Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Разьмеркавальнік на Акрэсьціна – звычайная дрэнная турма...”


Радыё Свабода, Менск Комплекс закратаваных будынкаў на менскай вуліцы Акрэсьціна хутка адзначыць сваё трыццацігодзе. У свой час там сядзелі Віктар Ганчар, Анатоль Лябедзька, Людміла Гразнова, Валер Шчукін. А нядаўнія падзеі ў cталіцы зрабілі турму вядомай на ўвесь сьвет. Сотні палітвязьняў, якія пабылі ў ёй за тры апошнія тыдні, дапамаглі намаляваць дакладную карціну ўтрыманьня арыштаваных.

Афіцыйная назва гэтай установы для ўтрыманьня адміністрацыйна арыштаваных – “Гарадзкі прымальнік-разьмеркавальнік”. Аднак у народзе яе папросту называюць “турмой”. Ці дакладнае такое вызначэньне, тлумачыць палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, былы начальнік сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага.

(Алкаеў: ) “Нагляд ёсьць, але жорсткай аховы няма. Калі ўцёкі са сьледчага ізалятару караюць ужываньнем зброі, то на Акрэсьціна знаходзяцца адміністрацыйна арыштаваныя, і адносна іх гэта не ўжываецца. Але збольшага гэта і ўся розьніца. Краты тыя ж – турма тая ж”.

Што будынак на “Акрэсьціна” – гэта ўсё ж ня проста прымальнік для вулічных хуліганаў, а сапраўдная турма, у канцы сакавіка зьведалі каля сямісот чалавек, якія пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў у Беларусі. Такую лічбу падавалі праваабаронцы на падставе сьпісаў, узятых у судах. Між тым адміністрацыя установы дакладнай колькасьці вязьняў не называе.

А якая думка тых, хто адсядзеў там, як кажуць, сваё па поўнай праграме? Дзьмітрый Грыбовіч з Маладэчна адбыў 10 сутак у старым корпусе турмы. Вось ягоныя назіраньні:

(Грыбовіч: ) “Калі мяне выводзілі, то я убачыў на стале паперу, колькі на нашым паверсе было вязьняў. Было пазначана 58 чалавек. У нашай камэры, самай вялікай – 20, потым камэра – 12 чалавек, 10, 7, 6. Усяго тры паверхі зь вязьнямі й адзін адміністрацыйны паверх. Мяркую, чалавек 200 можна туды запхнуць”.

20 чалавек у камэры старога корпусу пры норме 10 – далей можна нічога не казаць пра перанаселенасьць, адсутнасьць сьвежага паветра. Але нядаўна ўстанову на Акрэсьціна пашырылі – пабудавалі дадатковы пяціпавярховы корпус. Магчыма, там прынцыпова новыя ўмовы, якія нарэшце пачалі адпавядаць 21-му стагодзьдзю, эўрапейскім стандартам? Расказвае Надзея Батура з Менску:

(Батура: ) “Калі сядзелі 4 чалавекі ў двухмеснай камэры, то пакутавалі ад духаты, ад пылу, ад смуроду. Паветра стаіць, вэнтыляцыя быццам ёсьць, але амаль не працуе. Пакой маленькі: паўтары мэтры на чатыры . Мы чацьвёра спалі па чарзе на гэтых ложках з дошак, абабітых жалезнымі вугалкамі. Ніяк не маглі сагрэцца, але нам забаранілі ўзяць яшчэ вопратку. У мяне была ў торбе спадніца, хацела нацягнуць на штаны – не далі. Так на голых дошках, на голым жалезе й ляжалі...”

Надзея Батура адзначае адзінае станоўчае адрозьненьне ад старога корпусу: адгароджаныя туалеты – цяпер ня так ужо сорамна перад сваімі ж і вартаўнікамі, якія час ад часу зазіраюць ў акенца. Але што да умоваў жаночай гігіены, то й тут ўсё на ўзроўні пазамінулага стагодзьдзя, кажа яшчэ адна мянчанка, Алена.

(Алена: ) “Жанчынам нічога не выдаецца, зусім. Мы прасілі хаця б туалетную паперу ўзяць з нашых торбаў – нічога не давалі. Да таго часу, як нам праз два дні прынесьлі першую перадачу, было вельмі няўтульна, вельмі, як гэта сказаць... некамфортна”.

Вязьні Акрэсьціна аднагалосна скардзяцца на турэмную ежу. Студэнт Глеб Курцаў на маю просьбу доўга згадваў хаця б нейкую смачную страву, пачаставаную ў турме, і нарэшце, да гонару мясцовага кухара, успомніў пра суп.

(Курцаў: ) “Першыя тры дні вельмі дрэнна кармілі. З суду нас прывезьлі пасьля 9 вечара і ўвогуле ў першы дзень не пакармілі. Улічыце, што везьлі з суду не ў аўтобусе, а ў аўтамабілі для зьняволеных, там мы сядзелі ў такіх цесных жалезных “стаканах”. Потым дзьве гадзіны стаялі на марозе. У людзей шнуркі пазабіралі, стаяць холадна, пачалі мерзнуць... Кажам, завядзіце ў памяшканьне. Не заводзяць. Потым вось тры дні дрэнна кармілі і толькі на шосты дзень – больш-менш. У супе былі і макароны, і бульба разам. Проста сьвята было”.

Колькі разоў кормяць вязьняў на Акрэсьціна? Гэтае пытаньне зусім не рытарычнае. Паводле закону, у Беларусі зьняволеным альбо арыштаваным мусяць даваць тры разы на дзень гарачую ежу. Аднак турма на Акрэсьціна, падобна, выключэньне з гэтага правіла. Усе вязьні ў адзін голас кажуць пра двухразовае харчаваньне. Гандляр Аляксей Кез распавёў, як спрачаўся на гэтую тэму з начальнікам турмы.

(Кез: ) “10 дзён сядзелі ў гэтым пакойчыку і нікуды нас не выводзілі: ані на прагулку, ані ў сталовую. Такога не было, як я бачыў на фотаздымках, быццам водзяць у сталоўку. Туды прыносілі. Давалі звычайную баланду ды сечку, а напярэдадні прыезду назіральнікаў з АБСЭ давалі боршч і катлеты. А як яны зьехалі, зноў засталася толькі сечка і баланда. Кармілі два разы на дзень, хаця павінны былі тры. Нават калі начальнік турмы прыходзіў да нас разам з прадстаўнікоў АБСЭ, ён крычаў: “Чаму два разы? Тры!” Але чаго нам хлусіць – кармілі два разы”.

Усе нашы спробы дамовіцца пра інтэрвію з кіраўніцтвам турмы былі беспасьпяховымі. У найлепшым выпадку можна зьвязацца зь дзяжурным і пачуць ад яго літаральна некалькі словаў. Я запытаўся, чаму насуперак закону вязьняў кормяць толькі двойчы на дзень. Адказ быў катэгарычны:

(Дзяжурны: ) “Харчаваньне ў нас трохразовае. Паўтараю – трох-ра-зо-ва-е. Астатнія пытаньні не па тэлефоне”.

Усе палітвязьні з турмы на Акрэсьціна скардзіліся на халадэчу ў камэрах. Толькі з-за гэтага было немагчыма спаць, ня кажучы ўжо пра адсутнасьць месца ці сьвежага паветра. Ня дзіва, што шмат хто захварэў. Ці аказвалася ў такіх выпадках мэдычная дапамога? Глеб Курцаў згадвае:

(Курцаў: ) “Цягам двух дзён прыходзіў доктар. У паловы камэры былі застуджаныя вушы, бо чалавек сьпіць на халодным, а падкласьці няма чаго. Доктар ціскае на вузлы з левага боку – баліць, з правага боку – не баліць. “На табе тры таблеткі анальгіну й лячыся...” Гэта ў іх лякарства на ўсе выпадкі і ад ўсіх хваробаў”.

У адрозьненьне ад мэдыцынскага – бытавое, так бы мовіць, назіраньне за арыштантамі пастаўлена на дастаткова высокі, хоць пакуль прымітыўны ўзровень. Дагэтуль вартаўнікі сочаць за імі празь дзьвярное акенца. Але ў новым корпусе паўсюдна ўсталяваныя ўжо спэцыяльныя відэакамэры, дзякуючы якім у хуткім часе будуць фіксаваць кожны рух вязьняў. А пакуль тэхніка нібыта не працуе. Пра гэта мне казала, напрыклад, студэнтка Ксенія Кручок, са спасылкай на вартаўнікоў. Але каб нават электроніка ўжо дзейнічала, яе б гэта ня вельмі турбавала.

(Кручок: ) “А потым ужо і не заўважаеш. Хай глядзяць, калі ім так падабаецца. Што з ... возьмеш”.
XS
SM
MD
LG