Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыюш Машкевіч прабудзе ў рэанімацыі да канца тыдня


Радыё Свабода Былы амбасадар Польшчы Марыюш Машкевіч па-ранейшаму застаецца ў аддзяленьні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі першага гарадзкога клінічнага шпіталю. Мяркуецца, што ў рэанімацыі ён прабудзе да канца тыдня.

Палатны лекар Марыюша Машкевіча Аляксей Ляшэнка дакладны дыягназ па тэлефоне назваць адмовіўся — мэдычная таямніца. Але пра ўмовы ўтрыманьня, адчуваньне спадара Машкевіча распавёў: ён ляжыць у асобнай палаце, дзе кругласуткава дзяжурыць мэдсястра, пад дзьвярыма знаходзіцца міліцыянт. Гаворыць лекар-рэаніматоляг Аляксей Ляшэнка.

(Ляшэнка: ) “Я магу сказаць, што траўмы бачны, драпіны. Але тое, што зь ім здарылася, нельга зьвязваць з пабоямі. Гэта псыхаэмацыйны стрэс. Цяпер ён адчувае сябе нядрэнна. Ну, нядрэнна — гэта азначае добра. Стан сярэдняй цяжкасьці. Магчыма, 7 красавіка ад нас ён выпішацца”.

(Карэспандэнтка: ) “На далейшае вашы рэкамэндацыі — яму трэба працягваць лекаваньне?”

(Ляшэнка: ) “Ня толькі лекаваньне працягваць, але абсьледавацца далей. Ёсьць сучасныя мэтады абсьледаваньня сэрца. Безумоўна, яму неабходна абсьледавацца — тым больш, у ягоным узросьце, калі ёсьць такое захворваньне”.

Наведнікаў у рэанімацыю не пускаюць — гэта агульнае правіла. Але, з дазволу Міністэрства аховы здароўя, да Машкевіча пусьцілі польскага консула. Гаворыць прэс-аташэ амбасады Польшчы ў Беларусі Моніка Садкоўска.

(Садкоўска: ) “Яму зрабілі ўсе патрэбныя мэдычныя абсьледаваньні, УЗІ, рэнтген, кардыяграму, розныя аналізы. Так што цяпер стан здароўя стабільны. У яго ўчора быў консул, сёньня ўвечары ён таксама будзе наведваць спадара Машкевіча”.

Адна дасьведчаная мэдсястра распавяла Радыё Свабода крыху болей пра захворваньне Машкевіча.

(Мэдсястра: ) “У яго пацьвярджаецца дробнаачаговы інфаркт. І яго трымаюць у рэанімацыі не таму, што месцаў няма ў інфарктным аддзяленьні, — гэта няпраўда. Там сапраўды дробнаачаговы інфаркт. Тым часам добра, што ён трапіў у рэанімацыю, а не ў звычайнае аддзяленьне. У рэанімацыі ёсьць мэдсястра ў кожнай палаце — яна пастаянна знаходзіцца з хворым побач”.

(Карэспандэнтка: ) “Чым гэта небясьпечна?”

(Мэдсястра: ) “Дробнаачаговы інфаркт лякуецца. Прычым, магчыма ён зарубцуецца й назаўсёды. Калі б, ня дай Бог, там быў трансмуральны інфаркт, які праз усю сьценку міякарда праходзіць, то гэта было б небясьпечна. А так, я думаю, пагрозы для жыцьця няма”.

Сёньня прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч заклікаў Аляксандра Лукашэнку неадкладна вызваліць былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча. Свае захады робіць і амбасада Польшчы ў Рэспубліцы Беларусі — цьвердзіць прэс-аташэ Моніка Садкоўска.

(Садкоўска: ) “Мы накіравалі ў МЗС Беларусі ноту, у якой просім дапамагчы, каб спадар Машкевіч змог паехаць у Польшчу працягваць лекаваньне й каб ён быў вызвалены ад далейшага адбыцьця пакараньня — з такога стану здароўя”.

Пасьля выпіскі са шпіталю, паводле беларускага заканадаўства, асуджаныя да арышту мусяць адбыць тэрмін пакараньня да канца. Такім чынам, Марыюшу Машкевічу пагражае яшчэ 10 дзён знаходжаньня ў турме на Акрэсьціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG