Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька судзіцца з БТ (абноўлены)


Радыё Свабода У судзе Першамайскага раёну Менску пачаўся разгляд пазову лідэра АГП Анатоля Лябедзькі да аўтараў фільму “Тэорыя змовы: кіраваны хаос”.

Апазыцыянэр абвінавачвае аўтараў стужкі ў паклёпе й патрабуе спагнаць з тэлекампаніі 1 мільярд рублёў, а таксама 310 000 рублёў судовых выдаткаў.

Фільм “Тэорыя змовы: кіраваны хаос” дэманстраваўся 20 лютага на БТ. Потым яго паўтаралі некалькі разоў, у тым ліку, — і ў той час, на які быў заплянаваны выступ Аляксандра Лукашэнкі як кандыдата на прэзыдэнта ў часе выбарчай кампаніі.

На суд прыйшлі юрысты Белтэлерадыёкампаніі, а таксама паплечнікі Анатоля Лябедзькі. У судзе Анатоль Лябедзька заявіў, што фільм Зімоўскага ёсьць загадзя сплянаванай правакацыяй у часе выбарчай кампаніі. Ён спаслаўся на эпізод фільму, дзе голас за кадрам укладае ў ягоныя вусны словы, якіх ён не гаварыў.

У кадры пададзена размова Анатоля Лябедзькі з грузінскім парлямэнтаром, калі ён прамаўляе, што гатовы вывесьці людзей на вуліцы нават коштам тысяч ахвяраў. Апазыцыйны палітык згадаў, што быў у Грузіі, але ніколі такіх слоў не казаў. Ён заявіў, што ў францускіх журналістаў, калі яны былі ў Беларусі, былі скрадзены архівы. Паводле Лябедзькі, спэцслужбы маглі перадаць відэаматэрыялы на БТ, а там іх інтэрпрэтавалі на сваё разуменьне.

Прадстаўнікі тэлекампаніі адмовіліся назваць крыніцу інфармацыі, але прынесьлі кампутарны дыск з эпізодам, якім скарысталіся аўтары фільму (на ангельскай мове). Зь перакладу вынікае, што Анатоль Лябедзька сапраўды не казаў такіх словаў, і нават размова вялася на іншую тэму. Тэлевізійныя юрысты назвалі гэта аўтарскай інтэрпрэтацыяй.

Анатоль Лябедзька заявіў, што такімі мэтадамі карысталася гебэльсаўская прапаганда, і запатрабаваў доказаў. Юрыст кампаніі ў якасьці доказу падала той факт, што апазыцыянэр знаходзіўся пад вартай з 21 сакавіка да 1 красавіка. Яна толькі пагадзілася назваць прозьвішча чалавека, які чытаў тэкст, — Міхаіл Кіцель.

Мы зьвязаліся зь Міхаілам Кіцелем па тэлефоне:

(Кіцель: ) “Я ня аўтар. Я папросту чытаў тэкст, які мне далі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці бачылі Вы сам фільм?”

(Кіцель: ) “Сам фільм бачыў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ну, і як?”

(Кіцель: ) “Ну, як, як… Я яго не рабіў. Як у рэжысэра ў мяне да яго таксама ёсьць шмат пытаньняў”.

(Карэспандэнтка: ) “А да зьместу?”

(Кіцель: ) “Ну, што зьмест… Праца ёсьць працай. Вельмі шмат такіх фільмаў ёсьць на беларускім тэлебачаньні. Шкадую, што й я, наагул, трапіў у адзін з такіх фільмаў”.

Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Пакуль прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі даказалі, што ў іх няма доказаў. Пытаньне — наколькі кваліфікавана працуе КДБ і наколькі гэта ў фармаце міжнароднага заканадаўства. Думаю, невыпадкова сюды не прыйшлі ні Зімоўскі, ні Мартыненка. Папросту ў Зімоўскага й ягонага атачэньня ёсьць “крыша”. Гэта “крыша” называецца “беларускі рэжым”. Пакуль ён існуе, — будуць такія фільмы. Мне шкада насамрэч тых пэнсіянэраў, якія слухаюць гэта, вераць , а таксама ўсіх тых, хто спансуе такія правакацыі. Бо мы ж — падаткаплацельшчыкі”.

Судзьдзя задаволіла хадайніцтва Анатоля Лябедзькі, каб на судзе прысутнічаў аўтар фільму Аляксандар Зімоўскі, і прызначыла працяг справы на 7 красавіка. Лідэр АГП не настойваў, каб на суд прыйшлі іншыя стваральнікі фільму — Наталя Ждановіч, Міхаіл Кіцель і Аляксандар Мартыненка.
XS
SM
MD
LG