Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзьве сястры на адной плошчы


Радыё Свабода Радыё Свабода працягвае расказваць пра людзей, якія былі асуджаныя за ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Сёстры Тацяна Нядбай і Ірына Дарафейчук былі затрыманыя ўдзень 21 сакавіка, у падземным пераходзе ля Дому афіцэраў. Тацяну асудзілі на 5 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, Ірыну – за дробнае хуліганства. Пазьней Ірына страціла працу.

Таня Нядбай – чалавек, далёкі ад палітыкі. Студэнтка-філёляг пятага курсу БДУ, ужо вядомая як таленавітая паэтка, фіналістка леташняга конкурсу імя Ўладзімера Караткевіча. На барыкады ніколі не імкнулася, пісала тонкія, насычаныя музычнымі асацыяцыямі вершы. Пасьля пяці сутак на Акрэсьціна раптам захацела паспрабаваць сябе ў прозе.

(Нядбай: ) “Зараз я буду пісаць прозу пра міліцыянтаў. Такую жорсткую прозу пра міліцыянтаў. Ну вось ужо напісала пра тое, як я там адседзела, яшчэ ёсьць такая задума – напісаць пра тых дзяўчат, бо сапраўды былі файныя дзяўчаты, якія сядзелі з намі ў камэры”.

Тацяну разам зь сястрой Ірынай затрымалі ў падземным пераходзе ля Дому афіцэраў – сёстры проста сустракаліся там, каб разам пайсьці на плошчу. Паколькі Іра несла тэрмас з кавай і цёплыя рэчы для абаронцаў намётавага лягеру, яе затрымалі адразу. Таню адпускалі, бо яна ніякіх рэчаў пры сабе ня мела. Але ж яна вырашыла застацца разам з арыштаванай Ірынай.

Ірына кажа, што імпульсыўнасьць – адна з асноўных рысаў характару енай сястры.

(Дарафейчук: ) “Шмат якія ўчынкі робяцца на імпульсе. Як тое, што яна засталася са мной пры затрыманьні, хоць яе нібыта адпускалі. Калі прыйшоў ахоўнік разьсяляць нас па розных камэрах, яна сказала: “Я нікуды адсюль не пайду!” Другое – гэта абвостранае адчуваньне справядлівасьці й патрэбы ў справядлівасьці, імкненьне давесьці гэтую справядлівасьць іншым, у тым ліку спэцназаўцам, міліцыянтам – каму заўгодна”.

За салідарнасьць з удзельнікамі акцыі на Кастрычніцкай Ірына Дарафейчук ужо расплацілася працай: пакуль яна сядзела свае 7 сутак на Акрэсьціна, яе звольнілі з Інстытуту прадпрымальніцткай дзейнасьці, дзе Ірына выкладала культуру народаў сьвету. 21 сакавіка ў дзень затрыманьня павінен быў вырашацца й лёс ейнай кандыдацкай дысэртацыі – яна вывучала спэцыфіку гендэрнай культуралізацыі ў традыцыйнай беларускай культуры.

(Дарафейчук: ) “ Ня ведаю, чым цяпер скончыцца абарона маёй дысэртацыі, бо рэктар, які звольніў мяне з майго месца працы, паабяцаў, што паклапоціцца, каб не было нават папярэдняй абароне, ня кажучы пра абарону і ўсё астатняе”.

Беларуская літаратарка, перакладчыца Марыя Мартысевіч сьвяткавала свае народзіны ў той дзень, калі Ірына выйшла з Акрэсьціна. Марыя згадвае:

(Мартысевіч: ) “У дзень вызваленьня Іра акурат была ў мяне ў гасьцях. Яна прыйшла ў піжаме. Яна сказала, што памыцца яна пасьпела, а выспацца – не. Сядзела й потым сказала, што самае галоўнае для яе было адчуць хатнюю атмасфэру пасьля таго тыдня зьняволеньня. Тое, што менавіта хатнія людзі, людзі мяккія выходзяцт і кажуць уголас пра сваю пазыцыю – гэта досыць істотна”.

Адразу пасьля вызваленьня, кажа Таня Нядбай, было прыкрае адчуваньне, што ўсе пакуты Акрэсьціна давялося вытрываць ні за што: быў спадзеў усё ж выйсьці з пастарунку ў вольную краіну...

(Нядбай: ) “Я не шкадую пра тое, што я там сядзела, я не шкадую пра тое, што я туды патрапіла. Я ня вельмі вялікая “зорка”, каб нешта зрабіць на пляцы. Я думала, што лепей я адсяджу, а хтосьці там, можа быць, штосьці больш дзейснае, больш эфэктыўнае зробіць. Бо ўсё адно трэба некаму сядзець. А калі мы выйшлі і я ўбачыла, што ходзяць людзі, што ўсё нармальна – яны задаволеныя, яны сьмяюцца, яны жывуць у той краіне, у якой хочуць жыць. То проста прыкра сапраўды…”

Тых людзей, зь якімі яны адбывалі зьняволеньне, сёстры называюць “згуртаванымі Акрэсьцінам”. Такое ўражаньне, быццам міліцыянты наўмысна сабралі там самых розных, нават вельмі далёкіх ад апазыцыі людзей – каб стварыць сапраўдную моцную арганізацыю.
XS
SM
MD
LG