Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Машкевіч: "Я рады, што мог быць зь беларускімі сябрамі ў цяжкі час"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве Ежы Машкевіч прывітаў свайго сына Марыюша Машкевіча– былога амбасадара Польшчы ў Беларусі, які ўчора выйшаў на волю пасьля турмы і шпіталя.

Ежы Машкевіч сустракаў свайго сына каля будынку беларускай амбасады пасьля пяці дзён галадоўкі. Марыюш Машкевіч, абняўшы бацьку, сказаў, што ганарыцца ім, хаця вельмі непакоіўся за стан ягонага здароўя. Гаворыць Ежы Машкевіч.

(Машкевіч: ) “Я толькі некалькі словаў скажу – галоўнае, што сын вольны ўжо. Яшчэ раз дзякую журналістам, якія прыцягнулі ўвагу грамадзтва да майго пратэсту і лёсу Марыюша. Дзякуй вам”.

Марыюш Машкевіч расказаў журналістам пра сваё знаходжаньне ў намётавым гарадку ў Менску, арышт, знаходжаньне на Акрэсьціна і ў шпіталі, адзначыўшы пры гэтым, што ганарыцца тым, што браў ўдзел у тым, што адбывалася ў тыя дні ў беларускай сталіцы.

Былы амбасадар Польшчы сказаў радыё Свабода:

(Машкевіч: ) “Я вельмі рады, што на свабодзе, але таксама і вельмі рады, што мог быць са сваімі беларускімі сябрамі ў той цяжкі час. Тое, што яны зрабілі, будзе ўзнагароджана свабодай. Жадаю ўсім беларусам хуткай свабоды. Жыве Беларусь! Дзякуй вам”.

Марыюш Машкевіч сказаў, што міліцыянты яго зьбілі разам зь іншымі, хто быў у намётавым гарадку. Паводле ягоных словаў, міліцыянты былі вельмі агрэсіўныя.

(Машкевіч: ) “Калі намётавы лягер акружыў спэцназ, людзі скандавалі “Міліцыя з народам!”, але было відаць, што міліцыянты настолькі агрэсіўныя, што няма сэнсу да іх зьвяртацца з такімі заклікамі. Гэта як у нас у 1980-я гады. Але ведаю, што сярод міліцыянтаў таксама шмат такіх, хто супраць рэжыму. Адвакат Вера Страмкоўская сказала мне, што двое беларускіх судзьдзяў адмовіліся ад сваіх пасадаў пасьля ўсяго гэтага, што ў беларускіх варунках азначае страту ўсяго – кватэры, магчымасьці зарабіць – у пэўным сэнсе страту грамадзянскіх правоў. Гэта сьведчыць аб тым, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі, хаця і паволі, але паўстае”.

Марыюш Машкевіч падкрэсьліў, што беларускую візу яму не анулявалі, і таму, як толькі будзе нагода, ён, напэўна, наведае сваіх сяброў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG