Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Мікола Дэмух


Уладзімер Арлоў, Менск 1920, в.Квачы (цяпер Нясьвіскі раён – 1970-я, Бабруйск(?)

Калі вам давядзецца быць на Нясьвіжчыне, запытайцеся ў вяскоўцаў пра Дэмуха, і вы пачуеце сапраўдныя паданьні, герой якіх прывядзе на памяць легендарнага Робін Гуда. Вам распавядуць пра тое, як удзень савецкі фінагент забіраў з двара апошнюю кароўку-карміцельку, а ўначы кароўка – цэлая і ўсьцешаная – вярталася дадому з наколатай на рогі цыдулкай: “Ад Дэмуха”. Вам пакажуць дуброву, дзе Дэмух адзін выйграў бой з цэлым узводам гэбістаў або колішні млын, дзе ён таемна сустракаўся з каханай.

Мікола ваяваў з гітлераўцамі, але прыйшоўшы з фронту, быў уражаны й абураны несправядлівасьцямі, якія новая ўлада чыніла ў былых заходнебеларускіх вёсках: бязьлітаснымі падаткамі, арыштамі за неасьцярожнае слова, высылкамі тысяч сем’яў у Казахстанскія стэпы.

Ён пайшоў у лес. Як сьведчаць апэратыўныя зводкі МГБ, у сваіх акцыях Дэмух вызначаўся незвычайнай адвагай. Знаходзячыся на нелегальным становішчы, ён удзельнічаў то асобна, то ўваходзіў у склад партызанскага аддзелу Івана Раманчука, аднаго з стваральнікаў Саюзу змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Устаноўчы сход гэтай арганізацыі ў 1946 годзе адбыўся, дарэчы, на хутары Саска-Ліпка пад Нясьвіжам. Аўтарытэт “нясьвіскага Робін Гуда” быў такім, што людзей Раманчука і мясцовыя жыхары, і чэкісты больш ведалі як "аддзел Дэмуха".

Увесну 1949-га паранены ў баі Мікола трапіў у палон. Ягоны артыкул “пацягнуў” на 25 гадоў канцлягераў. Вярнуўшыся пасьля зьняволеньня ў Беларусь, Дэмух вельмі хутка памёр у часе апэрацыі ў шпіталі. Гэтую сьмерць можна было б растлумачыць проста падарваным савецкімі лягерамі здароўем, каб не адна акалічнасьць: прыкладна тады ж, вярнуўшыся на волю, сканаў і Іван Раманчук, прычым здарылася гэта таксама пад час нескладанай апэрацыі.
XS
SM
MD
LG