Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Чарнобыльскага інваліда палюе міліцыя


Радыё Свабода Чарнобыльскага ліквідатара, актывіста каманды Мілінкевіча, інваліда другой групы Васіля Сіліверста з Калінкавічаў міліцыянты сёньня спрабавалі сілай даставіць у суд. Справа скончылася тым, што інваліда, які перанёс ужо два інфаркты, замест міліцыянтаў забрала машына "хуткай дапамогі".

Калінкавіцкія міліцыянты знайшлі Васіля Сіліверста ў Ельску, дзе жыве ягоная 90-гадовая маці, якую той прыехаў наведаць. Міліцыянты запатрабавалі, каб спадар Сіліверст неадкладна паехаў зь імі ў Калінкавічы:

(Сіліверст: ) "Мне закруцілі рукі й кажуць: “Паедзеш з намі ў Калінкавічы — мы мусім адвезьці цябе да пракурора”. Я ім адказваю: “Не чапайце мяне, я — хворы”. Неяк я вырваўся й забег да суседа, такога ж хворага чалавека. Зачынілі дзьверы. Тады яны зрабілі блякаду дому, выклікалі супрацоўнікаў МЧС, з энэрганагляду. Гэта доўжылася амаль сем гадзін. Скончылася тым, што позна ўвечары прыйшла мая маці й выклікала "хуткую дапамогу". Мне зьмерылі ціск, і адразу павезьлі ў рэанімацыю".

У Ельскім шпіталі Васіль Сіліверст правёў ноч з 6-га на 7-га красавіка. А сёньня раніцай яго выпісалі. Кіраўнік рэанімацыйнага аддзяленьня Ігар Колчын гаворыць, што здароўю Сіліверста цяпер нічога не пагражае:

(Колчын:) "Са здароўем у яго на дадзены момант усё нармальна. Ён паступаў учора з прыкметамі стэнакардыі. Але ў тэрапіі месцаў не было, і яго паклалі ў рэанімацыю. Сёньня раніцай правялі кансыліюм, зьнялі кардыяграму — усё нармальна. Сіліверста выпісалі дахаты".

Калінкавіцкія міліцыянты ўчора ўвечары паехалі за машынай "хуткай дапамогі" ў шпіталь. Там яны атрымалі даведку, што ліквідатар шпіталізаваны. І толькі тады вярнуліся ў Калінкавічы. Такія раптоўныя дзеяньні спадар Сіліверст тлумачыць тым, што 8 красавіка спаўняецца роўна два месяцы з таго дня, як на яго склалі пратакол аб адміністратыўным парушэньні. А згодна зь дзейным заканадаўствам, калі справу не разгледзелі цягам гэтага тэрміну, дык яна аўтаматычна спыняецца.

Нагадаем: 8 лютага ў сельскім Доме культуры вёскі Сірод Калінкавіцкага раёну Васіль Сіліверст зрабіў заўвагу супрацоўніцы бібліятэкі з нагоды агітацыйнага стэнду зь біяграфіяй Аляксандра Лукашэнкі. Агітацыя за прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкі пост тады яшчэ не пачалася, і таму ён параіў зьняць агітацыйны матэрыял. Атрымаўшы адмову на сваю просьбу, Васіль Сіліверст зьняў біяграфію са стэнду сам. Пасьля гэтага супрацоўнікі Дому культуры выклікалі міліцыю.
XS
SM
MD
LG