Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да турмы на Акрэсьціна прыходзяць былыя палітвязьні


Радыё Свабода Да менскай турмы на вуліцы Акрэсьціна працягваюць прыходзіць людзі зь перадачамі для палітычных вязьняў, арыштаваных у Менску падчас акцыяў пратэсту. Некаторыя зьняволеныя ня маюць блізкіх сваякоў альбо тыя жывуць далёка, таму ім дапамагаюць сябры.

Сярод іншых на Акрэсьціна прыходзяць былыя насельнікі турмы, якіх арыштавалі падчас разгрому намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Свой тэрмін зьняволеньня яны адбылі, а цяпер прыходзяць падтрымаць сяброў.

(Курзоў: ) “Мяне завуць Курзоў Глеб. Мне далі 10 сутак, якія я адбываў на Акрэсьціна. А цяпер насіў хлопцам перадачу, бо адзін зь іх сірата, яму ўвогуле няма каму перадачу зрабіць, а ў іншага хлопца проста непаразуменьне з бацькамі”.

(Севярына: ) “Мяне завуць Тацяна Севярына, а прыходзіла да Івана Бурыкіна разам з маім сябрам. Я яго ніколі ў жыцьці ня бачыла, ня ведаю яго, але была на ягоным месцы і ведаю, што гэта такое. А мне ж яшчэ й пашанцавала — толькі чацьвёра сутак адседзела”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія пачуцьці вы перажывалі там?”

(Севярына: ) “Думаю, што ў нашай краіне цяпер самае свабоднае месца — турма. Бо там свабодныя людзі, аднадумцы, якія падтрымліваюць адзін аднаго”.

(Курзоў: ) “Падтрымка — гэта галоўнае. Калі б не было падтрымкі, то я ня ведаю, што б мы рабілі. Калі я выйшаў і даведаўся, наколькі складана было зрабіць перадачу, то я проста падзівіўся мужнасьці ўсіх гэтых людзей. Вельмі вялікая падтрымка сяброў з унівэрсытэту. Яны хадзілі ў дэканат, размаўлялі з выкладчыкамі. Канечне, ёсьць настаўнікі, якія адмоўна ставяцца да ўсяго, што адбылося, але ўвогуле людзі падтрымліваюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Які настрой на будучыню: пэсымістычны ці больш аптымізму?”

(Севярына: ) “Я спадзяюся, што мы стаялі не дарэмна”.

(Курзоў: ) “Аднойчы трэба было пераадолець гэты страх. А ўвогуле ў грамадзтве адбыўся зрух і зьмены будуць — у лепшы бок”.

Студэнты БДУ, якія выступаюць у студэнцкім тэатры, таксама прынесьлі перадачу свайму зьняволенаму сябру.

(Юначка: ) “Мы студэнты, разам граем у студэнцкім тэатры. Забралі нашага калегу з тэатру, далі 15 сутак, і вось мы да яго пазьменна ходзім”.

(Карэспандэнтка: ) “Як удаецца абыходзіцца без актора?”

(Юначка: ) “Цяжка. У нас пакуль што прастой. Вось чакаем, пакуль ён выйдзе — і адразу ж будзем спэктакль ставіць”.

(Іншая юначка: ) “Вельмі сымбалічна, што 27 сакавіка, Дзень тэатру, мы адзначалі вось тут, пад сьценамі гэтай турмы, бо перадавалі яму перадачу”.

(Карэспандэнтка: ) “У вашым тэатры як ставяцца да таго, што адбылося?”

(Юначка: ) “Вось мы прыходзім, і гэта самае галоўнае”.

(Іншая юначка: ) “Мы яго падтрымліваем, як можам, бо ён адзіны ў нас за ўсіх адседжвае”.

(Юнак: ) “Я ўвогуле не магу зразумець, як такое можа здарыцца, каб у ХХІ стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы людзей арыштоўвалі за тое, што яны выказваюць сваю думку, за тое, што яны хочуць свабоды”.

(Карэспандэнтка: ) “Пасьля ўсяго, што адбылося, ці ня страшна вам асабіста?”

(Юначка: ) “Не, мне асабіста ня страшна. Ніколі не было, ня страшна цяпер, і ніколі ня будзе страшна”.
XS
SM
MD
LG