Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народныя бунты й пратэсты


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 6 красавіка) Новая перадача сэрыі "Беларуская Атлянтыда”.

Удзельнік: гісторык Генадзь Сагановіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Бунт і пратэст. Чым яны розьняцца паміж сабой? Бунт — гэта стыхійны выступ супраць улады, супраць залежнасьці ад яе. Гэта адкрытая непакора, або, гаворачы больш сучасна, актыўная форма пратэсту й супраціву, што не кіруецца й не кантралюецца. Сваёй стыхійнасьцю й спантанасьцю бунт розьніцца ад грамадзкага руху ці паўстаньня, якое зазвычай рыхтуецца й мае палітычную праграму. Напэўна, нават магчыма сказаць, што бунт, якія мае ідэалягічную скіраванасьць, робіцца пратэстам. Але ці можна азначыць той ці іншы народ, тую ці іншую нацыю як народ, нацыю бунтаўшчыкоў?”

(Генадзь Сагановіч: ) “Па-мойму, толькі пры вялікім спрашчэньні сутнасьці нейкі народ можна называць народам бунтароў, а іншы, наадварот, — народам, пазбаўленым бунтарства. Бо народ ніколі не бывае гамагеннай супольнасьцю: у ім знойдуцца і першыя, і другія. А стыхійная праява духу супраціву можа выбухаць зусім непрадказальна. Але, натуральна, схільнасьць да супраціву ў розных народаў розная, і залежыць яна ня толькі ад гістарычнай памяці, але й ад “голасу крыві”, ад генаў. У гэтым сэнсе і славяне, і балты, канечне ж, істотна саступаюць, прыкладам, народам паўднёвага паходжаньня”.

(Ракіцкі: ) “Супраць чаго, найперш, у гістарычным мінулым бунтавалі беларусы? Што магло іх змусіць узяцца за стрэльбы ці вілы?”

(Сагановіч: ) “Зазвычай бунт сялян выклікала радыкальнае пагаршэньне ўмоў жыцьця або замах на падставовыя каштоўнасьці — гвалтоўная замена веры бацькоў, разбурэньне традыцыйнага ўкладу. Мяшчане рэагавалі бунтам ня толькі на пагаршэньне эканамічных умоў жыцьця: іхныя выступы ня раз былі справакаваны зьменамі грамадзка-палітычнага характару або абразай рэлігійных пачуцьцяў. Прыкладам, магілёўцы ў 1606 годзе паўсталі супраць “крыўдаў”, занялі ратушу й выбралі сваю раду, якая доўга кіравала горадам, а мяшчане Мазыру ў 1615 годзе шляхам узброенага выступу дамагліся пераходу з падпарадкаваньня замкавым уладам пад юрысдыкцыю магістрату — гэта значыць, дамагліся пашырэньня на свой горад магдэбурскага права. У Полацку мяшчане збунтаваліся супраць увядзеньня грыгарыянскага календара, а вядомы бунт віцебчукоў у 1623 годзе быў справакаваны гвалтоўнымі мэтадамі Кунцэвіча й скончыўся забойствам яго. І эліта была падатлівай на бунтарства. Хоць там яно стрымлівалася прызвычаенасьцю да прававой культуры, пэўным культам права. Князі й шляхта маглі бунтаваць нават з прычыны абразы іхнае годнасьці. Бунтарны дух вольналюбнага рыцарскага стану, гатовага хапацца за шаблю й выступаць як супраць сваёй брацьці, гэтак і супраць караля й вялікага князя, выяўляўся ў шматлікіх шляхецкіх рокашах і ўзаемных разьбіральніцтвах”.

(Ракіцкі: ) “Што рабілі людзі ў часе бунтаў — палілі панскія палацы, агалошвалі прамовы?”

(Сагановіч: ) “Бунты ня ўпісваліся ў адзін сцэнар, хоць тыпалягічнае падабенства можна вызначыць. Найчасьцей узбунтаваныя сяляне папросту ўцякалі — ці да іншага пана, ці ў лес, ці “на Ніз” — на Ўкраіну, на вольніцу, дзе ўжо іх не магла дастаць ніякая ўлада. Традыцыйнай формай супраціву была адмова ад выкананьня павіннасьцяў і спроба дамагчыся палёгкі, адстаяць “праўду”.

Падпал шляхецкіх маёнткаў і зьнішчэньне дакумэнтацыі, расправа з панам або ўзброены напад на адміністрацыю — гэта скрайнія формы супраціву, да якіх даходзіла параўнальна рэдка. Трэба прызнаць, што без вайны за зброю мужыкі або мяшчане браліся сапраўды ня часта. І на гэта іх неаднаразова правакавала сама ўлада, прысылаючы на ўтаймаваньне бунту войска”.

(Ракіцкі: ) “Ці былі ў беларускай гісторыі доўгатэрміновыя й асэнсаваныя паўстаньні? А, мо, выступы былі толькі ўспышкамі народнага гневу?”

(Сагановіч: ) “Беларуская гісторыя ведае прыклады шматгадовага ўзброенага супраціву ўладзе, дэманстраванага сялянамі. Гэта вядомае паўстаньне ў Крычаўскім старостве ў 1740—1744 гадах, справакаванае свавольствам адміністрацыі, калі ўзбунтаваныя мужыкі добра арганізаваліся й спрабавалі нават узяць Крычаў, або выступленьне сялян Камянецкай воласьці, якое пачалося празь дзесяць гадоў пасьля Крычаўскага паўстаньня й таксама ахапіла тысячы людзей — пакуль не было жорстка задушана войскам. Але здаралася й такое, што даведзеныя да адчаю сяляне ўздымаліся супраць войска й праганялі яго. У тым жа Крычаўскім старостве ў 1696 годзе мужыкі паўсталі супраць прыведзенай на пастой харугвы Агінскага, што абабрала іх аж да апошняй скарынкі, і разьбілі яе. У ваенныя гады ўмовы жыцьця радыкальна пагаршаліся, і прыкладаў стыхійнага выступленьня беларускіх сялян і мяшчан супраць чужаземнага войска больш, чым дастаткова.

(Ракіцкі: ) “Ці шмат народных бунтаў зьведала за сваю гісторыю Беларусь?”

(Сагановіч: ) “Можна сказаць, што нямала. У сярэднявечнай Беларусі бунтавалі і арыстакратыя, і шляхта, і гараджане з мужыкамі. Іншая рэч, што пра народныя бунты да ХVІ стагодзьдзя папросту не захаваліся крыніцы. Зь летапісаў ведаем, напрыклад, пра бунты Полацку, Віцебску й іншых гарадоў Беларусі супраць Ягайлы, Скіргайлы й Вітаўта, ведаем пра стыхійныя выступленьні князёў супраць Крэўскай уніі, супраць Казіміра Ягайлавіча, урэшце — пра антыдзяржаўны мяцеж, узьняты князем Міхаілам Глінскім у 1508 годзе. А вось пра масавыя, народныя бунты ў гэтыя стагодзьдзі мы папросту ня маем інфармацыі, таму ня можам сказаць, былі яны ці не. Затое, пачынаючы з канца ХV—ХVІІ стагодзьдзяў і да савецкай эпохі, уключна, гістарычных зьвестак дастаткова, каб гаварыць: так, народ бунтаваў. Дасьледчыкі кажуць, што пачалося ўсё з завяршэньня працэсу запрыгоньваньня вольных сялян і ўдасканаленьня сыстэмы эксплюатацыі. Сапраўды, ува ўсходнебеларускіх воласьцях сяляне стыхійна выступалі супраць “валочнай памеры” — зьнішчалі межавыя знакі й адмаўляліся ад павіннасьцяў. Але найбольшую хвалю бунтаў выклікала ўвядзеньне царкоўнай уніі, калі сваёй непакорай вызначыліся мяшчане Віцебску, Полацку, Магілёву, Воршы, Слуцку ды Менску. Наступнай можна лічыць хвалю сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя — масавыя выступленьні сялян і гарадзкіх нізоў на паўднёвым усходзе Беларусі, справакаваныя, галоўным чынам, паўстаньнем Запароскага казацтва. Затым быў той шырокі рух народнага супраціву маскоўскай уладзе ў часе вайны 1654—1667 гадоў, які мы сталі называць першай вялікай партызанскай вайной, фактычна цалкам стыхійны. А потым сялянскія бунты сярэдзіны — другой паловы ХVІІІ стагодзьдзя. У ХІХ стагодзьдзі значная хваля бунтаў ускалыхнула Беларусь пасьля вайны 1812 году, калі мужыкі чакалі палёгкі, а расейскі ўрад, наадварот, павялічыў павіннасьці. Потым, у выніку скасаваньня царкоўнай уніі, і ў 1840—1850-х гадах, калі сялян узьнялі чуткі пра хуткую адмену прыгону й адгалоскі эўрапейскіх рэвалюцыяў 1848 году. Тады ў Беларусі сялянскіх бунтаў было ўдвая больш, чым у сярэднім па Расейскай імпэрыі. А пра стыхійны рух супраціву ў Беларусі ХХ стагодзьдзя сёньня больш-менш вядома. Хіба найбольшым маштабам вызначыліся антысавецкія выступы ва Ўсходняй Беларусі ў 1920—1930-х гадах.

(Ракіцкі: ) “А калі ўзьнікаюць масавыя пратэсты, на чале якіх ужо лідэры ня зь віламі, а з праклямацыямі, ідэямі?”

(Сагановіч: ) “Гэта ўжо нацыянальны рух, характэрны для 19-га стагодзьдзя. Ён характэрны ўвогуле для Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Антырасейскія вызвольныя паўстаньні азначаюць пачатак эпохі асэнсаванага супраціву, у нейкай ступені — бунтарнага. Думаю, што масавы актыўны выступ абавязкова зьвязаны з нацыянальнай ідэяй”.

(Ракіцкі: ) “Вы схільны называць Беларусь краінай бунтаў? А ці ня ёсьць бунтарства нацыянальнай рысай беларусаў?”

(Сагановіч: ) “Думаю, што не. У нашай гісторыі прыродна-геаграфічныя фактары вызначалі больш, чым біялягічныя. Яшчэ Любаўскі некалі трапна сказаў, што тут, у Беларусі, усё “сядзела на старым корані”, жыло сваёй “старыной”, г.зн. традыцыяй. Сталае жыхарства, даволі густая (параўнальна з усходам і поўднем) сетка гарадоў і мястэчак, устойлівыя формы жыцьця. Ні гор, ні стэпаў, патрэбных для зьяўленьня арганізаванай сілы пратэсту. Наадварот, існаваў своеасаблівы кляпан для яе выпусканьня: найбольш актыўны бунтарны элемэнт у 16-18 стагодзьдзях сыходзіў на Ўкраіну. Таму і ўласнай казацкай арганізацыі ў Беларусі не было, бо яна — спараджэньне вольнага дзікага стэпу, а ў нас яму не было як паўстаць. Такая асаблівасьць нашай гісторыі не павінна лічыцца адмоўнай. У свой час Акіншэвіч падкрэсьліў, што ў гэтым сэнсе Беларусь акурат стаяла “ў адным шэрагу з краінамі Заходняй Эўропы”.

З іншага боку, і спакойнай Беларусь калісь не лічылі . У дакумэнтах часта сустракаюцца прыклады таго, як прадстаўнікі расейскіх уладаў у сярэдзіне ХVІІ стагодзьдзя наракалі на ненадзейнасьць беларускага насельніцтва, хоць яно фармальна й ляяльнае, або як скардзіліся на неспакой у Беларусі расейскія адміністратары першай паловы ХІХ стагодзьдзя”.

(Ракіцкі: ) “Якія з бунтаў ці асэнсаваных пратэстаў сталі вызначальнымі для беларускай гісторыі? І чаму яны не абрасьлі такімі легендарнымі падрабязнасьцямі, каб стаць агульнанацыянальным мітам?”

(Сагановіч: ) “Сапраўды, ніводзін з бунтаў, нават самых вялікіх, ніводзін з рухаў масавага супраціву акупантам у 17-м стагодзьдзі, і нават вызвольныя паўстаньні 19-га стагодзьдзя, ня сталіся нацыянальным мітам. Прычына ў тым, што беларусы ня мелі нацыянальнай дзяржавы, і, наадварот, тая дзяржава, якая была ў 19-м стагодзьдзі, амаль увесь час імкнулася не дапусьціць, каб нацыянальна-вызвольныя паўстаньні мітазаваліся да маштабу агульнанацыянальнага й сталі вызначальнымі для фармаваньня масавай сьвядомасьці беларусаў. Наадварот, улады заўсёды падкрэсьлівалі нават у вызвольных паўстаньнях іхны клясавы характар, уздымалі значэньне бунтаў сацыяльных. І, як мы добра ведаем, паўстаньне Кастуся Каліноўскага ў савецкай гісторыі болей кваліфікавалася як сацыяльны супраціў царызму”.

(Ракіцкі: ) “Беларусы ніколі ня ведалі рэвалюцыяў…”

(Сагановіч: ) “Сваіх, сапраўды, не. Але яны маглі ўдзельнічаць у тым масавым супраціве, які пачынаўся, прыкладам, з гэтак званай першай расейскай рэвалюцыі, калі адкрываліся нейкія свабоды. Беларусы — нармальныя людзі, нармальны народ, здольны ня толькі да бунтаў, але й да асэнсаваных паўстаньняў, рэвалюцыяў. Папросту тая верхняя элітарная частка беларусаў, якая рэагавала значна вастрэй, частка крэатыўная, у выніку векавой сэлекцыі зьнікла. І ў масе сваёй беларусы застаюцца носьбітам геннай інфармацыі сацыяльных нізоў. Яны, падымаючыся на супраціў, могуць, з майго гледзішча, выяўляць вельмі выразную ўпартасьць”.

(Ракіцкі: ) “А вось жа сёлетні сакавіцкі пратэст беларусаў, сьведкамі якога мы сталі, многія палітолягі ўжо называюць ледзь не гістарычнай падзеяй. Дарэчы, гэткага ж меркаваньня прытрымліваюцца й асобныя нашы слухачы. Давайце паслухаем некалькі тэлефанаваньняў.

(Голас: ) “Я хачу сказаць пра дзень 25-га сакавіка, які, напэўна, увойдзе ў гісторыю як самы жорсткі дзень. Супраць нас стаялі людзі са шчытамі, дубінкамі, кулямі і ўсім астатнім…”

(Голас: ) “Я вельмі ганаруся сваёй краінай. Усё, што адбывалася на мінулым тыдні, гэта — уваскрашэньне нашай нацыі. Я думаю, што сам Бог уваскрасіў нашу нацыю, падняў яе, і сёньня мы можам сьмела гаварыць, што мы, беларусы, вялікая нацыя. Жыве Беларусь! У нас ёсьць будучыня. У нас ёсьць пэрспэктыва”.

(Ракіцкі: ) “Дык ці магчыма ў найноўшай гісторыі беларусаў, той гісторыі, якую сёньня перажываюць беларусы, каб гэты сакавіцкі пратэст набыў статус міту й паўплываў на далейшую хаду гісторыі? Пытаюся ў Вас як у гісторыка”.

(Сагановіч: ) “А я хацеў бы выказацца не як гісторык, а як чалавек звычайны, грамадзянін. Гісторыку вельмі цяжка штосьці сказаць усур’ёз пра падзеі, якія мы самі перажываем. Павінен прайсьці час. Мы пакідаем тут развагі палітолягам. А як чалавек я пагаджаюся, што гэтыя сакавіцкія падзеі на нашых вачах робяцца мітам. Яны ўзьнялі напал настрояў на раней ня бачаную нам вышыню. Сапраўды, сакавіцкія падзеі, як на мой погляд, пачалі адлік новага часу найноўшай гісторыі Беларусі. Яны — я перакананы — стануць фактарам новай гістарычнай сьвядомасьці. Толькі ці будуць яны зноў-такі агульнанацыянальным мітам? Ведаеце, ніякія падзеі ня стануць самі па сабе мітам для ўсіх — гэта значыць, нейкай фундамэнтальнай у разуменьні людзей падзеяй — без адлюстраваньня яе ў мэдыях, падручніках, бяз працы на пашырэньне інфармацыі. Пакуль што праўда пра апошнія падзеі вядома й асэнсавана ў вельмі нешырокіх колах”.
XS
SM
MD
LG