Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якімі пачуцьцямі чакаюць інаўгурацыі А.Лукашэнкі ў Менску?


Радыё Свабода 8 красавіка ў Менску адбудзецца інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Першапачаткова афіцыйная цырымонія была прызначаная на 31 сакавіка, аднак затым была адтэрмінаваная. Акрамя таго, напярэдадні Эўрапарлямэнт заклікаў правесьці паўторныя выбары ў Беларусі. Што пра ўсё гэта думаюць жыхары сталіцы? Наша апытаньне праведзенае ў раёне Кастрычніцкай плошчы.

(Карэспандэнтка: ) “На дзяржаўным узроўні рыхтуюцца ўрачыстыя імпрэзы. Для вас інаўгурацыя прэзыдэнта гэта што?”

(Юнак: ) “Нават ня ведаю. З аднаго боку гэта можа й сьвята, а зь іншага – фармальнасьць, бо ўсё гэта вельмі суб”ектыўна”.

(Спадарыня: ) “Для мяне гэта ўрачыстасьць, бо выбралі таго, каго хацелі. Таму, я лічу, што інаўгурацыя павінна прайсьці так, каб мы кожнай клетачкай адчулі, асабліва нашыя дзеці й моладзь”.

(Юнак: ) “Не, гэта звычайны дзень. Магчыма для прэзыдэнта й будзе сьвята”.

(Спадар: ) “Я прыхільнік таго, што належыць табе два тэрміны – і усё. Бо ў Беларусі дастаткова разумных людзей, якія могуць кіраваць краінай, а ня толькі ён”.

(Юнак: ) “Для мяне гэта ня сьвята, бо я галасаваў за Мілінкевіча. Калі ён прыйдзе да ўлады, тады й будзе сьвята”.

(Спадар: ) “Я нічога не адчуваю. Нічога ў краіне не зьмянілася. Будам чакаць новых выбараў”.

(Карэспандэнтка: ) “Інаўгурацыя адбываецца тады, калі афіцыйнае віншаваньне будучаму прэзыдэнту даслалі такія краіны, як Расея й Куба, але прамаўчалі найбліжэйшыя суседзі – Літва, Польшча й Украіна. Акрамя таго, Эўрапарлямэнт заклікае правесьці паўторныя выбары й разглядае пытаньне забароны на ўезд Лукашэнкі ў краіны Эўразьвязу. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Юнак: ) “У нашай краіне ня шмат сяброў сярод эўрапейскіх краінаў – гэта вядома й зразумела”.

(Юначка: ) “Я магу толькі адно слова сказаць: зайздросьцяць”.

(Юнак: ) “Мне падаецца, што гэта ўплыў НАТА. Паколькі ўсе эўрапейскія краіны зьяўляюцца сябрамі гэтай арганізацыі, то амэрыканцы зацікаўленыя, каб і Беларусь таксама ўступіла. А таму падбухторваюць іншыя краіны на гэткія крокі”.

(Юнак: ) “Я лічу, што тыя акцыі пратэсту, якія адбыліся ў Менску, яны значна паўплывалі на вынік усёй выбарчай кампаніі. У мяне ў самога вельмі шмат сяброў зараз сядзяць у Жодзіна. Менавіта гэта не падабаецца лідэрам эўрапейскіх краінаў і ўсё робіцца не выпадкова. Акрамя таго, якая палітыка вядзецца адносна эўрапейскіх краінаў, то нічога іншага паміж Беларусьсю й Эўропай быць ня можа”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму інаўгурацыя прэзыдэнта першапачаткова была прызначаная на 31 сакавіка, а затым адтэрмінаваная на 8 красавіка? З чым гэта зьвязана?”

(Юнак: ) “Мне дадаецца, што моцна паўплывалі мітынгі й усё тое, што адбывалася на плошчы. Прэзыдэнт, пэўна, хацеў, каб усё ўгаманілася”.

(Юначка: ) “Бо былі гэтыя мітынгі й забастоўкі. Гэта магло пашкодзіць прэзыдэнту”.

(Спадар: ) “Усялякія чуткі хадзілі: й што хворы, я так і думаю, што хворы. Усялякае бывае”.

(Юнак: ) “Я чуў, што ў Лукашэнкі інсульт. Пагэтаму, мне падаецца, і перанесьлі”.

(Спадар: ) “Проста ён быў у такім жахлівым становішчы, што пакуль яго не падлячылі, не прывялі ў нармалёвы стан. Дзякуй Богу, што ён яшчэ сам ходзіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG