Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеі ў Беларусі ў ацэнках палітыкаў і прэсы за мяжой – хроніка тыдня


Радыё Свабода Сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў цягам тыдня была ў цэнтры ўвагі эўрапейскіх і амэрыканскіх палітыкаў, заходняй прэсы.

3 красавіка, панядзелак

Фэдэральны канцлер Аўстрыі, цяперашні старшыня Рады Эўрапейскага Зьвязу Вольфганг Шусэль заявіў пра намер падтрымліваць інтарэсы беларускага дэмакратычнага руху на эўрапейскім узроўні. Заява была зробленая пасьля сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам, які прыбыў у Вену на запрашэньне кіраўніцтва Аўстрыі. Лідэр беларускай апазыцыі сустрэўся таксама з кіраўніком дэлегацыі аўстрыйскага парлямэнту ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Мікаэлам Шпіндэлегерам і са старшынём аўстрыйскага парлямэнту Андрэасам Колем. У часе сустрэч выказвалася жаданьне Аўстрыі далучыцца да праграмаў дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі праз мэханізмы і фундацыі Вышаградзкай групы. Спадар Шпіндэлегер заявіў:

(Шпіндэлегер: ) “На маю думку, мы павінны падтрымліваць жыхароў Беларусі, гэта галоўны шанец на лепшае жыцьцё ў будучыні і галоўная пэрспэктыва ў палітыцы ўраду Аўстрыі і Эўразьвязу адносна Беларусі. У першую чаргу, мы не павінны быць супраць кагосьці, а мы павінны быць "за": за грамадзянскую супольнасьць, за дэмакратычныя структуры, за вольныя выбары. І мы сапраўды хочам падтрымаць кожнага, хто жадае ствараць там дэмакратычны лад, падобны да таго, які мы маем ва ўсёй Эўропе”.

Тым часам у шэрагу краінаў працягваліся вулічныя акцыі ў зьвязку з сытуацыяў Беларусі. Так, у расейскім Екацерынбургу ля будынку мясцовага аддзяленьня амбасады Беларусі людзі пратэставалі супраць арышту і турэмнага зьняволеньня ў Беларусі актывістаў расейскага моладзевага руху “Абарона”. А ў Варшаве каля расейскай амбасады некалькі дзесяткаў беларусаў і палякаў выказвалі пратэст супраць прызнаньня Расеяй вынікаў беларускіх выбараў і патрабавалі спыніць падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

Замежная прэса заўважыла адсутнасьць на беларускіх тэлеэкранах Аляксандра Лукашэнкі і перанос ім даты інаўгурацыі. Брытанская “Times” у артыкуле пад назовам: “Прыгнечаны лідэр пераносіць свой важны дзень і зьнікае” спасылаецца на высокапастаўленага заходняга дыплямата, які сказаў: “Лукашэнка пакутуе на чарговы прыступ дэпрэсіі, які быў выкліканы стрэсам ад выбараў і акцыямі пратэсту пасьля іх. Я думаю, што ён ня можа сам прыйсьці ў норму, і таму яму не дазваляюць паказвацца публічна. Ягоныя дарадцы ня ведаюць, што рабіць”.

Аўстрыйская газэта “Die Presse” камэнтуе аб’яўленае кіраўніцтвам расейскага "Газпрому" падвышэньне для Беларусі ад 2007 году цэнаў на газ. Газэта лічыць, што мэтай гэтага – "ўчыніць эканамічны ціск на дыктатарскі рэжым Лукашэнкі".

4 красавіка, аўторак

Заходнія выданьні пішуць пра трэцюю інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі, якая мае адбыцца 8 красавіка, і робяць прагнозы адносна таго, што наступны тэрмін кіраваньня Лукашэнкі ня будзе лёгкім.

Нямецкая газэта "Tagesschau": "Адэпт Масквы Аляксандар Лукашэнка, які кіраваў краінай 12 гадоў і чыя трэцяя інаўгурацыя адбудзецца ў гэтую суботу, доўгі час задaвальняў Крэмль, а таму Беларусь да апошняга часу была адзінай на постсавецкай прасторы краінай, для якой Расея не павышала цаны на газ... Абвяшчэньне "Газпромам" новых цэнаў, з аднаго боку, можа быць пэўным сыгналам для беларускай апазыцыі. Адначасна падвышэньне цэнаў ставіць рэжым перад новымі цяжкасьцямі – высокі кошт газу можа паралізаваць эканоміку краіны".

Брытанскі часопіс "Economist": “З аслабленай эканомікай, узмоцненым міжнародным ціскам і новым праэўрапейскім пакаленьнем наступныя гады кіраваньня могуць быць самымі напружанымі для Лукашэнкі”.

Брытанская газэта "Financial Times": "Захад усё ж можа даказаць Лукашэнку, што той сур''ёзна памыляецца, калі спадзяецца, што эканамічныя санкцыі немагчымыя... Нельга дазваляць чалавеку, чыя ўнутраная і міжнародная палітыка мае адкрыта антызаходні характар, атрымліваць прыбыткі ў гандлі з Эўрапейскім Зьвязам”.

5 красавіка, серада

У Эўрапарлямэнце адбыліся дэбаты наконт выбараў у Беларусі і сытуацыі пасьля іх. Большасьць з тых, хто выступаў сёньня, не прызнавалі выбары прэзыдэнта Беларусі легітымнымі, заклікалі да санкцыяў супраць тых, хто парушаў законы, ды заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў. Эўракамісар у замежных сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр адносна магчымых санкцыяў сказала наступнае:

(Фэрэра-Вальднэр: ) “Будуць уведзеныя выбарачныя санкцыі, якія не закрануць насельніцтва, але сапраўды паўплываюць на тых, хто адказны за фальшаваньне выбараў. Што да будучыні, мы павінны надалей падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць, насельніцтва, але імкнуцца пры гэтым не працаваць з урадам Беларусі, альбо працаваць так мала, наколькі гэта магчыма”.

Прадстаўнік Літвы Вітаўтас Ландсбэргіс назваў Аляксандра Лукашэнку падобным да губэрнатара, прызначанага расейскім кіраўніцтвам, што падтрымлівае дыктатараў па ўсім СНД. Дэпутаты Эўрапарлямэнту настойвалі таксама на неабходнасьці ціску на Расею, каб тая зьмяніла сваё стаўленьне да рэжыму ў Менску.

Тым часам цягам свайго візыту ў Браціславу расейскі міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў заявіў, што Эўразьвяз павінен вырашаць праблемы зь Беларусьсю шляхам дыялёгу, а не праз спробы ізаляцыі. У сваю чаргу, міністар замежных справаў Славаччыны Эдуард Кукан адзначыў, што ў Масквы і Браціславы ёсьць супярэчнасьці адносна сытуацыі ў Беларусі.

У сераду эўрапарлямэнтары напісалі адкрыты ліст да беларускай апазыцыі, які ініцыявала дэпутатка зь Нямеччыны Элізабэт Шрэдтэр. У ім ухваляюцца дзеяньні дэманстрантаў на Кастрычніцкім пляцы. Дэпутаты назвалі мірныя пратэсты мужных людзей у Беларусі ўвасабленьнем новай сілы ў Беларусі, якая “зможа прывесьці да дэмакратыі й эканамічнага ўзьлёту”.

Дзярждэпартамэнт ЗША правёў онлайн-канфэрэнцыю, падчас якой намесьнік дзяржсакратара ЗША па краінах Эўразіі Дэніел Фрыд адказаў на пытаньні аб выбарах, што прайшлі ў сакавіку ў Беларусі і ва Ўкраіне. Спадар Фрыд зазначыў, што выбары паказалі розьніцу паміж “дыктатурай і свабодай”. Паводле яго, беларускія ўлады “спрабавалі любой цаной утрымаць уладу” і “разганялі мірныя дэманстрацыі”, украінскія ж парлямэнцкія выбары прайшлі “дэмакратычна”. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту выказаў занепакоенасьць падтрымкай беларускага рэжыму з боку Расіі. “Злучаныя Штаты маюць намер падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі”, заявіў Дэніел Фрыд, дадаўшы, што гэтая падтрымка будзе доўгатэрміновай, паколькі, паводле яго, прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка “хоча пазбавіць беларусаў іх асноўных правоў”.

6 красавіка, чацьвер

У Страсбуры абсалютнай большасьцю дэпутатаў Эўрапарлямэнт асудзіў несумленныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ды заявіў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ня мае ніякай легітымнасьці й застаецца апошняй дыктатурай у Эўропе. Рэзалюцыя заклікае да правядзеньня паўторных выбараў прэзыдэнта й рэкамэндуе Радзе Эўразьвязу пашырыць кола беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх будуць уведзены візавыя ды іншыя санкцыі. Адна з аўтараў праекту рэзалюцыі, польская эўрадэпутатка Барбара Кудрыцка, наступным чынам патлумачыла такое рэдкае аднадумства ў Эўрапарлямэнце:

(Кудрыцка: ) “Гэта значыць, што салідарнасьць зь Беларусьсю ў Эўропе ёсьць вельмі вялікай. Дэпутаты з усіх 25 краінаў галасавалі аднадушна, яны сустракалі спадара Мілінкевіча авацыямі. Гэта сьведчыць пра тое, як моцна ўся Эўропа падтрымлівае перамены на Беларусі й дэмакратызацыю вашай краіны”.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту таксама выказалі салідарнасьць з Аляксандрам Мілінкевічам, Аляксандрам Казуліным і аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі й заклікалі кіраўніцтва Эўразьвязу пашырыць падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Акрамя таго, Эўрапарлямэнт заклікаў ААН, Раду Эўропы й краіны сябры Эўразьвязу стварыць міжнародную камісію па дасьледаваньні зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.

Эўрапарлямэнт таксама запатрабаваў ад беларускіх уладаў вызваліць лідэраў апазыцыі, дэманстрантаў, журналістаў, замежных грамадзян, якія былі арыштаваны цягам кампаніі пратэстаў, апублікаваць сьпіс усіх арыштаваных, умовы іх затрыманьня й абвінавачаньні, вылучаныя супраць іх, спыніць зьбіцьцё й катаваньні палітычных вязьняў.

“У пытаньні ацэнкі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Расея і Нямеччына маюць істотныя адрозьненьні”, – так пішуць нямецкія СМІ, камэнтуючы візыт у Бэрліне расейскага міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова. У часе сустрэчаў з бэрлінскімі кіраўнікамі міністар Лаўроў настойваў на тым, што ў аснову фармаваньня дачыненьняў зь Беларусі і таксама Ўкраінай мусяць быць пакладзеныя вынікі нядаўніх выбараў у гэтых краінах. Нямецкі бок заявіў, што выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам.

7 красавіка, пятніца

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сваё турнэ па краінах Эўразьвязу завяршыў візытам у Бэрлін, дзе разам зь Вінцуком Вячоркам сустрэўся з канцлерам ФРГ Ангелай Мэркель, правёў перамовы ў МЗС і Бундэстагу. Камэнтуючы нашаму Радыё гэтыя сустрэчы, вядомы нямецкі дыплямат Ганс-Георг Вік адзначыў:

(Вік: ) “Сустрэча Мілінкевіча са спадарыняй Мэркель, ягонае наведваньне Бундэстагу – гэта вельмі важная падзея, якая дэманструе ацэнку нямецкім кіраўніцтвам нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў і цяперашняй сытуацыі ў Беларусі. Гэта свайго роду сыгнал таго, што беларуская апазыцыя і беларуская супольнасьць заслугоўваць міжнароднай увагі і могуць спадзявацца на міжнародную падтрымку”.

У пятніцу прадстаўніца Эўракамісіі Эма Удвін паведаміла "Свабодзе", што Эўразьвяз ўводзіць забарону на паездкі ў краіны Эўразьвязу для вялікай групы высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, датычных да парушэньняў правоў чалавека і дэмакратычных нормаў. Паводле яе, у сьпісе 31 чалавек. Яго ачольвае прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.Сьпіс будзе афіцыйна зацьверджаны ў панядзелак на нарадзе міністраў краінаў Эўразьвязу у Люксэмбургу. Паводле Эмы Удвін, сьпіс неўяздных можа быць пашыраны, калі рэпрэсіі працягнуцца.

Тым часам міністар замежных справаў Польшчы Стэфан Мэлер заявіў, што кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Эўразьвязу будуць дэталёва праінфармаваныя аб сытуацыі, у якой апынуўся былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч, арыштаваны ў Менску ў часе ліквідацыі намётавага гарадка на Кастрычніыкай плошчы.

(Мэлер: ) “У панядзелак я паеду ў Люксэмбург, на сустрэчу з маімі калегамі – міністрамі замежных справаў краінаў Эўрапейскага зьвязу, дзе падрабязна раскажу ім пра сытуацыю спадара Машкевіча”.

А літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч у інтэрвію тэлеканалу “Эўраньюс” заявіў, што “прыярытэтамі ў беларускім пытаньні для эўрапейскіх палітыкаў цяпер павінна быць вызваленьне людзей з турмаў”. Паводле Станкевіча, “пасьпешлівыя санкцыі і адмова ад дыялёгу зь Беларусьсю на любым узроўні штурхае яе на зьбліжэньне з такімі рэжымамі, як у Сырыі, Іране” ды пакідае людзей Беларусі на свавольства дыктатуры.
XS
SM
MD
LG