Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч правёў у Страсбуры сустрэчы з кіраўнікамі Эўразьвязу


Радыё Свабода Падчас знаходжаньня ў Страсбуры на сэсіі Эўрапарлямэнту лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка сустрэліся з эўракамісарам у замежных сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва Бэнітай Фэрэрай-Вальднэр і кіраўніком замежнай палітыкі Эўразьвязу Хавіерам Салянам.

На сустрэчах, паводле словаў Аляксандра Мілінкевіча, абмяркоўвалі, што можа зрабіць Эўразьвяз для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі.

(Мілінкевіч: ) “Вельмі цёплыя сустрэчы, значна лягчэй размаўляць сёньня, бо ўвага да Беларусі як ніколі вялікая і паінфармаванасьць людзей, якія кіруюць Эўразьвязам, высокая. Нам ня трэба тлумачыць, што і як адбываецца — адразу пераходзім да таго, што трэба рабіць… Яны больш слухалі і выказвалі сваё разуменьне сытуацыі. Для іх было важна тое, што прадэманстраваў беларускі народ у Менску, што ён можа змагацца. Яны разумеюць, што справа дэмакратыі — гэта справа беларусаў, а не Эўразьвязу, а Эўропа можа толькі падтрымліваць. І калі беларусы дэманструюць волю і сьмеласьць — гэта надзвычай важна для нашых кантактаў”.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, кіраўніцтва Эўразьвязу падтрымлівае рэзалюцыю Эўрапарлямэнту адносна Беларусі, якая сёньня і заўтра разглядаецца ў Страсбуры. Падтрымалі яны й прапанову пэрсанальных санкцыяў супраць тых, хто парушаў законы ў Беларусі падчас выбарчай кампаніі.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка, які прысутнічаў на сустрэчах, згадаў, што Хавіер Саляна сярод іншага нэгатыўна адрэагаваў на адмову афіцыйнага Менску адпусьціць арыштаванага польскага экс-амбасадара Марыюша Машкевіча.

(Вячорка: ) “Размовы і са спадарыняй Фэрэра-Вальднэр, і са спадаром Салянам ня мелі абсалютна ніякага фармальнага характару – цяпер гэта жывы ўдзел, жывыя прапановы і супольнае фармуляваньне таго, што рабіць. Ну, а спадар Саляна — ён увогуле чалавек вельмі энэргічны і ўчэпісты, ён добра арыентуецца ў беларускай сытуацыі, і зноў-такі гаворка насіла хутчэй фармат такой сяброўскай нарады, што і як рабіць далей. І ўсе зыходзяць з таго, што 19-га дня не закончылася гісторыя, а наадварот, яна толькі пачынаецца”.

Паводле Вінцука Вячоркі, Бэніта Фэрэра-Вальднэр падтрымала прапановы пашырыць альтэрнатыўную інфармацыйную прастору для Беларусі ды ўвесьці візавыя санкцыі для чыноўнікаў, што парушалі законы. Яна заявіла, што эўразьвязаўская дапамога Беларусі ня будзе болей ісьці празь беларускі ўрад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG