Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прысягнуў сам і прыняў прысягу ад войска (фота)


Радыё Свабода, Менск Сёньня ў Менску прайшла інаўгурацыя (ўступленьне на пасаду) Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі і на Кастрычніцкай плошчы, дзе 15 дзён таму спэцназ разагнаў намётавы лягер прыхільнікаў пераменаў, якія пратэставалі супраць несумленных выбараў прэзыдэнта. Сёньня на гэтым месцы стаяла трыбуна, зь якой А.Лукашэнка ў вайсковай форме прымаў прысягу на вернасьць ад вайскоўцаў і парад.

Усю мінулую ноч камунальныя і дарожныя службы працавалі над добраўпарадкаваньнем Кастрычніцкай плошчы, яшчэ за 12 гадзін да праезду картэжу А.Лукашэнкі з Драздоў тут клалі новы асфальт. Для гасьцей, якія былі запрошаныя на інаўгурацыю, на плошчы былі збудаваныя адмысловыя трыбуны і некалькі дзясяткаў біятулетаў.

Праходы да Кастрычніцкай плошчы былі блякаваныя міліцыяй, якая пускала сюды людзей толькі па спэцпрапусках, рух у цэнтры горада быў спынены, цягнікі мэтро на станцыі Кастрычніцкай не спыняліся. Сквэр Янкі Купалы быў перарыты нібыта для рамонту дарожак і зачынены для наведнікаў.

У наўпростым эфіры ўсіх нацыянальных тэлеканалаў некалькі хвілінаў паказвалі, як імчаў мэрсэдэс А. Лукашэнкі ў суправаджэньні аховы і матацыклістаў ў Палац Рэспублікі, як пазьней ён адзін ішоў 200 мэтраў па чырвоным дыване.

У Палацы рэспублікі, пасьля таго, як Лідзія Ярмошына абвясьціла вынікі выбараў, А.Лукашэнка зачытаў тэкст прысягі:

(Лукашэнка: ) “Заступаючы на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, сьвята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі”.

Выглядаў А. Лукашэнка крыху стомлена, напружаньне выдавалі й мяхі пад вачыма. Калі засьпявалі гімн, ён маўчаў, сьціскаючы кулакі. Лукашэнку павіншавалі зь інаўгурацыяй старшыня Савету Рэспублікі Генадзь Навіцкі, кіраўнік Канстытуцыйнага Суду Георгій Васілевіч, мітрапаліт Філарэт, якія стаялі на сцэне.

Аляксандар Лукашэнка выступіў з праграмнай прамовай, у якой заявіў, што будзе прытрымлівацца той стратэгіі, якой кіраваўся 10 гадоў.

Дзеяньні краінаў Эўразьвязу і некаторых суседзяў ён назваў "крыжовым шляхам супраць Беларусі".

(Лукашэнка: ) “Дзіўна, што ёсьць жадаючыя прынізіць нашу краіну, гэты астравок стабільнасьці, і пераўтварыць яго ў чарговы палігон каляровых узрушэньняў. Вядомыя краіны пад выглядам нібыта дэмакратычных каштоўнасьцяў спрабуюць экспартаваць у нашую краіну замежныя тэхналёгіі разбурэньня”.

Народу А.Лукашэнка абяцаў спакой і стабільнасьць, выкараненьне бюракратызму. Потым, пераапрануўшыся ў маршальскую форму, А.Лукашэнка пайшоў на Кастрычніцкую плошчу і прыняў прысягу ад войска, тэкст якой зачытаў міністар абароны Леанід Мальцаў:

(Мальцаў: ) “Сёньня, у дзень уступленьня на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, мы ўрачыста клянемся з годнасьцю і гонарам несьці высокае званьне абаронцаў Айчыны, самаахвярна служыць беларускаму народу і прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь! Клянёмся!”

З замежных гасьцей на інаўгурацыі былі выканаўчы сакратар СНД Уладзімір Рушайла і Павал Барадзін.







XS
SM
MD
LG