Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З жодзінскай турмы выйшлі на волю яшчэ 7 палітвязьняў


Радыё Свабода Сёньня ўначы з жодзінскай турмы выйшлі на волю 7 палітвязьняў, якія адбывалі тут 12-суткавы арышт. Усе яны былі затрыманы ўначы з 23-га на 24-га сакавіка падчас гвалтоўнай ліквідацыі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Сьцены жодзінскай турмы сёньня пакінулі шасьцёра хлопцаў і адна дзяўчына: Аляксей Більдзюк, Мікіта Красноў, Алег Гнечык, Сяргей Шмялёў, Віктар Грынчык, Зьміцер Завадзкі й Станіслава Гусакова. Усе яны лічаць свой 12-суткавы арышт беспадстаўным. Вось што расказала 18-гадовая студэнтка першага курсу Беларускага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Станіслава Гусакова, якую пакараў зьняволеньнем Ленінскі суд Менску:

(Гусакова: ) “Затрымалі, таму што я, быццам, нешта ня так сказала. На жаль, і сьцягам я не магла размахваць — у руках быў тэрмас. Наш міліцыянт, які быў у мяне сьведкам, даводзіў, што я выкрыквала лёзунгі “Луку на мыла!” ды іншыя нецэнзурныя лёзунгі. Судзьдзя яго падтрымала. Я сказала, што ніхто мне індывідуальных заўваг не рабіў, і ўвогуле я вось гэтага маладога чалавека бачу ўпершыню — нават затрымліваў мяне ня ён. Судзьдзя дала мне за гэта 12 сутак. Дзяўчыне, якая са мной сядзела, далі 15 сутак. Ёй наагул задалі толькі адно пытаньне: “Колькі табе заплацілі?” Яна адказала: “Мне не плацілі. Я — не залётная, я — ідэйная”. “Ах, ідэйная… — 15 сутак”.

Станіслава Гусакова цьвердзіць, што захавала бадзёры настрой і жаданьне працягваць змаганьне за праўду. Гэткі ж настрой і ў 19-гадовага кампутаршчыка Віктара Грынчыка, які падчас акцыі на Кастрычніцкай плошчы ўпершыню далучыўся да дэмакратычнага руху. Ён нават не шкадуе, што апынуўся ў турме, бо тут — кажа — знайшоў сяброў-аднадумцаў:

(Грынчык: ) “Пасьля таго, як з 10-цю суткамі многія пайшлі, да нас перавялі іншых хлопцаў, з іншых камэр. Але ўсё роўна адчувалася адзінства. То бок, людзі там былі зьяднаны адной прыемнай ідэяй. Мы заўжды разумелі адзін аднаго з паўслова. Такой кампаніі, напэўна, нідзе не сустрэнеш ува ўсёй Беларусі”.

Віктара Грынчыка ды іншых палітвязьняў разам з іхнымі сваякамі й сябрамі сустракалі сёньня ля сьцен жодзінскай турмы й мясцовыя актывісты дэмакратычнага руху. Да прыкладу, Зьміцер Чарткоў:

(Чарткоў: ) “Калі б мы выходзілі ў якім-небудзь горадзе й нас ніхто не сустрэў ці нейкія накладкі былі з транспартам — незнаёмы горад, ноч… Таму мы вырашылі дапамагаць нашым сябрам — такім жа, як і мы, якія робяць агульную з намі справу”.

Спадар Чарткоў зьбіраецца й надалей сустракаць палітвязьняў ля сьцен мясцовай турмы — пакуль ня выйдуць усе рэпрэсаваныя за ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG