Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сышоў з пасады генэральны дырэктар магілёўскага “Хімвалакна”


Радыё Свабода Паводле афіцыйнай інфармацыі, генэральны дырэктар самага буйнога на Магілёўшчыне прадпрыемства Леанід Гецанок пакінуў пасаду з уласнага жаданьня. Выканаўцам абавязкаў кіраўніка “Хімвалакна” прызначаны былы намесьнік начальніка ўпраўленьня па хіміі канцэрну “Белнафтахім” Уладзімер Сакалоў.

Выканаўчая ўлада кадравай зьмены не камэнтуе. Афіцыйныя мэдыі пра гэту падзею ня згадваюць. З гарадзкіх газэт толькі “Днепровская неделя” прысьвяціла гэтай тэме невялікую нататку.

Работнікі прадпрыемства між сабой кажуць, што сп. Гецанок выкарыстоўваў розныя спосабы выжываньня прадпрыемства, якое патрабуе сур’ёзнай рэканструкцыі — і гэта магло не спадабацца ўладзе.

У сувязі з адстаўкай Леаніда Гецанка згадваюць і пра нядаўні скандальны выпадак.

Начальнік ідэалягічнага аддзелу прадпрыемства Віктар Грабянец у перадвыбарчы час на сустрэчы з работніцамі на пытаньне — “Ці можна пражыць на 200 тыс. беларускіх рублёў?” — адказаў: “Што гэта за жанчына, якая ня можа скроіць сямейнага бюджэту?” Па сканчэньні сустрэчы жанчыны склалі на прамоўцу калектыўную скаргу, і галоўнага ідэоляга пазбавілі пасады.
XS
SM
MD
LG