Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыйныя камісіі разглядаюць справы непаўналетніх з Плошчы


Радыё Свабода, Менск Адміністрацыйная камісія Першамайскага раёну Менску разгледзела справы непаўналетніх удзельнікаў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Бацькам выстаўленыя папярэджаньні, а школьнікі пастаўленыя на ўлік у камісіі ў справах непаўналетніх. Аднак ні бацькі, ні дзеці не прызнаюць сваёй вінаватасьці й заяўляюць, што пакараньні былі прымеркаваныя да цырымоніі інаўгурацыі Лукашэнкі.

Навучэнку 10-й клясы Яўгенію Карону затрымалі ў ноч на 24 сакавіка падчас разгрому намётавага лягеру. Неўзабаве яе адпусьцілі, але цяпер выклікалі на адміністрацыйную камісію разам з маці. Дзяўчына хварэе, а таму спадарыня Тамара прыйшла адна. Тое, што адбывалася падчас паседжаньня камісіі, жанчына згадвае са сьлязьмі.

(Тамара: ) “Мне міліцыянэр кажа, што яе забіралі з плошчы два чалавекі і што яна крычала лёзунгі “Жыве Беларусь!” і “Далоў Лукашэнку!”. Дык вы што, пагаджаецеся з гэтым? І тут завуч кажа: так, гэтая маці такая. Яна падтрымлівае сваю дачку ўва ўсім гэтым. І тут яны пачалі казаць, што якая вы маці, і гэтак далей. Гэта жах, бязьмежжа, што хочуць, тое й твораць”.

Галіна Яроміна гэтаксама атрымала за свайго 17-гадовага сына папярэджаньне, але гэтаксама з павагай ставіцца да выбару Данілы. Хлопец сябе вінаватым ня лічыць.

(Даніла: ) “Гэта пустая фармальнасьць і яны ніякім чынам не зьмянілі маё стаўленьне да тых падзеяў, у якіх я браў удзел”.

Камісія ў справах непаўналетніх разглядала дзясяткі спраў, у тым ліку тых падлеткаў, якія былі затрыманыя падчас агітацыйнай кампаніі. Зьміцер Карповіч прыйшоў разам з сынам, якога вінавацяць у распаўсюдзе ўлётак за Аляксандра Мілінкевіча.

(Карповіч: ) “Я сёньня сюды прынёс частку тых матэрыялаў. Гэта праграма кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча, на буклетах ёсьць усе выходныя зьвесткі. Да 18 сакавіка агітацыйная кампанія была афіцыйна дазволеная. На падставе чаго яго вінавацяць?”

Тым ня менш, паводле спадара Карповіча, чальцы камісіі паведамілі, што ягоны сын будзе пастаўлены на ўлік у камісіі ў справах непаўналетніх, а таксама ў КДБ. Бацька яшчэ аднаго юнака, таксама затрыманага за распаўсюд агітацыйных матэрыялаў за Аляксандра Мілінкевіча, перакананы, што пакараньні падлеткам і іхным бацькам адміністрацыйная камісія адмыслова прымеркавала да інаўгурацыі Лукашэнкі.

(Спадар: ) “Хутчэй за ўсё – гэта разнарадка зьверху, каб строга паставіліся. Гэта ўсё – абсурд. І гуляецца гэты тэатар абсурду напярэдадні заўтрашняга дня – падарунак вядома каму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG