Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У турме на Акрэсьціна застаюцца 59 палітвязьняў


Радыё Свабода У ноч на суботу з турмы на Акрэсьціна выйдуць 42 чалавекі, якія былі арыштаваны 24-га сакавіка падчас разгрому намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы Менску. Усе яны адбываюць адміністрацыйнае зьняволеньне тэрмінам 15 сутак. У турме працягваюць заставацца яшчэ 17 палітычных вязьняў, арыштаваных і зьняволеных падчас акцыі пратэсту 25-га сакавіка. Пасьля 15 сутак арышту яны выйдуць на волю ў нядзелю 9 сакавіка.

Сваякі зьняволеных, якія выйдуць з турмы сёньня ўночы, кажуць, што апошнія дні чаканьня — самыя цяжкія.

(Спадарыня: ) “Сын у мяне тут. Сёньня ўжо апошні дзень, але трэба яшчэ заплаціць. Ведаеце, нэрвы ўжо здаюць. Я ня думала, што ў апошні дзень будзе гэтак цяжка. Натуральна, што злосьць такая зьявілася, асабліва за тыя першыя чатыры дні, калі невядома было, дзе яны. Гэта дараваць немагчыма. (Плача.)

(Дзяўчына: ) Крыху лепш цяпер на сэрцы, бо ў першыя дні ні есьці, ні спаць немагчыма было. Я прыйшла да свайго сябра, які тут адбывае 15 сутак. Ён вельмі таленавіты чалавек, прафэсійны музыкант. Сядзіць таксама зь вельмі добрымі людзьмі — журналістам, мастаком. Як выйдзе — можа, напіша што, альбо, можа, разам што зробім (я — таксама музыкант). У яго сарвалася некалькі канцэртаў, таму як вызваліцца — адразу на канцэрт паедзе. Канечне, хацелася б, каб наша краіна вырвалася з гэтага палону, канцлягеру, можна сказаць, які, пэўна, ня тут, на Акрэсьціна, а ўжо на мяжы праходзіць. Мы любім сваю краіну. Але тое, што тут творыцца, — канечне, на гэта спакойна глядзець нельга. Нас не схапілі яшчэ. І я думаю, што гэта толькі штуршок”.

Сябры палітвязьняў, якія выйдуць з турмы толькі ў нядзелю, працягваюць несьці зьняволеным перадачы.

(Юнак: ) “Я прыйшоў да сваіх сяброў, зь якімі разам вучыўся пяць гадоў. Мы мінулым годам закончылі ўнівэрсытэт. Іх забралі 25-га сакавіка, і адпусьцяць у нядзелю. Ну, я паспрабую яшчэ дзьве перадачы зрабіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы пра гэта ўсё думаеце?”

(Юнак:) “Калі яшчэ мы вучыліся, то й тады студэнтаў не пускалі ў інтэрнаты, заганялі галасаваць датэрмінова. Цяпер гэта было яшчэ горш. Я вельмі рады, што 19-га людзі выйшлі на вуліцу. Я ганаруся тымі, хто стаяў на плошчы. Мы таксама хадзілі на плошчу, насілі ім ежу, а 25-га сакавіка разам зь сябрамі выйшлі на вуліцу. Канечне, пасьля таго, што адбылося 25-га, калі людзей папросту так забіраюць на вуліцы, — быў страх. Але цяпер я ведаю вельмі шмат людзей, гатовых выйсьці на вуліцу (хоць дагэтуль яны ні разу такога не рабілі)”.
XS
SM
MD
LG