Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт падрыхтаваў 6 праектаў рэзалюцыі па Беларусі [фота]


Радыё Свабода У Эўрапарлямэнце адбыліся дэбаты наконт выбараў у Беларусі і сытуацыі пасьля іх. Палітычныя групы падрыхтавалі 6 праектаў рэзалюцыі. Галасаваньне па іх адбудзецца заўтра. Большасьць тых, хто выступаў сёньня, не прызнавалі выбары прэзыдэнта Беларусі легітымнымі, заклікалі да санкцыяў супраць тых, хто парушаў законы, ды заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў. Раней сёньня прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Жазэп Барэль вітаў лідэра аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.

Большасьць эўрадэпутатаў, якія выступалі ў дэбатах па сытуацыі па Беларусі, апранулі бел-чырвона-белыя шалікі на знак салідарнасьці зь беларускім народам.

Такі ж шалік мелі віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Яцак Сарыюш-Вольскі, які вёў паседжаньне, а таксама Аляксандар Мілінкевіч і Вінцук Вячорка, якія былі запрошаныя ў якасьці госьцяў. Некаторыя дэпутаты выказвалі надзею, што зь цягам часу прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі будуць сядзець у гэтай залі ў якасьці эўрапарлямэнтароў.

Прадстаўнік аўстрыйскага старшынства Эўразьвязу Ганс Вінклер заявіў, што беларускія выбары былі абцяжараныя парушэньнямі дэмакратычных прынцыпаў, і Рада Эўразьвязу вымушаная будзе ўвесьці санкцыі супраць усіх тых, хто адказвае за гэта, а з другога боку ухваліць крокі для падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Апрача таго спадар Вінклер заклікаў не стамляцца ў выказваньні пратэсту супраць палітычна матываваных арыштаў у Беларусі.

Эўракамісар у замежных сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр працягнула тэму магчымых санкцыяў:

(Фэрэра-Вальднэр: ) “Будуць уведзеныя выбарачныя санкцыі, якія не закрануць насельніцтва, але сапраўды паўплываюць на тых, хто адказны за фальшаваньне выбараў. Што да будучыні, мы павінны надалей падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць, насельніцтва, але імкнуцца пры гэтым не працаваць з урадам Беларусі альбо працаваць так мала наколькі гэта магчыма”.

Спадарыня Фэрэра-Вальднэр выказала захапленьне мужнасьцю дэмакратычныя сіл Беларусі.

Ад імя групы хрысьціянскіх дэмакратаў выступіў Богдан Кліх:

(Кліх: ) “Калі мы не прызналі гэтыя выбары дэмакратычнымі, то павінны настойваць, што яны не даюць А. Лукашэнку мандату на трэці тэрмін прэзыдэнцтва. Таму мы мусім адназначна дамагацца паўтарэньня выбараў, чаго даўно патрабуе беларуская апазыцыя”.

Богдан Кліх заклікаў падоўжыць ліст службовых асоб у Беларусі, супраць якіх будуць ужытыя санкцыі Эўразьвязу, а адначасова аблегчыць візавы рэжым для звычайных беларускіх грамадзян.

Жорстка выказаўся прадстаўнік Літвы Вітаўтас Ландсбэргіс, які назваў А. Лукашэнку падобным да губэрнатара, прызначанага расейскім кіраўніцтвам, што падтрымлівае дыктатараў па ўсім СНД.

(Ландсбэргіс: ) “Калі мы ня хочам зьнікненьня спадара Мілінкевіча ў будучым, што ўжо адбывалася ў Беларусі зь лідэрамі апазыцыі, правільным крокам будзе міжнароднае дасьледаваньне гэтых злачынстваў тэрарыстычнага рэжыму ў Беларусі, што папярэдзіць новыя такія выпадкі. Вось цяпер Вінцук Вячорка тут, часова вызвалены з турмы, але ніхто ня ведае, што можа здарыцца зь ім у любы дзень”.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту настойвалі таксама на неабходнасьці ціску на Расею, каб тая зьмяніла сваё стаўленьне да рэжыму ў Менску.


Віцэ-сьпікер Яцак Сарыюш-Вольскі выступае зь беларускай сымболікай


Богдан Кліх таксама павязаў бел-чырвона-белы шалік


Бэніта Фэрэра-Вальднэр: "Я наўпрост даведалася, што на сэрцы беларускага народу"

Гл.таксама • Эўрапарлямэнт выказаў салідарнасьць з дэмакратычнай Беларусьсю • Віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту: Беларусь – асноўная праблема Эўропы • Эўрапарлямэнтары напісалі адкрыты ліст да беларускай апазыцыі • Канцлер Аўстрыі заклікае ЭЗ дапамагчы апазыцыі ў Беларусі • Бел-чырвона-белая атрыбутыка зьявілася ў Эўрапарлямэнце
XS
SM
MD
LG