Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вершы тыдня волі друкуе "Наша Ніва"


Радыё Свабода Агляд незалежных СМІ 6 красавіка

“Народная Воля” ў чацьвер публікуе грунтоўнае інтэрв’ю Сьвятланы Алексіевіч “Ужо нішто ня можа мяне спыніць”.

Пад рубрыкай “Гучная справа” газэта паведамляе, што сьледзтва па крымiнальных справах, распачатых у адносiнах да Аляксандра Казулiна, можа цягнуцца як мiнiмум два месяцы.

Прэм''ер-мiнiстр Беларусi Сяргей Сiдорскi не пацвердзiў iнфармацыю аб тым, што пасля iнаўгурацыi прэзiдэнта ён будзе прызначаны паслом Беларусi ў Расii. На пытаньне Марыны Коктыш “Цi хацелася б вам застацца на другi тэрмiн?” Сiдорскi ў адказ толькi загадкава ўсмiхнуўся, піша “Народная воля”.

Cьветлагорскі райвыканкам прыняў рашэньне закрыць ўсе тры начныя клюбы і дыскатэкі – з-за неспрыяльнай крымінагеннай абстаноўкі ў горадзе, паведамляе “Ранак плюс”. “Начныя клюбы – на замок”. Сьпіртныя напоі і піва забаронена прадаваць цяпер з 23-й вечара да 7-й раніцы – такім чынам, цяпер у Сьветлагорску “Уначы выпіць не купіць”. Яшчэ адзін артыкул называецца “Магільны дэфіцыт”. Улады адвялі пад могілкі забалочаную тэрыторыю, і каб яе прывесьці ў належны стан, патрэбна больш за 60 тысяч тон пяску. А сродкаў на гэта ня выдаткавалі.

Пінскі “Мясцовы час” уздымае эканамічныя праблемы вытворчага аб’яднаньня верхняга трыкатажу, на якім працуе 5 тысяч чалавек. Распавядае Віктар Ярашук.

(Ярашук: ) “Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў гэта прадпрыемства спынілася і 5 дзён не працавала з-за адсутнасьці сыравіны. У гэты час па горадзе папаўзьлі чуткі, што новы дырэктар, які некалькі месяцаў таму быў прызначаны з Менску, каб вывесьці прадпрыемства з крызысу, зьехаў…”

“Брестский курьер” паведамляе: у траўні ў Пружанах мяркуецца правесьці Міжнародны фэстываль на паветраплаваньні і Чэмпіянат Беларусі па дэльталётным спорце. Будуць удзельннічаць Расея, Украіна, Польшча, Чэхія. Такім чынам, у невялікім гарадку будзе міжнароднае авіяшоў.

У Польшчы асудзілі былых міліцыянтаў за зьдзекі над апазыцыянэрамі ў 1983 годзе, паведамляе “Наша Ніва”. Эдвард Мішталь і Януш Смуга, якія зьбівалі ў 1983 года супрацоўнікаў Прымасаўскага Камітэту Самапомачы, асуджаныя на пяць і чатыры гады турмы.

“Наша Ніва” таксама друкуе вершы Сяргея Прылуцкага, Андрэя Хадановіча, Славаміра Адамовіча, Алеся Аркуша, напісаныя 19—25 сакавіка.
XS
SM
MD
LG