Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагуюць палітыкі ў Менску на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту?


Радыё Свабода Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі. У ёй гаворыцца, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам, таму Аляксандар Лукашэнка ня можа быць прызнаны легітымным прэзыдэнтам. У зьвязку з гэтым, у краіне павінны адбыцца новыя, свабодныя, дэмакратычныя выбары. Як адрэагавалі на рэзалюцыю ў Менску?

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, рэакцыя Эўрапарлямэнту адэкватная.

(Лябедзька: ) “Лукашэнка сам стварыў такую сытуацыю — для такіх высноў і такога рашэньня. Таму гэта ня ёсьць сэнсацыяй. Гэта пасьлядоўная пазыцыя эўрапейскіх дэпутатаў”.

Спадар Лябедзька так ставіцца да візавых санкцый (у тым ліку, адносна кіраўніка Беларусі):

(Лябедзька: ) “Лукашэнка спаліў свае масты даўно. У яго фактычна няма зносін зь лідэрамі эўрапейскіх і іншых краін. І гэта насамрэч нацыянальная трагедыя. Губляе краіна. Таму трэба думаць грамадзянам: ці трэба нам такі "правіцель"”.

Экс-старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч ухваляе рэзалюцыю Эўрапарлямэнту.

(Вайтовіч: ) “Яны мусяць знайсьці падыходы, разам з Расеяй, для вырашэньня гэтага крызысу. У Беларусі цяпер крызыс, таму што прыйшоў да ўлады ўжо незаконны прэзыдэнт. Гэта незаконнае прэзыдэнцтва будзе. Вельмі цяжка ў Беларусі будзе й вельмі непрыемна”.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін назваў пасьлядоўнай пазыцыю эўрапейцаў, якая лягічна працягвае ацэнку выбараў АБСЭ й дэмакратычнай супольнасьці Беларусі. Але трэба чакаць канкрэтных дзеяньняў. Ці прыслухаецца беларуская ўлада да гэтай рэзалюцыі?

(Калякін: ) “Калі яна думае, што трэба паляпшаць сытуацыю, трэба выконваць уласныя абавязаньні і, ўрэшце, уласную Канстытуцыю, то яна павінна прыслухацца і ўносіць карэктывы. Хаця гэта вельмі цяжка. Таму што карэктывамі могуць быць толькі новыя выбары ў Беларусі”.

Актывіст БСДП (Грамада) Аляксей Кароль падтрымлівае салідарнасьць эўрапейцаў з дэмакратычнымі сіламі ў краіне.

(Кароль: ) “Міжнародная салідарнасьць разрывае кола інфармацыйнай ізаляцыі. І гэта заўсёды небясьпечна для рэжыму. І гэта ёсьць тым фактарам, які паслабляе таталітарныя рэжымы”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян цьвердзіць: маўляў, Эўразьвяз прымае ўжо ня першую такую заяву.

(Касьцян: ) “Дык вось: мы пляваць хацелі на іхныя заявы й на гэтую сьмярдзючую Эўропу. Што да банкаўскіх укладаў прэзыдэнта, то няхай надрукуюць, у якіх банках і якія сумы, у якіх дзяржавах знаходзяцца ягоныя грошы. І наш народ не дурны — ён тады вырашыць, што рабіць… Ну, і што, калі мы не паедзем у Заходнюю Эўропу? Паедзем у Азію, Афрыку, Лацінскую Амэрыку. Якія хочуць, — няхай яны прымаюць заявы, а супрацоўніцтва эканамічнае ідзе”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч мае намер абмеркаваць рэзалюцыю разам зь сябрамі ЛДП.

(Гайдукевіч: ) “Калі яны лічаць, што могуць арганізаваць новыя выбары ў Беларусі, — калі ласка, няхай арганізуюць. Я падзіўлюся, як гэта будзе выглядаць. Можа, я буду ўдзельнічаць, калі яны арганізуюць. Я на віртуальныя рэчы не рэагую. Мне трэба канкрэтна: што, дзе. Вось ёсьць папера — я прачытаю.”

Гл.таксама • Эўрапарлямэнт не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам і патрабуе паўторных выбараў • Мілінкевіч і Вячорка ў Страсбуры віталі рэзалюцыю Эўрапарлямэнту • Эўрапарлямэнт заклікае правесьці паўторныя выбары ў Беларусі • Афіцыйны Менск рэагуе на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту • Што думаюць на вуліцах Менску пра рэзалюцыю Эўрапарлямэнту? • 5 красавіка: Эўрапарлямэнт падрыхтаваў 6 праектаў рэзалюцыі па Беларусі [фота]
XS
SM
MD
LG