Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Згуртаваныя Акрэсьцінам”: галасы і твары Плошчы


Радыё Свабода, Менск Свабода працягвае апавядаць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія за падтрымку намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне. Сёньня мы прапануем вам агляд перадачаў “Галасы і твары Плошчы”, якія прагучалі на гэтым тыдні.

Кампутарны дызайнэр, вакалістка й мэнэджэр “Свабоднага тэатру” Сьвятлана Сугака адбыла на Акрэсьціна сем сутак. Яна апавядае, як трапіла ў пастарунак.

(Сугака: ) “Каля Палацу рэспублікі затрымала дарожна-патрульная служба. Спыталіся, што везяце. У асабістых рэчах аказалася палатка. Забралі дакумэнты, сказалі: “Едзем за намі”. Я на сваёй машыне прыехала на Акрэсьціна. Артыкул 167, частка першая. Удзел у несанкцыянаваным мітынгу...”

У дзень, калі Сьвятлану затрымалі, яна яшчэ з раніцы прыхавала ў кішэнях доўгую нітку і стрыжань. Недзе вычытала, што гэта можа вельмі спатрэбіцца ў ізаляцыі – каб рэзаць прадукты, ці наладзіць сувязь з суседзямі праз вэнтыляцыю. Гэтая запасьлівасьць і добрае веданьне беларускай музыкі аказаліся вельмі патрэбнымі ў камэры. Каб лягчэй бег турэмны час, дзяўчаты й хлопцы сьпявалі.

(Сьвятлана: ) “Сьпявалі разам NRM – “Паветраны шар”, “Тры чарапахі”. “Купалінку”. Шмат чаго сьпявалі. Размаўлялі паміж камэрамі празь вэнтыляцыю. Навіны перадавалі – праз вэнтыляцыю… Я зрабіла высновы, што не дарма мы там сядзелі, і сапраўды – жыве Беларусь! Гледзячы на тое, што адбываецца, што адбывалася там, зараз я дакладна ведаю, што – жыве! Абавязкова будзем выходзіць. І, я думаю, зараз нас будзе значна болей, чым было на Кастрычніцкай плошчы. Будзем выходзіць і на Чарнобыльскі шлях, і на іншыя акцыі пратэсту супраць гэтага рэжыму. З кім я размаўляла, ніхто не казаў, што гэта было марна і што наступным разам ня пойдуць”.

Вясковец з Віцебшчыны Ўладзімер Шадэнка стаў вядомы ў Беларусі й па-за межамі краіны пасьля менскіх падзеяў 25-га сакавіка: зьбіты амонаўцамі і спэцназам, ён ляжаў беспрытомны перад аб''ектывамі фота- і кінакамэраў. Увечары гэтыя кадры пабачыла хіба ці не паўсьвету... Для Радыё Свабода спадар Шадэнка наноў узгадаў усё, што зь ім тады адбылося – з самага пачатку, калі ён трапіў на мітынг у Купалаўскім сквэры.

(Шадэнка: ) “Усё гамоняць, гамоняць. Колькі ж можна! Ну, думаю, дарма прыехаў! А калі сказалі, што пойдзем на Акрэсьціна, на знак салідарнасьці з затрыманымі, дык я й пасунуўся з усёй кампаніяй. І ішлі ж акуратна, па ходніках, на чырвонае сьвятло спыняліся, нікога не чапалі, наадварот, крычалі “Міліцыя з народам!” А тут на табе: з дубінамі на такую мірную дэманстрацыю! Пачалі са мной тузацца – крутыя “паўлічэнкаўцы” зь дзедам бяззбройным! Ды яшчэ лупанулі ззаду, а потым, як чалавек упаў, яшчэ лупілі. Вакол загаласілі: “Забіваюць! Забіваюць”! Больш нічога ня памятаю...”

Крысьціну Шацікаву, якая была ў намётавым лягеры ад першага да апошняга дня, цяпер пазнаюць на вуліцах. На наступны дзень пасьля вызваленьня з-за кратаў яна ехала ў спэцразьмеркавальнік на Акрэсьціна – каб арганізаваць перадачы для тых, хто яшчэ чакаў суду ці вызваленьня. Выпадковая размова з таксістам прыемна ўразіла Крысьціну:

(Крысьціна: ) “Я выйшла з аўтобуса каля рэстарацыі “Белая вежа” – а там прыпынак таксовак. Дзьверы адной з машын адчыніліся, і мужчына кажа: “Вам на Акрэсьціна? Сядайце”. Я аўтаматычна села, але на мой запытальны погляд ён адразу сказаў: “Вы не палохайцеся, я Вас па тэлевізары бачыў – вы ўсе такія малайцы!” – і адвёз мяне на Акрэсьціна, адмовіўшыся ад грошай”.

Крысьціна прысутнічала на менскай дэманстрацыі 19 сакавіка і, калі зразумела, што акцыя пратэсту мае быць доўгая, вырашыла не вяртацца дадому ў Магілёў. Двое малых дзяцей засталіся зь ейнымі бацькамі… Тыя, хто жыў у намётавым лягеры, адзначаюць: менавіта Крысьціна ў пэўны момант пачала каардынаваць дзеяньні аховы намётавага лягеру.

Самае галоўнае дасягненьне беларускага “Майдану”, на думку Крысьціны Шацікавай – гэта адчуваньне Свабоды. Яна параноўвае гэта са скокам з парашутам. Спачатку вельмі страшна, але калі здолееш скочыць – болей бяз гэтага ня можаш жыць.

19-гадовы Яўген Ваўкавец з Жодзіна ў сакавіку правёў за кратамі 14 сутак. Прычым, у розных турмах:

(Ваўкавец: ) “Справа ў тым, што я адседзеў 7 сутак у Жодзіна, калі мяне затрымалі. Дзень пабыў на волі і – адседзеў яшчэ 7 сутак у Менску”.

Яўген быў сябрам жодзінскай каманды Аляксандра Мілінкевіча. 15 сакавіка ўначы міліцыянты затрымалі яго разам з паплечнікамі Сержуком Гудзіліным і Алесем Чырэйкам на адной з вуліц, а мясцовы суд пакараў хлапцоў 7-суткавым арыштам за нібыта ўчыненае імі “хуліганства”. Калі яны выйшлі на волю, даведаліся, што ў Менску на Кастрычніцкай плошчы зьявіўся “намётавы гарадок”. Нягледзячы на папярэджаньне жодзінскіх праваахоўнікаў пра жорсткі кантроль за іх дзеяньнямі, хлопцы рушылі ў сталіцу і засталіся на беларускім “майдане” да яго гвалтоўнага разгону.

(Ваўкавец: ) “Калі нас затрымлівалі, то да мужчынаў яшчэ больш-менш неяк ставіліся. Канешне, “пінкі” былі і г.д., але дзяўчынак закідвалі як нейкае сьмецьце. Закідвалі як мяшкі. Мы як маглі баранілі дзяўчынак. Але ж гэта было жудасна”.

Сёстры Тацяна Нядбай і Ірына Дарафейчук былі затрыманыя ўдзень 21 сакавіка, у падземным пераходзе ля Дому афіцэраў. Тацяну асудзілі на 5 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, Ірыну – за дробнае хуліганства. Пазьней Ірына страціла працу: пакуль яна сядзела свае 7 сутак на Акрэсьціна, яе звольнілі з Інстытуту прадпрымальніцкай дзейнасьці, дзе яна выкладала культуру народаў сьвету.

21 сакавіка ў дзень затрыманьня павінен быў вырашацца і лёс ейнай кандыдацкай дысэртацыі – яна вывучала спэцыфіку гендэрнай культуралізацыі ў традыцыйнай беларускай культуры.

(Дарафейчук: ) “ Ня ведаю, чым цяпер скончыцца абарона маёй дысэртацыі, бо рэктар, які звольніў мяне з майго месца працы, паабяцаў, што паклапоціцца, каб не было нават папярэдняй абароны, ня кажучы пра абарону і ўсё астатняе”.

Адразу пасьля вызваленьня, кажа ейная сястра Тацяна Нядбай, было прыкрае адчуваньне, што ўсе пакуты на Акрэсьціна давялося вытрываць ні за што: быў спадзеў усё ж выйсьці з пастарунку ў вольную краіну...

(Нядбай: ) “Я не шкадую пра тое, што я там сядзела, я не шкадую пра тое, што я туды патрапіла. Я ня вельмі вялікая “зорка”, каб нешта зрабіць на пляцы. Я думала, што лепей я адсяджу, а хтосьці там, можа быць, штосьці больш дзейснае, больш эфэктыўнае зробіць. Бо ўсё адно трэба некаму сядзець. А калі мы выйшлі і я ўбачыла, што ходзяць людзі, што ўсё нармальна – яны задаволеныя, яны сьмяюцца, яны жывуць у той краіне, у якой хочуць жыць. То проста прыкра, сапраўды…”

Тых людзей, зь якімі яны адбывалі зьняволеньне, сёстры называюць “згуртаванымі Акрэсьцінам”. Такое ўражаньне, быццам міліцыянты наўмысна сабралі там самых розных, нават вельмі далёкіх ад апазыцыі людзей – каб стварыць сапраўдную моцную арганізацыю.
XS
SM
MD
LG