Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск рэагуе на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту


Радыё Свабода Беларускі МЗС лічыць, што Эўрапарлямэнту не хапае "мінімальнага парогу канструктыву". Менавіта так ацаніў рэзалюцыю па Беларусі, якую сёньня прынялі дэпутаты Эўрапарлямэнту, прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў. Адказваючы на пытаньне нашага радыё, ён агучыў афіцыйную пазыцыю, паводле якой Эўрапейскі парлямэнт абвінавачваецца ў адсутнасьці канструктыўных падыходаў адносна Беларусі.

На думку прэсавага сакратара, ёсьць дзьве прычыны, якія не дазваляюць Міністэрству замежных спраў Беларусі "больш-менш сур’ёзна разглядаць сёньняшнюю рэзалюцыю":

(Папоў: ) "Там гучаць папросту сьмешныя заклікі лічыць выбарчую кампанію ў нашай краіне нелегітымнай. Мы хочам яшчэ раз падкрэсьліць (калі эўрапейскія дэпутаты не заўважалі раней, альбо не хацелі заўважаць), што выбар беларускага народу не патрабуе ніякага вонкавага прызнаньня ці непрызнаньня. Гэта наша прынцыповая пазыцыя, адыходзіць ад якой мы ні ў якім разе ня маем намеру. Больш за тое, Эўрапарлямэнт ніякага дачыненьня да назіраньня за нашымі выбарамі ня меў. Тым больш ягоныя спробы выносіць нейкі вэрдыкт выглядаюць неабгрунтаванымі".

Афіцыйны прадстаўнік МЗС у сваім адказе яшчэ раз адзначыў, што непрызнаньне афіцыйных вынікаў выбараў з боку міжнародных структураў ня можа быць тэмай для перамоў:

(Папоў: ) "Тут афіцыйнае назіраньне за выбарамі праводзілі прадстаўнікі АБСЭ. Але ў іхнай справаздачы, нягледзячы на яе крытычны характар (з чым мы не пагаджаемся), ніякай гаворкі пра прызнаньне ці непрызнаньне, легітымнасьць ці нелегітымнасьць не вядзецца. З гэтага мы зыходзім. І хочам, каб з гэтага ж зыходзілі і ў Эўрапарлямэнце".

Андрэй Папоў таксама пракамэнтаваў апошнія сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча зь вядомымі эўрапейскімі палітыкамі. На ягоную думку, "у такіх сустрэчах і кантактах цяпер значэньня яшчэ менш, чым да выбараў".

Гл.таксама • Эўрапарлямэнт не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам і патрабуе паўторных выбараў • Мілінкевіч і Вячорка ў Страсбуры віталі рэзалюцыю Эўрапарлямэнту • Эўрапарлямэнт заклікае правесьці паўторныя выбары ў Беларусі • Як рэагуюць у Менску на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту? • Што думаюць на вуліцах Менску пра рэзалюцыю Эўрапарлямэнту? • 5 красавіка: Эўрапарлямэнт падрыхтаваў 6 праектаў рэзалюцыі па Беларусі [фота]
XS
SM
MD
LG