Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У шпіталі памёр віцэ-консул Польшчы ў Горадні


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У шпіталі ў Беластоку памёр 64-х гадовы віцэ-консул Польшчы ў Горадні Рышард Бадонь-Легр. Крыху больш за тыдзень таму консул быў перавезены ў Польшчу зь Беларусі, дзе раней яго знайшлі непрытомным ў ягонай гарадзенскай кватэры.

Напрыканцы сакавіка ў намесьніка польскага консула ў Горадні Рышарда Бадонь-Легра лекары знайшлі ўнутрычарапны кровападцёк і былі вымушаныя паінфармаваць пракуратуру, бо ў такой сытуацыі нельга выключыць, што дыплямат быў зьбіты. У Беластоцкай пракуратуры адразу распачалі крымінальнае сьледзтва ў гэтай справе.

(Кардульскі: ) “Пабоі вельмі сур’ёзныя. Гаворка ідзе пра ўнутрычарапны кровападцёк ды апёкі ў некаторых месцах. Тут ёсьць падазрэньне, што яны маглі паўстаць у выніку ўдару электрашокерам” – казаў тыдзень таму прадстаўнік пракуратуры Януш Кардульскі.

Нягледзячы на апэрацыю па выдаленьні гематомы, спадар Бадонь-Легр памёр у стане непрытомнасьці. Беластоцкі шпіталь не падае падрабязнасьцяў што да пашкоджаньняў арганізму дыплямата.

Між тым пракуратура паведамляе, што са справаздачы лекараў, якую атрымалі сьледчыя нельга адназначна сьцьвярджаць, ці пашкоджаньні чэрапу консула паўсталі ў выніку “ўдару цьвёрдым прадметам” ці ў выніку таго, што ён ўпаў.

“Анатаміраваньне трупа дасьць шанец больш даведацца ў гэтай справе”, – заявіў Януш Кардульскі. Паводле ягоных словаў, нягледзячы на сьмерць дыплямата, ягоная справа дагэтуль разглядаецца, як “цяжкае пашкоджаньне здароўя”, а беластоцкая пракуратура рыхтуе афіцыйны зварот да беларускай пракуратуры з просьбай аб дапамозе ў расьсьледаваньні здарэньня.

МЗС Польшчы заяўляе, што чакае вынікаў сьледзтва, а інфармацыя ад пракуратуры, якую мае МЗС, пакуль застанецца ў сакрэце.

***

У сьледчым аддзеле Гарадзенскай абласной пракуратуры сёньня напрыканцы дня ня здолелі адказаць, ці праводзілася праверка ў сувязі са здарэньнем з польскім дыпляматам Рышардам Бадонь-Леграм.

Сёньня ж дзяржаўнае агенцтва навінаў БелТА паведаміла з Горадні, што дактары, якія займаліся польскім дыпляматам, сьцьвярджаюць, што ў яго не было цялесных пашкоджаньняў і траўмаў на целе. Яго даставілі ў шпіталь 22 сакавіка з сур''ёзнымі траўмамі галавы, а 25-га па просьбе ягоных сваякоў перавезьлі ў Польшчу.
XS
SM
MD
LG