Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч і Вячорка ў Страсбуры віталі рэзалюцыю Эўрапарлямэнту


Радыё Свабода Аляксандар Мілінкевіч і Вінцук Вячорка сёньня выступілі на паседжаньні Камітэту міжнародных справаў Эўрапарлямэнту, а таксама ў найбольшай фракцыі Эўрапейскай народнай партыі. На гэтых сустрэчах яны віталі праект рэзалюцыі па Беларусі.

Аляксандар Мілінкевіч зазначыў “Свабодзе”: ён меў пэўнасьць, што рэзалюцыя будзе прынята, але ня думаў, каб гэта было амаль аднагалосна, — нават тры чвэрці камуністаў, прадстаўленых у Эўрапарлямэнце, галасавалі за рэзалюцыю:

(Мілінкевіч: ) “Беларусь фактычна аб’яднала ўсе фракцыі. Што да самой рэзалюцыі, то я думаю: вельмі важна, што анансуецца супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю. Гэта патрэбна і ў сёньняшняй дыктатарскай Беларусі, і ў будучай дэмакратычнай. Без грамадзянскай супольнасьці няма дэмакратыі”.

Сёньняшняя папраўка ў рэзалюцыю аб непрызнаньні А. Лукашэнкі законным прэзыдэнтам Беларусі й аб патрабаваньні новых выбараў стала для спадара Мілінкевіча таксама не зусім спадзяванай:

(Мілінкевіч: ) “Магчыма, гэты пункт сапраўды нечакана жорсткі. Але абсалютна справядлівы. Зазвычай Эўразьвяз прымаў такія больш дыпляматычныя фармулёўкі, гаворачы: выбары недэмакратычныя, ня ўсё па правілах, але маем надзею, што наступным разам будзе лепш. Цяпер жа тут катэгарычна не прымаюць таго, што адбылося, і ня хочуць чакаць 5 гадоў. Як і мы, дарэчы. Мы таксама кажам, што не прызнаем выбараў і патрабуем новых. У гэтым поўная салідарнасьць паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі й эўрапейскімі структурамі”.

Аляксандар Мілінкевіч падтрымаў ідэю пэрсанальных санкцыяў Эўразьвязу супраць тых беларускіх чыноўнікаў, хто парушаў закон:

(Мілінкевіч: ) “Мы за пашырэньне гэтых санкцыяў: каб гэта былі не дзясяткі людзей, а мінімум сотні. І ў ім, акрамя судзьдзяў, рэктараў ВНУ, якія адлічваюць студэнтаў, акрамя прадстаўнікоў міліцыі, мусяць быць, з нашага гледжаньня, і прапагандысты, так званыя журналісты дзяржаўнага тэлебачаньня й газэт”.

Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка наконт практычнага зьместу сёньняшняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнту заўважыў:

(Вячорка: ) “Практычна гэта азначае: ёсьць каардынацыя адносін усіх, без выключэньня, фракцыяў Эўрапейскага парлямэнту і нацыянальных дэлегацыяў да Беларусі. А значыць — гэта будзе ўплываць і на пазыцыі нацыянальных парлямэнтаў. І гэта ёсьць сыгналам для Эўрапейскай камісіі, якая прымае тэхнічныя рашэньні ў галіне падтрымкі незалежнай інфармацыі, грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”.

Гл.таксама • Эўрапарлямэнт не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам і патрабуе паўторных выбараў • Эўрапарлямэнт заклікае правесьці паўторныя выбары ў Беларусі • Як рэагуюць у Менску на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту? • Афіцыйны Менск рэагуе на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту • Што думаюць на вуліцах Менску пра рэзалюцыю Эўрапарлямэнту? • 5 красавіка: Эўрапарлямэнт падрыхтаваў 6 праектаў рэзалюцыі па Беларусі [фота]
XS
SM
MD
LG