Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адвакат А.Казуліна падаў скаргу ў пракуратуру


Радыё Свабода Аляксандар Казулін быў затрыманы 25-га сакавіка незаконна — лічаць ягоныя абаронцы. Адпаведная скарга пададзена сёньня ў пракуратуру Беларусі.

7 сакавіка адвакат Ігар Рынкевіч сустрэўся з экс-кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным, якога ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары Жодзіна. Пасьля ўзгадненьня з Казуліным адвакат накіраваў скаргу ў пракуратуру, у якой аспрэчвае законнасьць затрыманьня.

Паводле Ігара Рынкевіча, падчас затрыманьня кандыдата на прэзыдэнта былі парушаны адразу некалькі нормаў закону.

(Рынкевіч: ) “Яго затрымлівалі з парушэньнем патрабаваньняў 108 артыкулу. Бо вынікала, што затрыманьне рабілі паводле падзеяў 17-га лютага й 2-га сакавіка. Але ад Казуліна на той час ужо ўзялі пісьмовае абавязаньне зьяўляцца на выклік да сьледчага ў гэтай справе. І ад таго часу іншых законных падставаў для затрыманьня спадара Казуліна не было.

Парушылі таксама й 110-ы артыкул крымінальна-працэсуальнага кодэксу — не паведамілі належным чынам пра ягоныя правы як затрыманага.

Нарэшце, парушылі грамадзянскія правы на абарону: ніводзін адвакат да Аляксандра Казуліна прыйсьці ня здолеў, і сваякі амаль дзень ня ведалі, дзе ён знаходзіцца. Між тым, артыкул 115-ы гэтага патрабуе”.

Нагадаем, паводле падзеяў 17-га лютага й 2-га сакавіка, Аляксандра Казуліна абвінавацілі ў злосным хуліганстве. За гэта яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Спадар Казулін віны не прызнае, а справу супраць сябе называе “расправай з палітычным апанэнтам”. Таксама ён не прызнае й абвінавачаньня ў арганізацыі вулічных беспарадкаў, вылучанага да яго паводле падзеяў 25-га сакавіка.

У турме былы кандыдат на прэзыдэнта ўвогуле адмовіўся прымаць удзел у сьледчых дзеяньнях па сваёй справе.

Падчас затрыманьня 25-га сакавіка Аляксандар Казулін быў моцна зьбіты. Вось як адвакат Ігар Рынкевіч адказаў на пытаньне “Свабоды” пра цяперашні стан здароўя экс-кандыдата на прэзыдэнта.

(Рынкевіч: ) “Здароўе ягонае палепшала: і адчувае сябе лепей, і, вядома, аказваецца пэўная мэдычная дапамога. Была праведзена адносна Казуліна судова-мэдычная экспэртыза. Прычым, як цяпер стала вядома, адбывалася гэта цягам двух дзён — 4-га й 5-га красавіка”.

“Вынікі экспэртызы найперш стануць вядомы сьледзтву, а пасьля ўжо пра іх паведамяць спадару Казуліну й ягонаму адвакату”, — сказаў Ігар Рынкевіч. Зазвычай, паводле адваката, на гэта патрабуецца “некалькі тыдняў”, але Ігар Рынкевіч чакае, што ўсё адбудзецца хутчэй.

Да таго ж, сёньня абаронца Казуліна падаў скаргу на імя старшыні Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалы. У скарзе прапанавана апратэставаць рашэньне судзьдзі Вярхоўнага Суду Мікалая Бабкова, які адмовіўся разглядаць скаргу Аляксандра Казуліна на несапраўднасьць мінулых прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG