Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт выказаў салідарнасьць з дэмакратычнай Беларусьсю


Радыё Свабода Сёньня ў Страсбуры на пачатку пленарнага паседжаньня Эўрапарлямэнту ягоны прэзыдэнт Жазэп Барэль вітаў лідэра аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, які прыехаў назіраць за дэбатамі адносна выбараў і пасьлявыбарчай сытуацыі ў Беларусі. Многія эўрадэпутаты на знак салідарнасьці зь Беларусьсю мелі бел-чырвона-белыя шалікі.

Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Жазэп Барэль упрыгожыў свой пінжак бел-чырвона-белай хустачкай. Бела-чырвона-белыя шалікі з надпісам “Салідарнасьць зь Беларусьсю” прывезьлі польскія дэпутаты з групы Эўрапейскай народнай партыі. Насілі гэтыя шалікі найперш дэпутаты з краінаў, што суседзяць зь Беларусьсю, а таксама прадстаўнікі Нямеччыны, Фінляндыі ды іншых дзяржаваў, паведаміла “Свабодзе” дэпутатка ад Польшчы Барбара Кудрыцкая:

(Кудрыцкая: ) “Магу паведаміць, што такія самыя дзеяньні мы рабілі падчас аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. І цяпер тут столькі ж бел-чырвона-белых шалікаў, як было аранжавых, альбо нават болей”.

Спадарыня Кудрыцкая паведаміла, што выступіць у Страсбуры з прамовай аб беларускай тоеснасьці і ейным выяўленьні на Кастрычніцкай плошчы Менску. Праект рэзалюцыі па Беларусі Барбара Кудрыцкая ацаніла як вельмі востры:

(Кудрыцкая: ) “Яна падштурхоўвае да вельмі канкрэтных дзеяньняў Эўрапейскую камісію і Раду Эўразьвязу, заклікае да міжнароднага супрацоўніцтва ў справе дэмакратызацыі Беларусі, не абыходзячы і Расеі, якая ў ХХІ стагодзьдзі, калі мы маем новую Эўропу, павінна праводзіць супольную палітыку адносна Беларусі”.

На паседжаньні перад дэпутатамі выступіў прэзыдэнт Рады Эўразьвязу канцлер Аўстрыі Вольфганг Шусэль, зь якім Аляксандар Мілінкевіч сустракаўся ў панядзелак. Ён высока ацаніў тое, што было зроблена беларусамі падчас выбарчай кампаніі й пасьля яе, ды заклікаў усіх падтрымліваць беларускую дэмакратыю.

Падчас абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі дэпутат ад Польшчы Яцэк Сар’юш-Вольскі прапанаваў не прызнаваць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і пайсьці на канкрэтныя крокі:

(Сар’юш-Вольскі:) “Стварыць фонд салідарнасьці і падтрымкі Беларусі, які б кіраваўся няўрадавымі арганізацыямі. Істотна, а не сымбалічна, як дагэтуль, забясьпечыць прыём у Беларусі эўрапейскага тэлебачаньня і радыё, якія будуць рэдагавацца самімі беларусамі. Далучыць Беларусь, яе грамадзянскую супольнасьць да некаторых праграмаў Эўразьвязу — такіх, як праграма студэнцкіх абменаў “Эразмус”, і нарэшце, павялічыць дыпляматычную прысутнасьць Эўразьвязу і краінаў-сябраў у Менску”.

Заўтра ў Эўрапарлямэнце будуць галасаваць па рэзалюцыі наконт Беларусі. Чакаюць, што ў гэтым дакумэнце будуць ацэнены прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, забаронены ўезд беларускім чыноўнікам у краіны Эўразьвязу, а таксама будуць палажэньні наконт актываў і грошай Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандар Мілінкевіч падчас свайго візыту ў Страсбур даў інтэрвію тэлеканалу “Эўраньюс”, у якім сказаў, што дэманстрацыі, якія адбыліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, далі людзям надзею. “Я веру, што пасьля галасаваньня вельмі шмат людзей у Беларусі, шмат нашых грамадзянаў пераадолелі страх, што існуе ў нашай краіне. Сёньня яны могуць змагацца за свой гонар і за сваю будучыню. Гэта ёсьць вялікім вынікам і дасягненьнем для нас, — сказаў Аляксандар Мілінкевіч. — Цяпер апазыцыя прадбачыць масавы пратэст, які можа адбыцца ў той час, калі Аляксандар Лукашэнка будзе трэці раз даваць прысягу ў гэтыя выходныя”.


Віцэ-сьпікер Яцак Вольскі выступае зь беларускай сымболікай


Богдан Кліх таксама павязаў бел-чырвона-белы шалік


Бэніта Фэрэра-Вальднэр: "Я наўпрост даведалася, што на сэрцы беларускага народу"

Гл.таксама • Віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту: Беларусь – асноўная праблема Эўропы • Эўрапарлямэнтары напісалі адкрыты ліст да беларускай апазыцыі • Канцлер Аўстрыі заклікае ЭЗ дапамагчы апазыцыі ў Беларусі • Бел-чырвона-белая атрыбутыка зьявілася ў Эўрапарлямэнце
XS
SM
MD
LG