Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць на вуліцах Менску пра рэзалюцыю Эўрапарлямэнту?


Радыё Свабода У рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па Беларусі ёсьць прапанова забараніць уезд на тэрыторыю Эўразьвязу тым беларускім чыноўнікам, якія адказныя за фальшаваньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Як звычайныя людзі ставяцца да такога рашэньня?

(Карэспандэнтка: ) “Ці лічыце вы, што сапраўды трэба забараніць уезд на тэрыторыю Эўразьвязу асобам, адказным за фальшаваньне вынікаў выбараў у Беларусі?”

(Спадар: ) “Ня трэба забараняць! Няхай едуць, глядзяць. А вось такіх, якія прыяжджаюць і з кіямі жалезнымі ходзяць, іх трэба правяраць перад тым, як яны выйшлі на плошчу, — з чым ідуць. Бо ідуць са сьцягам, а ў сьцягавых кіях — кіі мэталёвыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Адкуль вы даведаліся пра мэталёвыя кіі?”

(Спадар: ) “А гэта вядома! Глядзець трэба перадачы ды іншае”.

(Хлопец: ) “Я хачу сказаць, што такога рабіць нельга насамрэч”.

(Спадарыня: ) “Я, канечне, супраць таго, каб рабіліся нейкія захады да маёй дзяржавы. Я ўсё ж за тое, каб да нас ставіліся добра, нягледзячы на тое, што, на іхны погляд, у нас ёсьць нейкія непаладкі. Але я хачу, каб да нас ставіліся добра”.

(Карэспандэнтка: ) “А наша дзяржава добра да нашых грамадзянаў ставіцца?”

(Спадарыня: ) “Да мяне асабіста ставіцца добра. І да маіх дзяцей, і да майго мужа”.

(Дзяўчына: ) “Калі ёсьць доказы, то няхай абвінавачваюць. А калі без падстаў, дык я думаю, ня варта”.

(Іншая дзяўчына: ) “Я пра гэта ня вельмі шмат чула: каб забараніць уезд. Але калі трэба… Калі яны ўмешваюцца ва ўнутраныя справы, дык мне падаецца, што так умешвацца нельга. Можа быць, не на ўвесь час забараніць уезд, але на некаторы час”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці варта такім людзям забараніць уезд на тэрыторыю Эўразьвязу?”

(Хлопец: ) “Ну, так. Абавязкова. А як яшчэ?”

(Карэспандэнтка: ) “Чым яны гэтага заслужылі?”

(Хлопец: ) “Людзі, якія парушылі закон, мусяць неяк адказваць. Калі ў гэтай краіне нічога нельга зрабіць іначай, то Эўразьвяз павінен нейкім чынам адрэагаваць на гэтую сытуацыю”.

(Спадарыня: ) “Напэўна, так. Калі яны вінаваты, дык навошта ім езьдзіць”.

(Дзяўчына: ) “Калі ёсьць людзі, якія адказны за гэта, то трэба іх неяк пакараць. Таму, магчыма, гэта будзе адным са спосабаў пакараньня”.

(Хлопец: ) “Я мяркую, што гэта ўсё яны дарма робяць. Гэта справы адной дзяржавы, і ўмешвацца тут залішне”.

(Іншы хлопец: ) “Я лічу, што не. Можа быць, і ёсьць віна ў фальшаваньні выбараў. Але я ўсё адно не лічу, што ім трэба забараняць уезд у краіны Эўразьвязу”.

(Карэспандэнтка: ) “Якім чынам можна паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?”

(Хлопец: ) “Былі ж мітынгі розныя. Можна было б нават і паўтарыць мітынгі”.

Гл.таксама • Эўрапарлямэнт не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам і патрабуе паўторных выбараў • Мілінкевіч і Вячорка ў Страсбуры віталі рэзалюцыю Эўрапарлямэнту • Эўрапарлямэнт заклікае правесьці паўторныя выбары ў Беларусі • Як рэагуюць у Менску на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту? • Афіцыйны Менск рэагуе на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту • 5 красавіка: Эўрапарлямэнт падрыхтаваў 6 праектаў рэзалюцыі па Беларусі [фота]
XS
SM
MD
LG