Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч і Вячорка камэнтуюць дэбаты ў Эўрапарлямэнце па Беларусі


Радыё Свабода Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка сёньня былі гасьцямі Эўрапарлямэнту, які абмяркоўваў прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і сытуацыю, што склалася пасьля іх.

Заўтра Эўрапарлямэнт будзе прымаць рэзалюцыю, у якой падрыхтаваныя прапаноны аб візавых санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў, якія фальшавалі выбары і ажыцьцяўлялі рэпрэсіі супраць прыхільнікаў пераменаў. Аляксандар Мілінкевіч выказаў “Свабодзе” свае ўражаньні ад сёньняшніх дэбатаў у Эўрапарлямэнце:

(Мілінкевіч: ) “Уражаньні ў мяне проста выдатныя, я думаю, што даўно не было ў Эўрапейскім парлямэнце такога аднадумства. Гэта нават нагадвае часы Савецкага Саюзу. Усе фракцыі, незалежна ад таго - левыя яны ці правыя, адназначна ацэньваюць сытуацыю на Беларусі, і той дакумэнт, што заўтра мае быць прыняты, ён фактычна не выклікае дыскусіі, усе толькі выказваліся, як далей разьвіваць адносіны з Беларусьсю, як падтрымліваць дэмакратычныя працэсы ў нашай краіне. Апрача таго, у нас былі сустрэчы ва ўсіх фракцыях. Усе аднолькава зацікаўленыя ў тым, каб супрацоўнічаць на карысьць беларускай справе, большасьць дэпутатаў сядзіць зь бела-чырвона-белымі шалікамі на якіх напісана “Салідарнасьць зь Беларусьсю”.

Аляксандар Мілінкевіч заўтра выступіць у камітэце Эўрапарлямэнту па міжнародных справах. Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што ён з прыемнасьцю даведаўся, што Вітаўтас Ландзбэргіс і іншыя дэпутаты Эўрапарлямэнту шмат зрабілі для таго, каб у сьвеце стала вядома і пра ягоны арышт і пра арышт іншых прыхільнікаў пераменаў у Беларусі:

(Вячорка: ) “Безумоўна, што гэта для мяне сьведчаньне сапраўднай салідарнасьці, якая грунтуецца на нашых агульных эўрапейскіх каштоўнасьцях. Я павінен сказаць, што прыехаў у трошкі іншы Эўрапарлямэнт і Эўракамісію. Памятаю, колькі даводзілася пераконваць і парлямэнтароў розных фракцыяў, што Беларусь – гэта не змарнаваная эўрапейская справа, што Беларусь – гэта эўрапейская праблема і кавалак эўрапейскай будучыні. І ў Эўракамісіі даводзілася пераконваць, што думаць пра Беларусь, выпрацоўваць практычныя рычагі ўплыву на беларускую сытуацыю – гэта ў інтарэсах усёй вялікай Эўропы. Сёньня пад час дыскусіі рознагалосьсяў не было. Прадстаўнікі вялікіх і малых фракцыяў гаварылі адной мовай. Перакананы, што заўтра рэзалюцыя будзе ухваленая аднадушна. Але гэта зусім не тое аднадушша, што пануе ў лукашэнкавым псэўдапарлямэнце”.
XS
SM
MD
LG