Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Вайніслаў Савіч-Заблоцкі


Уладзімер Арлоў, Менск 15.3.1850, маёнтак Панчаны (цяпер Мёрскі раён) – пасьля 1893

“О Дзьвіна, Дунай маёй Айчыны, самая дарагая рака на сьвеце! Табе я ўдзячны за рытмы маіх песьняў!” Гэтыя натхнёныя радкі рука Вайніслава Савіча-Заблоцкага вывела ня ў Полацку ці Віцебску, а ў далёкім Эгіпце.

Ягоная маці паходзіла з княскага роду Сьвятаполкаў-Мірскіх, бацька вылучаўся сярод суседзяў праўдалюбствам ды праектамі вызваленьня сялянаў ад прыгону. Адукацыю Вайніслаў здабываў у Віленскай гімназіі, а затым у некалькіх замежных унівэрсытэтах – Праскім, Ляйпцыгскім і Страсбурскім. Аднак ягоны сьветагляд сфармаваўся раней, калі 18-гадовы юнак увайшоў у нацыянальна-асьветную суполку “Крывіцкі Вязок”, што ўтварылася ў Пецярбурзе з мэтаю выданьня беларускіх кніг ды зьбіраньня фальклёру. Улады хутка разгледзелі, куды дзьме вецер. “Вязок” прычынілі, сабраныя ім сродкі пусьцілі на ўмацаваньне ў “Северо-Западном крае” праваслаўя, а маладых патрыётаў паставілі на адмысловы ўлік.

У 1873-м пецярбурскі часопіс “Вестник Европы” атрымаў ад Вайніслава, што жыў пад наглядам паліцыі ў Варшаве, ліст з трыма беларускімі вершамі...

Як прызнаваўся сам пісьменьнік, які сваім характарам нагадваў славутых авантурнікаў XVIII стагодзьдзя, “сатыры й імправізацыі” зрабілі яму шмат ворагаў у царскай імпэрыі. Ад 1875 году ён, зарабляючы на хлеб журналістыкай, жыве пераважна за мяжой – у Швэцыі, Аўстра-Вэнгрыі, Францыі, на бунтоўнай Корсіцы, дзе спачувальна ставіцца да змагароў за незалежнасьць ад французаў.

У Празе Вайніслаў піша польскамоўную паэму, прысьвечаную Літве-Беларусі напярэдадні паўстаньня Каліноўскага. У Познані друкуе аповесьць “Полацкая шляхта”, якая па-беларуску выйдзе ўжо ў XXI стагодзьдзі.

Вярнуўшыся ў 1887-м на радзіму, Грамадзянін Белай Русі, як Савіч-Заблоцкі часта падпісваў свае творы, адразу – цалкам заканамерна – зноў трапляе пад таемны нагляд.

Вершы, дасланыя ім некалі ў “Вестник Европы”, зьявіліся ў беларускім друку толькі ў 1946-м. Як зазначыў адзін літаратуразнаўца, сёньня яны зноў набылі актуальнасьць:

О брацьця! Як смутна мне. Скажыце, прашу вас, ці гэта страна Ёсьць Русь наша Бела, ці не?..
XS
SM
MD
LG