Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Кліх: "Мілінкевіч робіць вялікае ўражаньне на сваіх суразмоўцаў"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Старшыня Дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі Богдан Кліх, камэнтуючы для нашага радыё вынікі візыту ў парлямэнт Аляксандра Мілінкевіча, заявіў, што, сярод іншага, быў уражаны асобай беларускага палітыка.

(Кліх: ) “Думаю, што я магу ацаніць аб’ектыўна, бо ўвесь час быў разам са спадаром Мілінкевічам і назіраў за ім. Мушу сказаць, што ён робіць вялікае ўражаньне на сваіх суразмоўцаў. Па-першае, ён вельмі ясна выказвае свае думкі, нягледзячы на мову, на якой гаворыць – па-расейску, па-француску ці па-польску. А па-другое, ён гаворыць ад сэрца. Гэта ня толькі пазбаўленыя эмоцыяў інтэлектуальныя разважаньні, але за дакладна сфармуляванымі думкамі хаваюцца эмоцыі і гэтым ён перадусім пераконвае сваіх суразмоўцаў”.

Гэтым разам Эўрапейскі парлямэнт вельмі канкрэтна вызначыў ролю Расеі ў падтрымцы беларускага рэжыму і заклікаў да ўціску на Маскву ў гэтай справе. Чаму менавіта цяпер парлямэнт зрабіў такі акцэнт на гэтую справу?

(Кліх: ) “У папярэдніх рэзалюцыях Эўрапейскага парлямэнту таксама згадвалася Расея, неабходнасьць дыялёгу з Масквой што да Беларусі. Але ніколі дагэтуль пазыцыя Расеі не была так ясна, адкрыта і катэгарычна крытыкаваная. Па-мойму, гэтым разам заявы Пуціна, дзяржаўнай Думы ў падтрымку Лукашэнкі, сымпатыя да яго скаланулі парлямэнт, глыбока зьмянілі сьвядомасьць дэпутатаў, прычым з усіх краінаў Эўразьвязу. Гэтыя заявы абсалютна адрозьніваліся ад голасу ўсяго дэмакратычнага сьвету – АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапейскай камісіі ды іншых арганізацыяў. Дэпутаты пачалі задумвацца над сапраўднымі плянамі Расеі што да супрацоўніцтва з Эўрапейскім зьвязам. Таму дэпутаты былі так узрушаныя і таму так адназначна скрытыкавалі пазыцыю расейскага кіраўніцтва”.

Ці варта чакаць, на думку Богдана Кліха, што з настолькі ж радыкальнай крытыкай пазыцыі Расеі выступяць і іншыя структуры Эўразьвязу – Эўрапейская камісія, Рада Эўрапейскага зьвязу?

(Кліх: ) “Да гэтага мы заклікалі ў часе паседжаньня Эўрапарлямэнту ўлады Зьвязу, каб беларускае пытаньне было ўзьнятае ў часе саміту Расея-Эўразьвяз, а да ўладаў асобных дзяржаваў – перадусім Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Італіі – зьвярнуліся з заклікам уздымаць гэтае пытаньне ў часе сустрэчаў з расейскімі кіраўнікамі. Мы заклікалі таксама АБСЭ і ААН да кансультацыяў з Расеяй, каб тая націснула на Лукашэнку ў справе аслабленьня рэжыму”.
XS
SM
MD
LG