Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Эўрапарляменту: у Беларусі патрэбны новыя выбары, бо іх не было


Радыё Свабода Сёньня Эўрапейскі парлямэнт прыме рэзалюцыю па Беларусі. Фінальны яе варыянт быў узгоднены падчас учорашніх дэбатаў. Эўрапейскія парлямэнтары выступаюць за падтрымку дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, а таксама за ўвядзеньне санкцый адносна дзейных уладаў Беларусі.

Галасаваньне па рэзалюцыі адбудзецца сёньня ў першай палове дня. Аднак падчас учорашніх дэбатаў ніякіх істотных зьменаў у рэзалюцыю ня ўносілася. Эўрапейскія парлямэнтары лічаць, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам, таму абраньне Аляксандра Лукашэнкі ня можа быць прызнана. Яны выказваюцца за правядзеньне ў бліжэйшы час новых, дэмакратычных выбараў у Беларусі. Гэтую пазыцыю патлумачыла парлямэнтар Элізабет Шрэдтэр.

(Шрэдтэр: ) “Мы ўсе пагаджаемся, што гэтыя выбары не былі выбарамі. Таму лягічна правесьці новыя выбары, бо іх не было. Мы мяркуем, што Лукашэнка ня мае легетымнасьці на сваёй пасадзе. Таму ён павінен гэтую праблему вырашыць. І патрабаваньне новых выбараў адзіна правільнае ў гэтай сытуацыі”.

У рэзалюцыі ёсьць заклік да камісіі і Рады Эўразьвязу, усёй міжнароднай супольнасьці, павялічыць ціск на рэжым у Беларусі. Дэпутаты патрабуюць дадаць імя Лукашэнкі ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу і прапануюць істотна яго пашырыць. Сьпісы асобаў будуць зацьверджаны Радай Эўразьвязу верагодна ўжо на наступным тыдні.

(Шрэдтэр: ) “Гэты сьпіс асобаў застаецца адкрытым. Гэта будуць усе, хто браў удзел у фальшаваньні выбараў і тыя асобы, якія прымянілі гвалт супраць дэманстрантаў”.

У Эўрапарлямэнце ўжо фігуруе сьпіс з 54 асобаў, які адкрывае Аляксандар Лукашэнка. Тут жа некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі і міністры, сябры Цэнтравыбаркаму. Парлямэнтар Альдзіс Кушкіс патлумачыў:

(Кушкіс: ) “Эўрапарлямэнт пасьля прыняцьця рэзалюцыі будзе прапаноўваць свае вэрсіі, а прымаць рашэньні будзе Рада Эўропы. І цяпер проста паступае інфармацыя на пашырэньне гэтага сьпісу”.

Эўрапарляманты выказваюцца за замарожваньне актываў беларускіх уладаў за мяжой, асабістых актываў Алякандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў. Эўрапарляманты патрабуюць узьняць праблему Беларусі ў перамовах з Расеяй і ўнесьці гэтае пытаньне ў парадак дня пасяджэньня “васьмёркі”. Таксама прапануецца накіраваць заклікі ў ААН, Раду Эўропы па стварэньні міжнароднай камісіі, якая зоймецца расьследаваньнем спраў зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG