Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За словы зь Бібліі на плякаце — 5.5 мільёнаў рублёў штрафу


Радыё Свабода, Віцебск Віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду аштрафавалі на 180 базавых велічыняў за тое, што 20-га сакавіка, пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, ён выйшаў у цэнтар гораду з плякатам “Той, хто вытрымае ўсё, — уратуецца!”

Словы з Эвангельля ад Мацьвея, напісаныя на плакаце, міліцыянты з Чыгуначнага райаддзелу зразумелі як “выказваньне грамадзкіх і палітычных інтарэсаў”, што й было запісана ў пратаколе пра затрыманьне. З гэтым меркаваньнем пагадзіўся й судзьдзя Чыгуначнага райсуду Юры Урбан, які аштрафаваў спадара Хамайду на 5 мільёнаў 580 тысяч рублёў за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

Барыс Хамайда свае віны не прызнаў і з пастановаю судзьдзі ня згодзен.

(Хамайда: ) “Я лічу, што словы Бібліі гавораць пра цярпеньне, заклікаюць людзей, каб пацярпелі, пакуль прыйдзе перамога. А судзьдзя падводзіць іх пад азначэньне пікету, нібыта яны выказваюць пэўны грамадзка-палітычны інтарэс. Ведаеце, я не хаджу ні ў сынагогу, ні ў іншы храм, але бог у мяне вось тут, у сэрцы. Мой прадзед быў рабінам у Вяліжы, ува ўзросьце 54 гадоў ён памёр пасьля Кастрычніцкага перавароту. Звалі яго — Пэйсах Штэйнгарт. Так што карані ідуць адтуль, і я веру ў Бога, веру, што ён дапаможа і кожнаму асобна, і ўсёй Беларусі. Я сапраўды ў гэта веру!”

Штрафу за словы зь Бібліі на плякаце спадар Хамайда плаціць не зьбіраецца. Зрэшты, як і ўсе папярэднія штрафы, налічаныя яму з 1996-га году. Бо суды, сфармаваныя пасьля зьмены Канстытуцыі ў 1994-м годзе, ён ня лічыць легітымнымі, а таму не прызнае іхных рашэньняў. З тае самае прычыны ён не зьвяртаецца й да органаў улады па дазволы на свае акцыі. Адзінае, на што спадар Хамайда змушаны згаджацца, — арышты за палітычную дзейнасьць. Апошні такі арышт на 7 сутак закончыўся толькі 1-га красавіка — за арганізацыю віншавальнага пікету на Дзень Волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG