Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Твары і галасы плошчы : Яўген Ваўкавец


Радыё Свабода Радыё Свабода працягвае расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў пацярпелі ад уладаў за падтрымку апазыцыйных кандыдатаў і ўдзел у акцыях пратэсту. 19-гадовы Яўген Ваўкавец быў пакараны турэмным зьняволеньнем двойчы.

Яўген Ваўкавец – жыхар Жодзіна. У сакавіку ён правёў за кратамі 14 сутак. Прычым, у розных турмах:

(Ваўкавец: ) “Справа ў тым, што я адседзеў 7 сутак у Жодзіна, калі мяне затрымалі. Дзень пабыў на волі і – адседзеў яшчэ 7 сутак у Менску”.

Яўген быў сябрам жодзінскай каманды Аляксандра Мілінкевіча. 15 сакавіка ўначы міліцыянты затрымалі яго разам з паплечнікамі Сержуком Гудзіліным і Алесем Чырэйкам на адной з вуліц, а мясцовы суд пакараў хлапцоў 7-суткавым арыштам за нібыта ўчыненае імі “хуліганства”. Калі яны выйшлі на волю, даведаліся, што ў Менску на Кастрычніцкай плошчы зьявіўся “намётавы гарадок”. Нягледзячы на папярэджаньне жодзінскіх праваахоўнікаў пра жорсткі кантроль за іх дзеяньнямі, хлопцы рушылі ў сталіцу і засталіся на беларускім “майдане” да яго гвалтоўнага разгону.

(Ваўкавец: ) “Калі нас затрымлівалі, то да мужчынаў яшчэ больш-меньш неяк ставіліся. Канешне “пінкі” былі і г.д., але дзяўчынак закідвалі як нейкае сьмецьце. Закідвалі як мяшкі. Мы як маглі баранілі дзяўчынак. Але ж гэта было жудасна”.

Летась Яўген у ліку іншых моладзевых актывістаў браў удзел у галадоўцы пратэсту супраць выключэньня студэнтаў з навучальных установаў па палітычных матывах. Яго жодзінскі паплечнік Зьміцер Чарткоў прыгадвае, што Яўген трымаўся годна падчас амаль двухтыднёвай акцыі:

(Чарткоў: ) “Хлопец ідэйны. Крыху гарачы. Але вельмі файны сябра. Калі што трэба, ён зробіць. Спакойна прыняў рашэньне і пайшоў галадаваць. Сказаў -- зрабіў. Таму што вырашаўся лёс сяброў ды й свой лёс. І ён мужна з намі трымаўся”.

У дэмакратычны рух Яўген Ваўкавец прыйшоў у часе рэфэрэндуму 2004 году, які скасаваў для Аляксандра Лукашэнкі абмежаваньне прэзыдэнцкіх тэрмінаў. За пратэст супраць гэтага рашэньня хлопца ўпершыню пакаралі 10 суткамі арышту. А ўсьлед за гэтым выключылі зь вечаровай школы. Пасьля яму так і не ўдалося прадоўжыць навучаньне. Паводле кіраўніка жодзінскай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Валчаніна, для Яўгена Ваўкаўца, як і некаторых іншых моладзевых актывістаў, праблема адукацыі з’яўляцца на сёньняшні дзень першачарговай:

(Валчанін: ) “Я хацеў бы сказаць, што ня трэба губляць адукацыю. Трэба паступаць ва ўніверсітэты, у інстытуты. Як бы цяжка ні было, але ж адукацыя павінна быць на першым месцы. Я лічу, што поле дзейнасьці ў іх – у атрыманьні адукацыі”.

Яўген Ваўкавец пагаджаецца зь меркаваньнем Аляксандра Валчаніна й кажа, што мае пляны на працяг навучаньня. Але пакуль ён чакае вызваленьня з турмаў усіх астатніх удзельнікаў нядаўніх апазыцыйных акцый у Менску:

(Ваўкавец: ) “Канешне, я буду сачыць за імі. Можа якую перадачку перадам абавязкова. Таксама я буду назіраць за менчукамі. Таму што я там сядзеў і там засталіся хлопцы, якія яшчэ сядзяць “на сутках”. І абавязкова іх сустрэнем – ня толькі жодзінскіх, а й менскіх”.
XS
SM
MD
LG