Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нідэрлянды ўводзяць больш жорсткія патрабаваньні для імігрантаў


Радыё Свабода Калі вы не гаворыце на галяндзкай мове, і вам не падабаюцца нудысцкія пляжы ці гомасэксуальныя шлюбы, то тады Нідэрлянды – не для вас. Гэтак кажуць галяндзкія іміграцыйныя ўлады, якія нядаўна ўвялі найбольш жорсткія ў Эўропе правілы для імігрантаў. Некаторыя эўрапейскія дзяржавы бяруць іх за прыклад, рэагуючы на павелічэньне антыэмігранцкіх настрояў сярод выбарнікаў на кантынэнце.

Міністарка ў справах іміграцыі Рыта Вердонк кажа, што ў Нідэрляндах больш за 600 тысячаў чалавек, якія добра не валодаюць галяндзкай мовай, у большасьці, гэта беспрацоўныя.

Паводле міністаркі, Нідэрлянды больш ня могуць дазволіць сабе прымаць імігрантаў, якія не інтэгруюцца ў грамадзтва, і менавіта таму ў мінулым месяцы была прынятая новая абмежавальная сыстэмы выдачы візаў.

Патэнцыйныя імігранты, які зьвяртаюцца па візы для сталага жыхарства ў Нідэрляндах, павінны будуць прайсьці гэтак званую “грамадзянскую экспэртызу інтэграцыі”, перш чым яны прыбудуць у гэтую краіну.

Найперш гэта тэст на веданьне галяндзкай мовы ў амбасадзе Нідэрляндаў у сваёй краіне. Па-другое, экзамэн на сумяшчальнасьць з галяндзкімі лібэральнымі каштоўнасьцямі, які ўключае ў сябе прагляд фільму, дзе паказваюць пацалункі гомасэксуалістваў і сцэны на нудысцкім пляжы, які падкрэсьлівае, што гэта ёсьць часткай нармальнага жыцьця ў Нідэрляндах.

Дэманстрацыя фільму выклікала найбольш пярэчаньняў. Апанэнты новага закону кажуць, што гэта робіцца наўмысна, каб абразіць і адпаведна выключыць набожных мусульманаў. Урад гэта адмаўляе.

Большасьць з 600 000 беспрацоўных імігрантаў – гэта мусульмане, галоўным чынам турэцкага і мараканскага паходжаньня. На працягу многіх гадоў галяндзкае грамадзтва было вядомае сваім заахвочваньнем мультыкультураў і талерантным стаўленьнем да моваў і традыцыяў мігрантаў. Аднак у адпаведнасьці з апытаньнямі, у апошнія гады грамадзкая думка ў Нідэрдяндах зьмянілася.

Гаворыць прафэсар амстэрдамскага ўнівэрсытэту Майндэрт Фэнэма:

(Фэнэма: ) "Мы маем дадзеныя, пачынаючы ад 1994 году, якія сьведчаць, што каля 90 адсоткаў галяндзкага насельніцтва станоўча адказвае на пытаньне, ці хацелі б вы правядзеньня палітыкі, скіраванай на большую асыміляцыю. І такіх станоўчых адказаў крыху паболела за апошняе дзесяцігодзьдзе”.

Забойства вядомага сваімі лібэральнымі фільмамі галяндца Тэо ван Гога ў 2004 годзе грамадзянінам Нідэрляндаў мараканскага паходжаньня стала, так бы мовіць, каталізатарам. І цяпер многія палітычныя дзеячы і аналітыкі папярэджваюць, што галяндзкія каштоўнасьці знаходзяцца пад пагрозай. У бальшыні выпадкаў пагроза зыходзіць ад неасыміляваных мусульманаў.

Спэцыялісты ў сфэры міграцыі лічаць, што новае іміграцыйнае заканадаўства спыніць, так бы мовіць, “імпарт” жонак з родных краінаў мігрантаў, і такім чынам спыніць цыкль неасыміляцыі.

У адпаведнасьці з новым заканадаўствам, тыя, хто хочуць эмігрыраваць у Нідэрлянды да жонкі ці мужа, павінны будуць здаць іспыт на веданьне мовы і талерантнасьць.

Апанэнты новага закону лічаць, што гэта дыскрымінацыя. Да таго ж тэст каштуе даволі дорага – 350 эўра, якія трэба заплаціць загадзя.

Выказваюцца меркаваньні, што новае заканадаўства накіраванае з першую чаргу супраць мусульманскіх мігрантаў, бо такія тэсты ня трэба здаваць імігрантам з ЗША, Канады, Аўстраліі й Японіі.

Аднак міністарка ў справах іміграцыі Рыта Вэрдонк адкідае абвінавачаньні, што новыя правілы пашкодзяць рэпутацыі Нідэрляндаў як адкрытай нацыі. Паводле апошніх дадзеных ААН, іміграцыя сёньня забясьпечвае каля 75 працэнтаў прыросту насельніцтва ў эканамічна разьвітых краінах.
XS
SM
MD
LG