Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З жодзінскай турмы выйшлі на волю яшчэ 4 палітвязьні


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ўначы з жодзінскай турмы выйшлі на волю 4 палітвязьні, якія адбывалі 13-суткавы арышт. Яны былі затрыманы ўначы з 23-га на 24-га сакавіка падчас гвалтоўнай ліквідацыі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Камэры жодзінскай турмы сёньня пакінулі Максім Знак, Аляксей Мітрафанаў, Аляксей Язылец і Аляксей Мікульчык. Прыгадвае 20-гадовы мянчук Аляксей Мікульчык, які да затрыманьня прабыў на Кастрычніцкай плошчы двое сутак:

(Мікульчык: ) “Бралі нас жорстка. Закідалі ў машыны, як непатрэбныя рэчы. Як дровы. Да суду была надзея, што не дадуць так шмат сутак. Мяне паўгадзіны судзілі. АМАП склаў паперу, што крычалі антыдзяржаўныя лёзунгі ”Далоў Лукашэнку!”, “Далоў урад!”. Я сказаў, што мы выкрыквалі “Жыве Беларусь!”. Судзьдзя пытае: “Выкрыкваў лёзунгі?”. Я кажу: “Так, выкрыкваў!”

Паводле Аляксея, больш за ўсё яны непакоіліся за дзяўчат, зь якімі — ён лічыць — міліцыя абыходзілася жорстка й зьдзекліва. У жодзінскай турме юнака ўтрымлівалі ў камэры №78. Тут было 10 хлопцаў-палітвязьняў, пра якіх у Аляксея Мікульчыка засталіся найлепшыя ўражаньні. Гэткай жа думкі пра сваіх былых сукамэрнікаў і яшчэ адзін палітвязень, які сёньня выйшаў на волю — 23-гадовы Аляксей Мітрафанаў зь Менску:

(Мітрафанаў: ) “Асноўнае ўражаньне — гэта людзі, якія там былі. Такой колькасьці годных і разумных людзей у адным месцы я яшчэ ня бачыў”.

Са слоў Аляксея Мітрафанава, пасьля ягонага сыходу з камэры там засталося яшчэ трох палітвязьняў, якія адбываюць 15-суткавы арышт. У камэры, дзе сядзеў Аляксей Мікульчык, гэткае ж пакараньне працягваюць адбываць пяцёра палітзьняволеных.

Усяго ж у жодзінскай турме, са зьвестак жодзінскай праваабаронцы Сьвятланы Лапіцкай, утрымліваецца яшчэ 38 удзельнікаў акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Мяркуецца, што ўсе яны павінны выйсьці на волю ў ноч з 7 на 8 красавіка. Як і іншых палітвязьняў, іх зьбіраюцца сустрэць жодзінскія актывісты дэмакратычнага руху.

(Лапіцкая: ) “Мы таксама плянуем сустрэць усіх астатніх людзей. Частку, я мяркую, забяруць родныя. Але некаторыя выходзяць і нават ня ведаюць, будуць іх сустракаць, ці не. Дзякуй людзям, якія дапамагаюць, зьвязваюцца з намі. Яны прыяжджаюць у Жодзіна, забіраюць вязьняў, якія выходзяць з нашага СІЗА, і вязуць у Менск”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG