” наперадзе, а ўсе астатнія на прасьцейшых аўтамабілях”.

(Другі спадар: ) “Ходзяць, пабіраюцца... Некаторыя працуюць”.

(Першы юнак: ) “Канкрэтна пра беларускіх цыганоў нічога не ведаю”.

(Спадарыня: ) "Ведаю, што сярод цыганоў ёсьць вельмі добрыя людзі. Зайдзіце ў менскі раён Серабранка. Жывуць вельмі нармальна. Ёсьць людзі, якія хаваюцца й туляюцца, кажуць, што не цыганы. А ёсьць, каторыя расказваюць, што яны цыганы і не засмучаюцца ад гэтага".

(Другі юнак: ) “Я – з Магілёўскай вобласьці. Стаўлюся да цыганоў паважліва. Яны падтрымліваюць сваю культуру. Я супраць нэгатыўных адносінаў да цыганоў. У краінах Эўропы – Францыі ды Гішпаніі цыганы лепш сябе пачуваюць, чым у Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Я паважаю гэты народ, бо адносіны адзін да другога ў іх лепшыя, чым сярод беларусаў на дадзены момант. Лічу, што сваю культуру й мову яны паважаюць больш, чым мы”.
XS
SM
MD
LG