Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Марыюша Машкевіч перанёс акцыю пратэсту да амбасады Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Бацька Марыюша Машкевіча – Ежы Машкевіч, які ў аўторак раніцай пачаў галадоўку дамагаючыся вызваленьня свайго сына, вырашыў працягнуць акцыю каля будынку беларускай амбасады. Спадар Машкевіч пакуль адчувае сябе добра.

Галадоўка Ежы Машкевіча выклікала ў Польшчы вялізны розгалас – ад паведамленьня пра гэта пачыналіся ўчора галоўныя выпускі навінаў вядучых тэлеканалаў і радыёстанцыяў.

Спадар Машкевіч кажа, што першую частку сваёй задачы выканаў – пра тое, што ягонага сына працягвае трымаць у сваіх руках беларускі рэжым, даведалася ўся краіна, а ўлады пачалі актыўныя захады ў справе ягонага вызваленьня.

(Машкевіч: ) “Я вельмі ўдзячны ўсім журналістам, у тым ліку і Радыё Свабода, за падтрымку, інфармацыю і канкрэтныя пытаньні”.

Ежы Машкевіч кажа, што ягоны сын ўжо ведае пра галадоўку бацькі і вельмі занепакоены гэтым з увагі на ягоны стан здароўя. Але на пытаньне пра самаадчуваньне, адказвае коратка – добра.

(Машкевіч: ) “Добра адчуваю сябе”.

Ежы Машкевіч не спадзяецца, што нехта зь беларускай амбасады выйдзе да яго ці перадасьць нейкую інфармацыю, але свайго сына пасьля выхаду з турмы і вяртаньня на радзіму хоча павітаць менавіта тут.

(Машкевіч: ) “Тут, каля гэтай амбасады, я буду знаходзіцца да канца, бо менавіта тут хачу сустрэць сына пасьля вызваленьня – няхай бачаць, у гэтым сымбалічным месцы”.

Спадар Машкевіч сёньня ізноў сустракаўся з прэм’ер-мінсітрам Польшчы Казімежам Марцінкевічам.

(Машкевіч: ) “Мне вельмі прыемна, што прэм’ер асабіста заклапочаны гэтай праблемай. Ён выказаў мне свае спачуваньні, а таксама казаў, што абураны адказам Лукашэнкі на ягоны ўчорашні заклік вызваліць Марыюша”.

Маленькая дачка Марыюша Машкевіча Матыльда перадала дзеду зробленую ўласнымі рукамі паштоўку з надпісам да таты, што сумуе безь яго – каб, калі гэта будзе магчыма, хаця б прачытаць яму гэта па тэлефоне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG