Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Стары Ольса” прэзэнтуе гераічны эпас ліцьвінаў-беларусаў


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ўвечары гурт сярэднявечнае музыкі “Стары Ольса” прэзэнтаваў журналістам свой новы, ужо восьмы па ліку альбом. Ён мае назоў “Гераічны эпас. Сьпевы рыцараў і шляхты Вялікай Літвы”. Адметнасьць новага альбому ольсаўцаў у тым, што на ім прадстаўлены толькі арыгінальныя старадаўнія мэлёдыі і сьпяваюцца толькі арыгінальныя песьні. На прэзэнтацыі была нашая карэспандэнтка.

“Гераічны эпас” – гэта музыка, прысьвечаная легендарным героям і пераможным бітвам ліцьвінаў-беларусаў XIII-XVII стагодзьдзяў. У альбом увайшлі творы такіх славутых паэтаў і рыцараў ВКЛ, як Мацей Стрыйкоўскі, Ян Козак, Саламон Рысінскі, Андрэй Рымша. На ім гучыць музыка з “Полацкага сшытка” і нотнага зборніка “Piesni Chwal Boskich”, а таксама старадаўнія народныя песенныя баляды, у якіх апавядаецца пра бітву з татарамі пад Клецкам, подзьвігі караля Стафана Баторыя, безыменных ваяроў ВКЛ. Да кожнага твора адмыслова падабраныя адпаведныя часу стварэньня музычныя інструмэнты.

На якога слухача разьлічаная такая старасьвецкая музыка? Гаворыць кіраўнік гурта Зьміцер Сасноўскі:

(Сасноўскі: ) “Думаю, што гэтая музыка зацікавіць усіх аматараў гісторыі. Акрамя таго, дзякуючы стылістыцы рэканструкцыі ваярскай тэматыкі, гэта, напэўна, зацікавіць аматараў цяжкай, экстрэмальнай музыкі. Людзей, якія цікавяцца камэрнай музыкай, думаю, мы таксама зацікавім, таму што мы зрабілі дзьве спробы рэканструкцыі камэрнай прыдворнай стылістыкі, але прысьвечанай пэўным героям”.

Усе папярэднія альбомы “Старога Ольсы” мелі вялікі слухацкі посьпех. Прычым ня толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Літве, іншых краінах. Нядаўна гурт меў некалькі канцэртаў у Бэльгіі, пасьля якіх атрымаў вельмі выгодныя прапановы ад аднаго з тамтэйшых прадусараў. Так што цяпер, кажа Зьміцер Сасноўскі, ольсаўцы яшчэ радзей будуць выступаць на радзіме.

Бліжэйшы канцэрт – прэзэнтацыя альбому “Гераічны эпас” – адбудзецца 16 красавіка ў палацы Белсаўпрофу. На ім можна будзе ўпершыню пачуць ня толькі як гучаць ліцьвінскія сярэднявечныя мэлёдыі, але і арыгінальную старабеларускую мову гэтых твораў нашых продкаў.
XS
SM
MD
LG