Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яхімаўшчына: "Электарат Лукашэнкі — гэта вельмі агрэсіўныя людзі. Я брату стаў тлумачыць, а ён ўначы з хаты пайшоў"


Ягор Маёрчык, Валожынскі раён, Меншчына Новая перадача з сэрыі “Падарожжа свабоды”

Да Яхімаўшчыны я не даехаў 3 кілямэтры. Перад аварыйным мостам машына так глыбока зарылася на дарозе ў сьнег, што ледзь дзьверы адчыніў. Шуфля з сабой не было, дый пэрспэктыва чысьціць рукамі такі кавалак праезнай часткі — ня надта прывабная. Аўто неяк выцягнулі з сумёту. Тут нас дагнаў трактар, які чысьціў дарогу.

Прыезду дарожнай тэхнікі дамогся тутэйшы паштар Станіслаў Лянкевіч. У вёсцы ён адзіны, хто яшчэ працуе. Зранку спадар Лянкевіч мусіў выправіцца па пэнсіі ў цэнтар сельсавету Багданава, але выйшаў за ваколіцу вёскі й пабачыў: далей ні роварам, ні пешшу. Шматгадзінныя тэлефанаваньні мясцовым уладам далі плён.

(Лянкевіч: ) "Я сёньня павінен быў ехаць на пошту. Дарога ў нас ня чысьціцца. Мне асабіста трэба тэлефанаваць старшыні сельсавету, каб выбіць сюды трактар".

(Карэспандэнт: ) "Няма нідзе бліжэй працы, чым у Багданаве на пошце?"

(Лянкевіч: ) "Тут няма. Я працаваў брыгадзірам і аграномам, але працаваць у сельскай гаспадарцы не захацеў. Вось ужо 12 гадоў працую паштаром. Я абслугоўваю акругу з 30-ці кілямэтраў, а даюць мне толькі ровар".

(Карэспандэнт: ) "А ўзімку вы на лыжах езьдзіце?"

(Лянкевіч: ) "Калі матацыклам, калі на дызэлі".

(Карэспандэнт: ) "Вы былі дэпутатам сельскага савету?"

(Лянкевіч: ) "Так, але ўжо абралі іншых людзей. А якую яны карысьць прыносяць? Я хоць пра людзей думаў і дамагаўся, каб дарогу чысьцілі. А ёсьць людзі, якія абіраюцца, але ніякай карысьці ня робяць. У вёсцы нават ня ведаюць, хто ў нас цяпер дэпутат".

(Карэспандэнт: ) "Якія палітычныя сымпатыі пануюць у вёсцы?"

(Лянкевіч: ) "А хто вам скажа? Людзі баяцца".

Паглядзіш на мапу — Яхімаўшчына знаходзіцца ў Іўеўскім раёне Гарадзеншчыны, але ў рэчаіснасьці ня ўсё так проста. Гарадзенскія тут толькі надзелы зямлі й лес, а дамы стаяць у Валожынскім раёне Меншчыны. Гэтая вёска — самая аддаленая: да райцэнтру — больш за 40 кілямэтраў.

На такую адасобленасьць баба Вераніка ня скардзіцца. Яна толькі чакае, калі надыдзе вясна. Сьнег тады растане — і ў Яхімаўшчыну спраўна будзе даходзіць аўталаўка.

(Карэспандэнт: ) "Да вас сюды аўталаўка прыходзіць?"

(Вераніка: ) "2 разы на тыдзень прыходзіць аўталаўка".

(Карэспандэнт: ) "А як яна па такой засьнежанай дарозе ідзе?"

(Вераніка: ) "Вось і ня ведаем, як яна па такой засьнежанай дарозе ідзе. Бывае, даедзе да таго месца, дзе вы забуксавалі, і вяртаецца назад".



(Карэспандэнт: ) "І што: астатнія 3 кілямэтры людзі падыходзяць самі?"

(Вераніка: ) "Нікуды ня ходзім. Сядзім бяз хлеба. Можа, хто ў суседнюю вёску сходзіць за 2 кілямэтры. Але там, бывае, ня надта хочуць хлеба нам прадаваць: кажуць, што мы — ня іхныя жыхары".

(Карэспандэнт: ) "Ці размаўлялі людзі зь сельсаветам, каб чысьцілі дарогу?"

(Вераніка: ) "Да старшыні тэлефануем. То ў яго тэхнікі няма, то паліва".

Хоць зімой, хоць летам, а выехаць зь Яхімаўшчыны можна толькі ўласным транспартам. Рэйсавы аўтобус сюды ня ходзіць. Праўда, за 2 кілямэтры ёсьць аднайменная чыгуначная станцыя. Дызэль на Маладэчна й Ліду ходзіць 2 разы на дзень.

Пэнсіянэрка баба Броня на сабе адчула, што значыць жыць на ўскрайку раёну.

(Браніслава :) "Ня дай Бог, як да нас дабірацца! Калі нешта здарылася, — шукай транспарт, хай яны цябе вязуць. Часам у “хуткай дапамозе” яшчэ пытаюцца, малады выклікае ці стары. Калі малады, яна прыедзе, а калі стары, — памірай. Мне асабіста так адказалі. У мяне апэндыцыт лопнуў, і я 3 дні пакутавала, лежачы ў хаце. І толькі пасьля "хуткая" прыехала".



(Карэспандэнт: ) "А людзі зь сельсавету й райвыканкаму ў вас бываюць? Пытаюцца, чым дапамагчы?"

(Браніслава :) "За цэлы год ніхто не прыехаў і не запытаўся, трэба нам нешта ці не".

Суседка бабы Броні Леанарда Тачын дадае: летась дзяржаўныя чыноўнікі сюды ўсё ж прыяжджалі. І старыя першым чынам пацікавіліся ў вэртыкальшчыкаў, калі ў вёску пусьцяць аўтобус.



(Тачын: ) "Летась прыяжджалі з раёну й сельсавету, быў старшыня калгасу. Сказалі, што сюды аўтобус хадзіць ня будзе, пакуль не адрамантуюць мост: там няма парэнчаў. Як аўтобус па ім паедзе? А старшыня калгасу сказаў: пакуль гаспадарка мост адрамантуе, усе старыя тут паўміраюць і нікому аўтобус ня будзе патрэбен".

Тры дзясяткі насельнікаў Яхімаўшчыны можна падзяліць на дзьве няроўныя групы: тых, хто вядзе гаспадарку самастойна, і тых, каму дапамагае Вітольд Галавацкі. Пра дзеда Вітольда гаворка пойдзе пазьней, а пакуль пра тых, кім ён апякуецца.

4 гады, як Эльвіна Давідовіч пахавала мужа, і жыве адна. Ня ў прыклад многім сваім аднагодкам, якім пераваліла за 80, яна трымае гаспадарку.



(Давідовіч: ) "Маючы такога добрага чалавека, можна жыць".

(Карэспандэнт: ) "Вы так кажаце пра прэзыдэнта?"

(Давідовіч: ) "Пра Галавацкага! Я на ім трымаюся. Ён мне дапамагае, чым можа. Я самотніца. Ён мне і пасадзіць і пакосіць. На 83-м годзе здароўе дрэннае. Але калі такі добры сусед, я й кароўку трымаю. Каб ня ён, даўно збыла б".

(Карэспандэнт: ) "А ягоная жонка не раўнуе?"

(Давідовіч: ) "Як да такой старой можна раўнаваць? Каб яна да маладой раўнавала. А я — старая. Што да мяне раўнаваць? Мне ўжо ў труну час класьціся, а ня тое, каб нехта раўнаваў".

(Карэспандэнт: ) "Як Яхімоўшчына прагаласавала? За каго?"

(Давідовіч: ) "Я галасавала за Лукашэнку. А болей я нікога не пыталася".

(Карэспандэнт: ) "А вось спадар Галавацкі супраць Аляксандра Лукашэнкі. Вы не баіцеся, што ён кіне вам дапамагаць?"

(Давідовіч: ) "Ня кіне, ён — добры".

З усіх, хто жыве ў Яхімаўшчыне, Вітольд Галавацкі — самая калярытная асоба. Ён адзіны на ўвесь сельсавет, хто выпісвае незалежную газэту, адзіны ў вёсцы, хто не баіцца адкрыта й шчыра размаўляць пра палітыку, ды яшчэ й пераконвае апанэнтаў у слушнасьці сваіх пазыцый. Перад самымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Вітольда Галавацкага й Эльвіны Давідовіч выйшаў маленькі разлад.

(Галавацкі: ) "Яна прыйшла да мяне, каб я ёй змалоў мукі. Я пытаюся: "За каго ты будзеш галасаваць?" Яна мне адказвае: "За таго, хто плаціць грошы". "Хай той чалавек і муку табе дае!" "Тады — за каго скажаш".



(Карэспандэнт: ) "Яна вас паслухалася, ці не?"

(Галавацкі: ) "Дзе яна мяне паслухаецца? Яе ўзялі за руку й паставілі "птушку" там, дзе трэба".

(Карэспандэнт: ) "А вы не баіцеся зь людзьмі размаўляць пра палітыку, пераконваць іх?"

(Галавацкі: ) "Не, не баюся. А чаго мне баяцца? Мне 73-ці год. Чаго тут баяцца? У турме я не патрэбен, біць мяне таксама ніхто ня будзе".

(Карэспандэнт: ) "Людзі ў вёсцы палітыкай цікавяцца?"

(Галавацкі: ) "Цікавяцца. Але электарат Лукашэнкі — гэта вельмі агрэсіўныя людзі. Вось у мяне ёсьць родны брат. Я стаў яму тлумачыць, а ён ўначы з хаты пайшоў".

(Карэспандэнт: ) "Вы займаецеся фэрмэрствам?.."

(Галавацкі: ) "Я ў калгасе рабіў мэханікам. Я папрасіў старшыню: "Дай зямлі". Мне й далі. І я стаў першым фэрмэрам ў Іўеўскім раёне і ў Валожынскім. Ад пачатку было добра. Праўда, папяровая валакіта працягваецца й цяпер. Мне штомесяц трэба здаць справаздачу. Падаткі невялікія — жыць можна, але гэтыя справаздачы: ня здаў — 20 даляраў штрафу".

(Карэспандэнт: ) "Як людзі ставяцца да таго, што вы займаецеся фэрмэрствам?"

(Галавацкі: ) "Раней ставіліся вельмі дрэнна. Яны мяне паліць зьбіраліся й сенажаці касілі. А цяпер яны ставяцца спакойна".

Выглядае, што адзіныя, з кім у Вітольда Галавацкага ня склаліся стасункі, — гэта суседзі, сям''я Чарніцкіх. Зласьліва й дакорліва гаспадыня хаты Амелія Чарніцкая тлумачыць, чаму.



(Чарніцкая: ) "Ён хацеў паставіць сябе надта высока. Але... вы бачылі, як яго скруціла. А што яму — ня блага! Ён шмат грошай мае: млын мае, зямлю мае — грошай столькі, што кішэні рвуцца! А калі чалавек багаты, яму хочацца яшчэ болей і болей. Як нашы ўнукі прыедуць, — ён абавязкова ідзе катаць у пчолаў мёд. Ён гэта спэцыяльна! Я яго прасіла рабіць гэта ў іншы дзень. Ён адказаў: "Што я хачу, тое на сваёй зямлі й раблю!" Мы паскардзіліся ў сельсавет. Пасьля гэтага ён сказаў: як прыедуць дзеці, — у пчолы лазіць ня будзе".

Агітацыя Вітольда Галавацкага перад прэзыдэнцкімі выбарамі мала ў чым паўплывала на канчатковыя вынікі галасаваньня. Аднак на наступных выбарах мясцовай улады ён мае ўсе шанцы стаць дэпутатам сельскага савету. Падтрымка выбарцаў — прынамсі, у Яхімаўшчыне — яму гарантавана.
XS
SM
MD
LG