Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Жодзінскай турмы сёньня выйшла на волю 34 палітвязьні


Радыё Свабода З Жодзінскай турмы сёньня ўначы выйшлі на волю 34 удзельнікі акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, затрыманыя падчас ліквідацыі “намётавага гарадку”. У іх ліку былі й палітвязьні, якія трымалі ў зьняволеньні галадоўку пратэсту.

Усе 34 чалавекі, якія сёньня пакінулі камэры Жодзінскай турмы, правялі тут максымальны тэрмін адміністратыўнага арышту – па 15 сутак. Сярод іх была й адна дзяўчына – 19-гадовая студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта культуры Ганна Касьцюк:

(Касьцюк: ) “Магчыма, я проста не спадабалася судзьдзі. Яна спытала: “Колькі мне далі грошай?” Я адказала, што мне грошы не плацілі. Тады яна кажа: “Значыцца, ідэйная…” Яшчэ адной дзяўчыне далі 12 сутак. Яна выйшла праз 12 дзён і я трое сутак сядзела ў камэры адна, бо, наагул, дзяўчат больш не было”.

Гэтыя апошнія тры дні адзіночнага ўтрыманьня ў Жодзінскай турме былі для Ганны Касьцюк, паводле яе прызнаньня, найбольш складанымі. Аднак ужо пасьля першых гадзін знаходжаньня на волі да яе вярнулася радасьць жыцьця – дзяўчына адчула падтрымку сяброў і паплечнікаў.

Бадзёры настрой і ў большасьці іншых былых палітвязьняў, якія сёньня ўначы пакінулі сьцены Жодзінскай турмы. У тым ліку ў Дзяніса Зюкава і Васіля Хадневіча, якія ўсе 15 сутак знаходжаньня ў гэтай установе трымалі галадоўку пратэсту. Як зазначыў 25-гадовы праграміст зь Менску Дзяніс Зюкаў, іхная галадоўка была лягічным працягам акцыі на Кастрычніцкай плошчы:

(Зюкаў: ) “Гэта форма выяўленьня пратэсту супраць несправядлівага затрыманьня”.

Паводле Дзяніса Зюкава, ён ужо пачаў выхад з галадоўкі і адчувае сябе няблага. А вось што распавёў пра акцыю галадоўкі ў Жодзінскай турме 41-гадовы Васіль Хадневіч, які сёньня вярнуўся адтуль дадому – у мястэчка Сьвіслач Пухавіцкага раёну:

(Хадневіч: ) “Мы заяву напісалі, яшчэ калі былі ў Жодзінскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Пасьля суду напісалі, што мы галадуем па такой і такой справе і па такіх вось прычынах... І ў маёй камэры галадавалі ўсе людзі, хто сядзеў са мной – а сядзела пяць чалавек. Тром было па 10 сутак – яны галадавалі 10 сутак. А Зюкаву Дзянісу і мне далі па 15 сутак, і мы галадавалі 15 сутак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG